Свет тонкай матэрыі

- 14:04Суразмоўца

Хто не адчуваў эйфарыі ад вучобы, той не вучыўся ў Ліцэі БДУ. У пачатку лютага ў доме № 8 па вуліцы Ульянаўскай у Мінску збяруцца выпускнікі Ліцэя БДУ (не ўсе 6 тысяч, вядома, але многія), каб вярнуцца хоць ва ўспамінах у залаты час юнацкіх адкрыццяў і пазнанняў.
Ліцэю БДУ спаўняецца 25 гадоў. І гэтая дата паслужыла нагодай для сустрэчы з дырэктарам слаўнай установы Макарам Аляксандравічам ШНІПАМ.

— Ці можна сказаць, што Ліцэй БДУ — гэта эксперымент па стварэнні элітнай сярэдняй агульнаадукацыйнай установы ў садружнасці з ВНУ для таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак?
— З упэўненасцю можна сказаць, што 25 гадоў назад усё пачыналася як эксперымент. Стваральнікі ліцэя былі поўныя энтузіязму і рамантыкі. Сёння пад усю працу падведзена навукова-метадычная база.
Безумоўна, гэта паспяховы эксперымент, таму што Ліцэй БДУ за 25 гадоў свайго існавання даказаў, і на ўзроўні краіны, і на міжнародным узроўні, што тут вядзецца падрыхтоўка таленавітай і паспяховай моладзі. Нават па статыстыцы ўдзелу нашых ліцэістаў у рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах вынікі значныя: 1370 дыпломаў і 175 медалёў адпаведна. Калі браць такі паказчык, як вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, то, па даных РІКВ, некалькі гадоў запар ліцэй з’яўляецца лепшай навучальнай установай у рэспубліцы.

— Што для вас БДУ? У чым заключаецца супрацоўніцтва ліцэя з універсітэтам?
— Ліцэй быў адкрыты як спецыялізаваная школа пры БДУ, а з 1997 года з’яўляецца структурным падраздзяленнем універсітэта.
БДУ можна назваць старэйшым братам, апекуном. Яго падтрымку мы заўсёды адчуваем. Значная частка нашых выкладчыкаў — супрацоўнікі ўніверсітэта. Два гады назад завяршыўся адукацыйны эксперымент, які мы праводзілі сумесна з універсітэтам, па ўкараненні ў агульнаадукацыйны працэс электронных кніг — рыдараў. БДУ падарыў нам рыдары. Кожны год мы праводзім навукова-практычную канферэнцыю “Першы крок у навуку”, на якой ліцэісты прадстаўляюць свае работы. Іх дзейнасцю кіруюць выкладчыкі ўніверсітэта, якія маюць багаты вопыт у гэтым кірунку. Мы ўдзельнічаем у многіх мерапрыемствах універсітэта, і не толькі тых, якія тычацца вучэбнага працэсу. Напрыклад, у штогадовым свяце, прымеркаваным да Дня ведаў, “Віват, студэнт!”, у фестывалі эстрады. Зусім хутка ў Расіі будзе праходзіць конкурс “CanSat” па канструяванні міні-мадэлей касмічных спадарожнікаў. Беларусь на ім будзе прадстаўляць каманда, якая складаецца з ліцэістаў і студэнтаў БДУ — нашых выпускнікоў.

— Які працэнт вашых выпускнікоў выбірае БДУ для працягу навучання і атрымання прафесіі?
— Штогод каля 65 працэнтаў. У мінулым годзе каля 160 ліцэістаў паступілі ў БДУ. Самыя папулярныя спецыяльнасці на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, але ў нас больш за ўсё фізіка-матэматычных класаў. Тыя выпускнікі, якія не выбіраюць БДУ, у асноўным паступаюць у медыцынскі ўніверсітэт. У гэтым годзе іх было каля 40 чалавек.

— Рыдар прыжыўся ў ліцэі? Якія яшчэ інавацыйныя і эксперыментальныя праекты рэалізоўваюцца ў вашай установе?
— Эксперымент паказаў, што, займаючыся толькі з тым матэрыялам, які ёсць у рыдарах, ліцэісты значна эканомяць свой час і не шкодзяць здароўю. Не сакрэт, што калі вучні сядзяць за камп’ютарам, то не ўвесь час праводзяць за пошукам матэрыялаў, падрыхтоўкай да ўрока, рашэннем задач. Сацыяльныя сеткі захапілі вольны час моладзі, таму часта ўвага скіравана на “УКантакце”, “Фэйсбук”.
Ліцэй БДУ добра абсталяваны рознымі сучаснымі сродкамі навучання. На сённяшні дзень ёсць 12 інтэрактыўных дошак. Мы маем некалькі сістэм кантролю ведаў. Многія нашы педагогі пачынаюць выкарыстоўваць методыку перавернутага ўрока: калі яны рыхтуюць інтэрактыўны электронны матэрыял (паўнацэнную лекцыю з устаўкамі, мадэляваннем розных матэматычных ці фізічных з’яў), які потым выкладваюць на нашым сайце дыстанцыйнага навучання. Ліцэісты маюць магчымасць дома ў сваім рэжыме вывучыць яго, а ўжо на ўроку разам з настаўнікам адпрацаваць складаныя і незразумелыя моманты ў тэме.
Некаторыя нашы педагогі занятыя падрыхтоўкай электронных падручнікаў па матэматыцы, хіміі, фізіцы.
У пазамінулым навучальным годзе мы пачалі эксперымент па апрабацыі новага кірунку — хіміка-матэматычнага. Спецыяльна для гэтага праводзілі набор. Эксперымент ініцыіравалі мы, нашы выкладчыкі напісалі пад яго праграму. Хіміка-матэматычны клас будзе рыхтаваць моладзь для паступлення на хімічны факультэт БДУ.

— Дзе шукаеце супрацоўнікаў у сучасных умовах дэфіцыту прафесійных педагагічных кадраў? Каму аддаяце перавагу пры адборы?
— На сёння ў ліцэі працуе 107 педагогаў. З іх 35 працэнтаў — сумяшчальнікі, выкладчыкі БДУ, 65 працэнтаў — штатныя супрацоўнікі. Нельга сказаць, што мы на конкурснай аснове праводзім адбор педагогаў. Улічваючы цесную сувязь з універсітэтам, падбор кадраў вядзецца праз асабістыя кантакты: загадчыкаў кафедраў ліцэя з загадчыкамі кафедраў універсітэта. Мы выслухоўваем рэкамендацыі калег універсітэта адносна не толькі прафесійных навыкаў будучага работніка, але і яго асобасных якасцей, захапленняў, вопыту дзейнасці. Шмат выкладчыкаў паспяхова і плённа працуюць з моманту адкрыцця ліцэя. У нас няма цякучкі.
Прадмет гонару Ліцэя БДУ — каля 30 педагогаў, якія з’яўляюцца выпускнікамі ліцэя, у тым ліку мой папярэднік Вадзім Эдвардавіч Матуліс, і два мае намеснікі.

— Утварылася ўжо тэндэнцыя на пасаду дырэктара Ліцэя БДУ прызначаць педагогаў з ліку выпускнікоў установы. Гэта такая ўстаноўка — чужых не пускаць?
(Макар Аляксандравіч усміхаецца.) Ліцэй БДУ — тонкая матэрыя. Хочацца, каб гэта разумеў той, хто будзе ім кіраваць. На гэта здольны толькі той, хто адчуў ліцэй на ўзроўні яго вучня, педагога, адміністратара. Думаю, гэта асноўная прычына, па якой кіраўніцтва ўніверсітэта абрала на пасаду дырэктара Ліцэя БДУ спачатку Вадзіма Эдвардавіча, а потым мяне.

— Падчас вучобы ў Ліцэі БДУ не ўзнікалі думкі: а вось калі б я быў дырэктарам, то тут зрабіў бы інакш, а гэта ўдасканаліў бы?
— Падчас навучання ў ліцэі я адчуваў эйфарыю ад таго, што тут вучуся. Гэтыя пачуцці перапаўнялі і маіх аднакласнікаў. Нам усё падабалася, хацелася затрымацца ў ліцэі як мага даўжэй…

— Сённяшнія навучэнцы Ліцэя БДУ, як вы лічыце, адчуваюць эйфарыю?
— Можа, я самаўпэўнена скажу, але, па-мойму, так. Гэта можна адзначыць і па шчырых слязах на выпускным, і па абяцанні навучэнцаў сюды вярнуцца, і па клятве застацца ліцэістамі на ўсё жыццё. Вядома, пакаленне мяняецца, маладыя людзі становяцца больш прагматычнымі, але ліцэйская рамантыка захоплівае. За два гады навучання ў ліцэі ў іх з’яўляецца трапяткое стаўленне да ўстановы.

— Што ёсць у ліцэі, чаго няма ў іншых навучальных установах?
— На мой погляд, асаблівасцю Ліцэя БДУ з самага пачатку яго дзейнасці стаў культ узаемапавагі паміж выкладчыкамі і навучэнцамі. Выпускнікі першых гадоў ліцэя са здзіўленнем успамінаюць, як іх, яшчэ малых, кандыдаты навук, выкладчыкі БДУ называлі на “вы”, як з павагай да іх ставіліся, лічылі іх сваімі малодшымі калегамі. Гэтае стаўленне мы стараемся культываваць. Я не бяруся сказаць пра ўсе школы краіны, усюды па-рознаму, але не ва ўсіх установах так паважліва ставяцца да навучэнцаў.
Усе нашы педагогі імкнуцца матываваць ліцэістаў на дасягненне поспеху, на тое, каб яны свае веды выкарыстоўвалі ў жыцці, атрымлівалі ад гэтага задавальненне і ўзнагароджанне.
Яшчэ адна асаблівасць ліцэя — нашы настаўнікі імкнуцца прадэманстраваць свае творчыя і спартыўныя захапленні. Калі праводзіцца якое-небудзь пазакласнае мерапрыемства, то, вядома, не абыдзецца без настаўніцкага нумара, дзе педагогі ў непазнавальных вобразах будуць іграць на сцэне. Некалькі разоў у год зборная настаўнікаў і вучняў гуляюць у футбол, валейбол, баскетбол.
Мне падчас вучобы ў ліцэі вельмі хацелася паўдзельнічаць у зборнай вучняў, пагуляць супраць настаўнікаў, даказаць, што і мы можам перамагчы. Гэты момант вельмі натхняе навучэнцаў. Па суботах у спартзале я займаюся ў секцыі баскетбола, гуляю з хлопцамі разам.

— Рэалізавалі ліцэйскія мары…
— Так. Захопленасць выкладчыкаў, якія паказваюць, што вучоба — гэта вельмі важна, але толькі ёй нельга абмяжоўваць развіццё чалавека, ёсць яшчэ спорт, творчасць, якія ўздзейнічаюць пазітыўна на ліцэістаў.

— Значыць, вашы разумнікі і разумніцы — не класічныя кіношныя батанікі, якія толькі з кніжкамі сябруюць…
— Безумоўна, так. Калі нават браць нейкія паказчыкі, дасягненні, то, напрыклад, у нашай зборнай па баскетболе на апошніх раённых спаборніцтвах у Ленінскім раёне юнакі занялі 1-е, а дзяўчаты — 3-е месца.

— Атрымліваецца, што Ліцэй БДУ — гэта не проста ўстанова адукацыі, а мара, ідэальная ў нейкім родзе…
— Зразумела, што мы імкнёмся паказаць сябе з лепшага боку. Але не трэба нас ідэалізаваць, і ў нас здараюцца праблемы. Нягледзячы на тое, што да нас паступаюць моцныя вучні і веды ў іх на высокім узроўні, не заўсёды паводзіны бываюць выдатнымі.

— І сярод таленавітых дзяцей ёсць цяжкія падлеткі?
— Канечне. Да нас паступаюць лепшыя з усёй краіны дзеці, якія ў сваіх установах былі зоркамі, першымі вучнямі, а ў нас увесь клас такі. Зразумела, што яны трапляюць у нязвыклую атмасферу для сябе, не ўсе да новых рэалій могуць адаптавацца хутка і самастойна. На гэтым этапе важная праца і класных кіраўнікоў, і педагога-псіхолага. Нельга сказаць, што мы набралі лепшых школьнікаў і на іх ведах і дасягненнях атрымліваем вынікі. Гэта карпатлівая праца.

— Даводзілася чуць ад педагогаў і кіраўнікоў школ і гімназій рэспублікі абурэнні, што як толькі іх вучань “засвеціцца” на алімпіядзе, то трапляе пад прыцэл Ліцэя БДУ, які пачынае мусіраваную атаку, каб ён перайшоў да іх вучыцца. Ці так гэта?
— Мне здаецца, назваць паштоўку мусіраванай жорсткай апрацоўкай — не вельмі справядліва. Сапраўды, па выніках алімпіяды мы кожнаму ўдзельніку заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды дасылаем запрашэнне паступаць у Ліцэй БДУ, адзначаючы, што пераможцы заключнага этапу прымаюцца без экзаменаў, астатнім прапануем паспрабаваць свае сілы на ўступных іспытах. Па такім прынцыпе адбору навучэнцаў працуюць у многіх краінах свету. Тым больш што мы — установа рэспубліканскага падпарадкавання, нам дзяржавай пастаўлена задача па выяўленні, адборы і навучанні здольнай моладзі.
Ёсць меркаванне, што мы бяром да сябе алімпіяднікаў і за іх кошт робім рэйтынг. Але гэта не так. Калі паглядзець статыстыку, колькі да нас паступае алімпіяднікаў і колькі нашых ліцэістаў перамагае ў алімпіядах, то колькасць пераможцаў значна ўзрастае. У вучня, які раней не спрабаваў сябе ў алімпіядным руху, але паступіў да нас, ёсць усе шансы гэтым заняцца і годна сябе паказаць на рэспубліцы.

— Які крытэрый ацэнкі дзейнасці ўстановы адукацыі для вас самы галоўны?
— Самы важны паказчык — шчырае жаданне вучня ісці ў школу, а таксама самастойнае волевыяўленне і імкненне займацца дадаткова пасля асноўных заняткаў на факультатывах, у клубах, гуртках. Магчымасць мэтанакіравана займацца любімым прадметам і справай у школе і ўцягнутасць дзяцей у дадатковую дзейнасць па іх інтарэсах — асноўны крытэрый.

— Вікіпедыя, вядома, не лічыцца галоўнай і дакладнай крыніцай інфармацыі, але ёй многія карыстаюцца. На старонцы, прысвечанай Ліцэю БДУ, мяне здзівіла наступнае: у рубрыцы “Вядомыя выпускнікі” значацца два чалавекі — тэлевядучая і мадэль Лейла Ісмаілава і кінасцэнарыст драматург Андрэй Курэйчык. І гэта ўсе зоркі Ліцэя БДУ за 25 гадоў? Пра каго замоўчвае свабодная энцыклапедыя?
— Вядома, не. Гэта медыяперсоны, таму іх і назвалі. Калі людзі кажуць “вядомы чалавек”, то яны ўяўляюць таго, хто мільгае ў навінах, інтэрв’ю раздае. Можна вядомым чалавекам назваць і нашага выпускніка доктара хімічных навук Яўгена Паўлечку. Кандыдатаў навук у нас ужо некалькі дзясяткаў, ёсць і дактары навук. Былыя ліцэісты выкладаюць у замежных ВНУ — у Германіі, Англіі.
Мы ўсіх сваіх выпускнікоў любім, усіх шануем, таму вылучаць — гэты вядомы, а гэты не — з нашага боку было б непрыгожа.

— Святкаваць 25-ты дзень нараджэння ўстановы збіраецеся з размахам?
— Традыцыйна мы альбо ў канцы студзеня, альбо ў пачатку лютага святкуем дзень нараджэння ліцэя і прывязваем гэта да дня сустрэчы з выпускнікамі. Сёлета святкаванне прыпадае на 5—6 лютага. Па праграме 5 лютага мы традыцыйна будзем праводзіць нашу навукова-практычную канферэнцыю “Першы крок у навуку”. З пленарным дакладам на яе адкрыцці выступіць рэктар БДУ акадэмік С.У.Абламейка, які раскажа пра касманаўтыку ў Беларусі. У гэты ж дзень прызначана ўрачыстае пасяджэнне з канцэртам калектыву ліцэя і гасцей. Мы запрашаем на свята кіраўніцтва ўніверсітэта, Міністэрства адукацыі, нашых першых дырэктараў — А.І.Жука, рэктара БДПУ імя Максіма Танка; Г.У.Пальчыка, старшыню ВАК, нашых калег з іншых ліцэяў Беларусі. Магчыма, да нас далучацца калегі з Казахстана, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Швецыі.
6 лютага мы запрашаем у ліцэй усіх выпускнікоў. На сёння ў нас каля 6 тысяч выпускнікоў, вядома, усе не змогуць прыйсці, але будуць многія. Са сваім творчым нумарам традыцыйна выступяць настаўнікі, у тым ліку і я. Усе сакрэты праграмы раскрываць не буду.

— Віншуем вас, калектыў педагогаў, навучэнцаў і выпускнікоў Ліцэя БДУ, з надыходзячым святам!

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.