Свет пераўтвараюць асобы

Днямі ў Браславе адкрыўся чацвёрты сезон фотавыставы “Праекты ў асобах”. За тры гады свайго існавання праект быў прадстаўлены 58 гісторыямі і ўбачыў 23 гарады краіны.

Героямі ініцыятыў, што ажыццяўляюцца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, сталі інжынеры, вучоныя, бізнесмены, грамадскія дзеячы, студэнты, настаўнікі і школьнікі. Мэта фотавыставы — дэманстрацыя таго, як на прыкладзе канкрэтных асоб праекты змянілі жыццё людзей ў лепшы бок.

“Праекты ў асобах” прэзентуюцца на стэндах: на адным баку — фотаздымак прадстаўніка пэўнай грамадскай ініцыятывы і выказванне аб праекце, на адваротным — інфаграфіка па тэме. Як правіла, інфаграфіка паказвае дасягненні ў рэалізацыі ініцыятыў, аўдыторыю, тэрміны правядзення і мэты. Такі прыём дазваляе прапусціць кожную ідэю праз сябе, наглядна ўявіць механізм і важныя характарыстыкі кожнага праекта. Па словах арганізатараў, гэта робіцца не для таго, каб пахваліцца, а для таго, каб людзі, наведваючы фотавыставу, разумелі, што яны самі могуць нешта змяніць, бралі адтуль ідэі.

Тэматыка сёлетняга сезона — зялёная эканоміка, развіццё сельскіх тэрыторый, бізнес, агратурызм, культура, інклюзіўныя практыкі і адукацыя. Прычым многія галіны ў праектах узаемадзейнічаюць паміж сабой. Так, адной з гераінь фотавыставы стала дырэктар Браслаўскай гімназіі Людміла Каптур, якая прадстаўляла праект “Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі”.

Галоўная мэта згаданай ініцыятывы — распрацоўка і рэалізацыя стратэгічнага плана дзеянняў па пераўтварэнні Браслаўскага раёна ў першы кліматычна нейтральны раён да 2030 года. Гэта плануецца зрабіць за кошт зніжэння спажывання энергіі, скарачэння выкідаў вуглякіслага газу і ўкаранення сучасных падыходаў. За два гады існавання праекта ініцыятыўная група правяла сустрэчы больш як для 2 тысяч чалавек, 38 мерапрыемстваў па энергазабеспячэнні і пытаннях экалогіі для дзяцей і моладзі, якія складаюць значную мэтавую аўдыторыю. Зусім нядаўна ў дзіцячым садку № 1 горада праведзены мантаж сістэмы сонечных калектараў, што дазволіць награваць да 1000 літраў вады ў суткі. Такі падыход дапаможа значна скараціць аб’ём спажывання электраэнергіі.

Выстава будзе працаваць на базе Браслаўскай гімназіі да 8 ліпеня, затым пераедзе ў Наваполацк. Пазней “Праекты ў асобах” убачаць у Мсціславе, Жыткавічах, Навагрудку і Шчучыне. А жыхары і госці абласных цэнтраў прымуць выставу другі раз.

— Пэўны час Цэнтр экалагічных рашэнняў праводзіў у некаторых раёнах, у тым ліку нашым, адзін са сваіх праектаў — “Прасоўванне энергаэфектыўных тэхналогій і аднаўляльных крыніц на мясцовым узроўні”. Падчас рэалізацыі праекта праводзіліся даследаванні патэнцыялу раёнаў. Вынікі паказалі, што Браслаўшчына можа прэтэндаваць на званне першага ў краіне кліматычна нейтральнага муніцыпалітэта, — падзялілася каардынатар праекта Алена Гірон. — На тэрыторыі нашага раёна няма буйных прадпрыемстваў, мы не засмечваем навакольнае асяроддзе, таму нам крыху прасцей, чым іншым, ісці да пастаўленай мэты.

Па словах Алены Браніславаўны, у межах праекта ўжо заменена частка неэфектыўнага трубаправода горада. Акрамя гэтага, мяняецца абсталяванне ў адной з кацельняў. Раней пры ацяпленні там выкарыстоўваўся газ, а пасля замены — дранка. Як сцвярджае спецыяліст, гэта яшчэ адзін спосаб зменшыць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу і перайсці да выкарыстання мясцовых відаў паліва.

— Аднаўляльных крыніц энергіі ў нас было няшмат, але мы ведалі, як гэта працуе, разумелі, што гэта — перспектыўны напрамак. Нядаўна ў горадзе ўсталявалі 5 ліхтароў на сонечных батарэях. Яны не толкі дэманструюць сучасныя тэхнічныя магчымасці, але і папулярызуюць Браслаў як кліматычна нейтральны раён: многія госці горада фатаграфуюцца з гэтымі ліхтарамі і паказваюць іх у сваіх мясцовасцях, — адзначыла Алена Гірон. — Актыўная падтрымка праекта зыходзіць ад школьнікаў, гімназістаў, адміністрацый школ і гімназіі. Дзеці арганізоўваюць флэш-мобы, дапамагаюць у правядзенні спаборніцтваў і семінараў. Навучэнцы бяруць удзел у кожным нашым пачынанні.

Праект “Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі” плануецца завяршыць да канца года. Па выніках ініцыятывы будуць арганізаваны семінары і круглыя сталы з запрашэннем еўрапейскіх спецыялістаў для прадстаўнікоў іншых муніцыпалітэтаў.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.