Свет вакол нас

Зусім нядаўна выхаванцы старэйшых груп ясляў-сада № 3 Глуска наведалі камунальнае прадпрыемства «Бытпаслугі». Мэта — сфарміраваць у выхаванцаў уяўленне аб сацыяльнай значнасці працы дарослых і пазнаёміць з прафесіямі.

Вольга Белавушка правяла выхаванцаў па залах і кабінетах прадпрыемства, расказала пра адметнасці кожнай прафесіі. Дзеці даведаліся, як шавец вырабляе чаравік, убачылі вялікую пральную машыну і прас-каток для бялізны, наведалі швейную майстэрню з мноствам незвычайных шумных машын. Дзеці з вялікай цікавасцю назіралі за ўсім, што адбывалася, адказвалі на пытанні педагогаў і спецыялістаў прадпрыемства.

Работнікам «Бытпаслуг» было прыемна бачыць малых у сябе ў цэхах, а дзецям — цікава атрымаць шмат новай карыснай інфармацыі.

Іна САВІК,
выхавальніца ясляў-сада № 3 Глуска Магілёўскай вобласці.