Свет і час на далоні

- 12:17Культура

Ёсць вялікі-вялікі свет. І ёсць маленькі-маленькі час. Калі разам сыходзяцца свет і час у адным месцы і ў адзін момант, адбываецца выбуховая рэакцыя. Свет сядае на далонь і пытаецца: “А што са мной будзе?” Час згортваецца ў пупышку: “А я ўвогуле буду?”

Свет і час сыходзіліся на далоні Беларусі неаднойчы. У ХVIІ і ХIX стагоддзях, у 1914 годзе, у 40-х гадах ХХ стагоддзя, у 1991 годзе… І пра гэта роўна праз 100 гадоў пасля пачатку Першай сусветнай вайны, якая разыгралася акурат на беларускай далоні, успомніла журы конкурсу на лепшы нацыянальны павільён на 56-й Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва. З прадстаўленых на конкурс 30 праектаў выйграў “Архіў сведкі вайны” (куратары — Аляксей Шынкарэнка і Вольга Рыбчынская, мастак — Канстанцін Селіханаў), які скарыў мастацтвазнаўцаў сваёй крэатыўнасцю і сацыяльнай значнасцю, а перадусім — чалавечнасцю.
Праект “Архіў сведкі вайны” выбудоўвае платформу, у якой наведвальнік праз актуальныя мастацкія стратэгіі (community making art, або participatory art, — “мастацтва ўзаемадзеяння”) становіцца сведкам гісторыі, стварае траекторыі яе развіцця. Іншымі словамі, гэты праект пра чалавека-сведку з’яў пазачасавага характару — пра вайну, канфлікт, боль іншага, пакуты, страх перад будучыняй, неабыякавасць. Глядач, які пагружаецца ў суперажыванне сусветных войнаў, становіцца ўдзельнікам падзей, якія адбыліся, праецыруе свае актуальныя рэакцыі і індывідуальнае ўспрыманне на гістарычны архіў, ствараючы пры гэтым гісторыі яго цяперашняга і будучага развіцця. Фіксуючы сваю рэакцыю ўнутры праекта, наведвальнік вызначае сваю сувязь з мінулым для будучыні.
Паводле Аквуі Энвезара, куратара 56-га Венецыянскага біенале, крохкі нявызначаны стан чалавека сёння падахвочвае яго шукаць адказы ў мінулым, зноў і зноў звяртацца да глабальных катастроф сусветнай гісторыі. Праект “Архіў сведкі вайны” фарміруе не толькі часавыя сувязі сучаснасці і гісторыі, але, размываючы гістарычныя межы, галасамі людзей з Беларусі выбудоўвае сцэнарыі будучыні.
Французскі куратар біенале і мастацкі крытык Нікаля Бурыо гаворыць пра тое, што “мастацтва ёсць месца, якое стварае спецыфічную прастору камунікацыі”. “Прастора камунікацыі” ў беларускім праекце ўзнікае на аснове фатаграфічнага архіва пераломных момантаў ХХ стагоддзя — Першай і Другой сусветных войнаў. Праз прамое ўзаемадзеянне з гістарычным матэрыялам, з экспертным меркаваннем, са сведчаннямі гледача праект ператвараецца ў інфармацыйную сістэму, якая дае магчымасць глядзець, дакранацца, слухаць, казаць і рэагаваць.
Беларускі павільён у Венецыі сімвалічна будзе прадстаўлены ў дзвюх перакрыжаваных плоскасцях. Вертыкальная будзе ўяўляць сабой візуалізацыю тэмы вайны па-за часам і геаграфіяй праз “невядомы” фотаархіў (“невядомы” мы наўмысна ўзялі ў двукоссе, бо гэта насамрэч рэальныя фотасведчанні ў статусе нацыянальнай памяці). Гарызантальная плоскасць — гэта прастора ўзаемадзеяння і фарміравання незабыўнага, моцнага ўражання ў гледача, якое ўзнікае ў выніку кантакту з архівам — арыгіналамі і копіямі фатаграфій, створаных падчас ваеннага канфлікту, а таксама праз знаёмства з гісторыямі, пакінутымі ўдзельнікамі праекта. Фатаграфічная відавочнасць прапаноўваецца гледачу як зыходны пункт для фарміравання ўнутранай карціны праекта. Апісваючы свае ўражанні і досвед, глядач тым самым пакідае сваю гісторыю, якая напрыканцы наведвання павільёна даецца яму ў выглядзе надрукаванай ці электроннай копіі. Чалавек пакідае павільён, адчуваючы, што ў яго на далоні змагаюцца яны — свет і час.
“Архіў сведкі вайны” будзе працаваць адначасова ў Венецыі і ў Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Фактычна ў кожнага наведвальніка МСВМ будзе магчымасць адначасова апынуцца ў сталіцы Беларусі і ў культурнай сталіцы Італіі. Трэба толькі ўбачыць, зразумець і адчуць. А потым — зірнуць на сваю далонь.
Дзве галоўныя лініі — гэта не лініі жыцця і смерці. Гэта Першая і Другая сусветныя… Угледзьцеся ў іх. Зірніце на тое, колькі прасторы вакол. Парукайцеся з любімым чалавекам. Але памятайце: паміж імі, унутры іх і па-за імі — мы.

Мікола ЧЭМЕР.