Лепшыя школьныя кабінеты гісторыі і грамадазнаўства вызначаны на Гродзеншчыне.
Школьны прадметны кабінет не проста памяшканне. Менавіта тут, калі спрыяе атмасфера, збіраецца кола аднадумцаў, тых, для каго, напрыклад, гісторыя становіцца не толькі ўрокам, а магчымасцю раскрыць сябе, свае здольнасці. У выніку арганізаваны тут адукацыйны працэс выходзіць за межы вывучэння прадмета, выліваецца ў праектную і інавацыйную дзейнасць, удзел у конкурсах, прыводзіць да перамог у іх і нават уплывае на выбар выпускнікамі будучай прафесіі.
Абласны агляд-конкурс кабінетаў гісторыі і грамадазнаўства ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што праходзіў у Гродзенскай вобласці, выявіў лепшыя напрацоўкі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу і пазашкольнай дзейнасці. Эфектыўны педагагічны вопыт па стварэнні і выкарыстанні рэсурсаў кабінетаў гісторыі і грамадазнаўства для фарміравання прадметных і метапрадметных кампетэнцый вучняў, павышэння якасці адукацыі сёння можа стаць прыкладам для іншых устаноў.
На конкурс былі прадстаўлены 32 прэзентацыйныя матэрыялы з 19 раёнаў вобласці. Члены журы ацэньвалі адукацыйны і метадычны ўзровень кабінетаў, пошук новых ідэй і інавацыйных падыходаў да арганізацыйна-метадычнага, дыдактычнага, матэрыяльна-тэхнічнага суправаджэння і да педагагічнага ўзаемадзеяння на базе прадметных кабінетаў.
Пераможцамі агляду-конкурсу кабінетаў гісторыі і грамадазнаўства сталі 18 устаноў адукацыі. Дыпломы І ступені атрымалі сярэднія школы гарадскога пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна, № 32 Гродна, № 2 Мастоў і № 2 Ашмян. Вопыт кожнай з гэтых устаноў адукацыі заслугоўвае ўвагі.
Упор на краязнаўства
Даволі часта менавіта кабінеты гісторыі становяцца своеасаблівым рэсурсным цэнтрам школы, дзе можна глыбей спазнаць мінулае свайго краю, акунуцца ў краязнаўчую дзейнасць, а гэта — магутны рэсурс для выхавання патрыятызму ў моладзі.
Такі кірунак дзейнасці выбралі ў сярэдняй школе № 2 Ашмян.
— Мы працуем комплексна, займаемся даследчай, праектнай дзейнасцю, аднак упор зроблены на краязнаўства, — расказала настаўніца гісторыі і краязнаўства загадчыца кабінета гэтай школы Інеса Барысевіч. — У школе ёсць народны музей “Ашмяны. Падзеі. Людзі”, гісторыю края адлюстроўвае і кабінет. Другі напрамак — работа з адоранымі вучнямі, якія прымаюць удзел у алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўстве. Часцей за ўсё яны і ў музеі задзейнічаны, і даследаваннямі займаюцца, і да алімпіяд рыхтуюцца. Кабінет пагружае школьнікаў у прастору гісторыі, і гэта дае эфект, бо, калі дзеці цікавяцца гісторыяй, яны актыўныя па ўсіх напрамках дзейнасці.
Толькі з апошніх дасягненняў ашмянскіх школьнікаў — 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе “Нататкі юнага вандроўніка”. Старшакласніца Аляксандра Шаціла, якая марыць стаць журналістам, напісала нарыс пра падарожжа ў Брэсцкую крэпасць. У міжнародным праекце “Па-за кадрам” Антон Плявака заняў 3-е месца. Зараз вучні прымаюць удзел у абласным этапе алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, раней былі прызавыя месцы і на абласным, і на рэспубліканскім этапах.
— Прадметны кабінет — гэта не проста клас, — упэўнена настаўніца. — Дзеці ведаюць, дзе і якія ўзяць падручнікі, заданні для алімпіяд ці тэстаў. На стэндах пастаянна мяняецца інфармацыя, у тым ліку і па праектнай рабоце. Кабінет адлюстроўвае дзейнасць вучняў, стымулюе яе. Тут жа тэатральная касцюмы, у якіх школьнікі праводзяць тэатралізаваныя экскурсіі. Збіраюцца тут усе, каго цікавіць гісторыя, — ад шасцікласнікаў да адзінаццацікласнікаў. У камандных мерапрыемствах прымаюць удзел дзеці розных узростаў. Каму цікава, усіх запрашаем. Калі гэта ідзе ад душы, то і эфект ад такой работы ёсць.
Тут заўсёды падтрымліваюць ініцыятыву вучняў. І нават калі праект ініцыіраваны настаўнікам, ён прыслухоўваецца да меркавання дзяцей.
Творчы падыход
У сярэдняй школе № 2 Мастоў кабінет гісторыі пачынаецца са школьнага двара: каля карабля “Надзея”, макета сярэдневяковага замка з традыцыйным ровам і рыцарамі ў даспехах, скульптуры Францыска Скарыны. Можна прысесці тут на лавачку, вечарам запаліць ліхтарык.
— Наш кабінет прызначаны не толькі для таго, каб атрымліваць там веды, ён мае вялікі выхаваўчы патэнцыял, — расказала настаўніца гісторыі загадчыца кабінета Наталля Ганцэвіч. — На сценах размешчаны рэпрадукцыя Мірскага замка Напалеона Орды, цікавыя гравюры з сярэдневяковымі рыцарамі, знакамітымі храмамі, выява Францыска Скарыны. Усё гэта спрыяе фарміраванню творчай ініцыятывы навучэнцаў. Праводзячы ўрок, я кажу дзецям: спыніцеся на хвілінку і прыслухайцеся, і тады вы, магчыма, зможаце пачуць размову салдат, купцоў, сялян, якія прыбылі ў замак.
У кабінеце школьнікі адчуваюць сябе лёгка, нязмушана, як дома. Настаўніца ўпэўнена: у кабінеце павінны быць цяпло, радасць, якую дзеці могуць атрымаць ад ведаў, ад працы. Тут яны не толькі вучацца, але і рыхтуюцца да КВЗ і розных іншых мерапрыемстваў. Аматарка народных абрадаў, Наталля Ганцэвіч прывівае гэтую любоў і сваім вучням, разам яны рыхтуюцца то да Каляд, то да Купалля. У кабінеце нямала матэрыялу, які дапамагае праводзіць абрады.
Ганарыцца настаўніца і поспехамі сваіх вучняў: стабальніцы Настассі Слесар, а таксама Віялеты Пронька і Вадзіма Кіркіцкага з амаль стабальнымі вынікамі па гісторыі Беларусі.
Сучасныя тэхналогіі
Вялікую ролю ў адукацыйным працэсе сёння адыгрываюць сучасныя тэхналогіі, якія прымяняюцца ўжо ва ўсіх установах. Аднак не кожны прадметны кабінет абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. У гэтым плане сярэдняй школе № 32 Гродна пашанцавала.
— Наш кабінет гісторыі і грамадазнаўства сучасны. Акрамя класа, ёсць лабаранцкая, якая выкарыстоўваецца як рэсурсны цэнтр па гісторыі Ленінскага раёна Гродна, там праходзяць пасяджэнні метадычных груп, метадычныя саветы, — расказала настаўнік-метадыст па гісторыі загадчыца кабінета Алена Занеўская. — Наша іскрынка — электронныя сродкі навучання. Ёсць інтэрнэт, школьная і ўнутраная сеткі. Настаўніку вельмі зручна працаваць з дзецьмі. Няма неабходнасці на кожны камп’ютар падключаць нейкую прыладу, усё можна адправіць па сетцы і такім чынам кіраваць работай дзяцей. Кожны настаўнік марыць пра такое. Тут сабрана ўсё неабходнае для вучняў 5—11-х класаў. Гэта работа многіх гадоў, а існуе кабінет 9 гадоў.
Дзецям цікава тут, бо ў кабінеце вялікія магчымасці для плённай работы, сабрана багатая гістарычная бібліятэка — больш за 200 кніг, складзены каталогі, фільматэка — больш за 200 фільмаў. Вучні з цікавасцю праводзяць тут свой вольны час. Пры кабінеце працуе алімпіядная група па гісторыі, навуковае таварыства “Эўрыка”. Школьнікі дасягаюць высокіх вынікаў, ёсць дыпламанты міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый.
Добрыя тэхнічныя магчымасці для навучання створаны і ў сярэдняй школе гарадскога пасёлка Краснасельскі. Тут таксама ёсць інтэрнэт, агульнашкольная і ўнутраная сеткі. Існуе віртуальны кабінет гісторыі і грамадазнаўства, зайсці ў які на сайце ўстановы адукацыі вучань можа з любога месца. Там сабраны матэрыялы для кожнага ўрока, па тэсціраванні, падрыхтоўцы да экзаменаў, алімпіяд. Ёсць прэзентацыі па ўсіх тэмах і відэаматэрыялы, можна працаваць з інтэрактыўнымі картамі.
—Тут я праводжу не толькі ўрокі, але і факультатыўныя заняткі, працую з высокаматываванымі вучнямі па падрыхтоўцы да алімпіяд, арганізоўваю тэматычныя мерапрыемствы па гісторыі, — расказала настаўніца гісторыі, загадчыца кабінета Алена Казляк. — Ілюстрацыйна-інфармацыйная зона прадстаўлена стэндамі. На кожным з іх ёсць QR-код, па якім можна атрымаць больш падрабязную інфармацыю. Сабрана шмат матэрыялаў па краязнаўстве, гісторыі Беларусі.
Цікава аформлены і сам клас. На сцяне размешчана своеасаблівая стужка часу, якая ілюструе падзеі сусветнай гісторыі. А на кожнай парце выбіты даты з гісторыі Беларусі.
— Галоўнае, чаго мы хацелі дасягнуць, праводзячы агляд-конкурс кабінетаў, — спрыяць паляпшэнню якасці выкладання прадмета, — падкрэсліла начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская. — Конкурс дапамог выявіць настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, якія працуюць прафесійна, творча. Ён таксама паказаў работу па прадмеце ў розных напрамках — не толькі на ўроку, але і ў пазаўрочнай дзейнасці. Праходзіць агляд на працягу многіх гадоў, і кожны раз мы мяняем прадметныя кабінеты. Як правіла, пераможцы конкурсу пасля прымаюць у сябе абласныя і рэспубліканскія семінары. Гэта трансляцыя вопыту, вялікая метадычная работа.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановамі адукацыі.