Свет пяску і вады

- 22:20Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Дашкольны перыяд — гэта асаблівы этап у жыцці, які вызначае ўвесь ход далейшага развіцця дзіцяці. Перажытыя эмоцыі, уражанні і падзеі застаюцца ў памяці на доўгія гады і аказваюць уплыў на станаўленне асобы.

У сувязі з гэтым вельмі важна з боку бацькоў і педагогаў ствараць спрыяльныя ўмовы для станаўлення і развіцця дзіцяці. Гарманізацыя эмацыянальнай і асобаснай сфер дасягаецца шляхам прымянення рознага роду гульняў і практыкаванняў з пяском і вадой.

Багаты свет дзіцячай фантазіі накіраваны на стварэнне чаго-небудзь новага, на змяненне, камбінаванне. І тут асаблівую карысць набываюць гульні з пяском і вадой. Нягледзячы на тое, што гэтыя гульні мелі месца яшчэ ў старажытнасці, яны да гэтага часу прыносяць безліч задавальнення і карысці дзецям. Аднак нельга разглядаць гульні з пяском і вадой выключна як забаву. Яны маюць вялікае значэнне ў псіхічным развіцці дзіцяці. Перш за ўсё, варта адзначыць іх ролю ў стабілізацыі псіхаэмацыянальнага стану. Асаблівае значэнне яны набываюць і ў пазнавальным развіцці, пашырэнні агульных ведаў і ўяўленняў аб навакольным свеце, развіцці дробнай маторыкі рук.

Арганізацыя гульняў з пяском і вадой патрабуе выканання наступных прынцыпаў:

— Камфортнасць — стварэнне спрыяльных умоў для эмацыянальна камфортнага правядзення заняткаў, стварэнне матывацыі ўцягнутасці ў працэс заняткаў.

— Асобасна-арыентаванае ўзаемадзеянне — стварэнне ўмоў для раскрыцця асобаснага патэнцыялу дзіцяці.

— Адзінства выхаваўчых, развіццёвых і навучальных мэт і задач, што прадугледжвае пабудову заняткаў, накіраваных на развіццё пазнавальнай, эмацыянальнай і асобаснай сфер дзіцяці.

— Улік узроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей.

Варыянты выкарыстання пяску і вады на занятках залежаць ад узросту дзяцей і фантазіі педагога.

Прыклады гульняў з кінетычным пяском.

Практыкаванне “Цукерачны настрой”. Дзіця, збіраючы пясок у кучу, стварае на ім паляну з цукерак, устаўляючы ў пясок лічыльныя палачкі, на кончык якіх мацуе розныя геаметрычныя фігуры ў выглядзе “цукерак”.

Практыкаванне Мой горад”. Дзіця з дапамогай фігурак выбудоўвае розныя збудаванні, ствараючы свой уласны горад.

Практыкаванне “Вожык”. Дзіця збірае пясок у кучу і з дапамогай лічыльных палачак стварае вобраз вожыка, на спінку якога можна змясціць цацачныя яблыкі і грыбы.

Практыкаванне “Вяртанне калабка”. Дзіця на пяску з дапамогай каменьчыкаў і пацерак выкладвае дарожку ад калабка да доміка.

Практыкаванне “Незвычайныя сляды”. Дзецям прапануецца зрабіць адбіткі сваіх рук (далонню, кулачкамі, кончыкамі пальцаў).

Гульні з вадой прыносяць не толькі станоўчыя эмоцыі дзецям, але і маюць тэрапеўтычны эфект. Сама фактура вады аказвае прыемнае заспакаяльнае ўздзеянне, садзейнічае эмацыянальнай разгрузцы, і тым самым дзіця пераадольвае адмоўныя эмоцыі і перажыванні, напаўняецца пазітыўным настроем.

З варыянтаў выкарыстання гульняў з вадой можна вылучыць наступныя.

Практыкаванне “Падводнае царства”. Дзіця ў тазіку з вадой стварае падводны свет, выкарыстоўваючы каменьчыкі, водныя расліны, рыб, васьміногаў і іншых марскіх жыхароў.

Гульня “Узбіванне пены”. Дзіця ў тазік з вадой налівае крыху вадкага мыла і з дапамогай венца ўзбівае пену. Назірае за ўзбітай пенай. Малюе на пене фарбамі ўзоры.

Гульня “Знайдзі прадмет”. Дзіцяці прапануецца ў тазіку з вадой, напоўненай дробнымі шарыкамі, знайсці патрэбны прадмет. 

Гульня “Раскладзі па колеры”. Дзіця шукае ў тазіку з вадой фігуркі пэўнага колеру і сартуе іх па скрыначках адпаведнага колеру. 

Гульня “Пошук скарбаў пад вадой”. Дзеці ў тазіку з вадой знаходзяць розныя прадметы навобмацак з заплюшчанымі вачыма, пасля чаго называюць прадмет, які знайшлі.

У якасці асноўных рэкамендацый па арганізацыі гульняў выступаюць пастаяннае заахвочванне творчага самавыяўлення дзяцей, развіццё ў іх патрэбы ствараць. Таксама падчас заняткаў з пяском педагогу варта імкнуцца да рэалізацыі задач не толькі творчага станаўлення, але і пазнавальнага развіцця, навыкаў зносін і ўзаемадзеяння.

Як мы бачым, магчымасці гульняў з пяском і вадой вырашаюць мноства педагагічных задач, ператвараючы адукацыйны працэс у займальнае пазнанне навакольнага свету.

Ларыса ГЛАЗКОВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 67 Гродна.
Фота аўтара.