Светлы след у дзіцячых душах

Для ўраджэнкі Гомельшчыны Марыi Дзмітрыеўны Рабцавай аграгарадок Самахвалавічы Мінскай вобласці паспеў стаць дарагім месцам. Ужо другі год яна жыве тут і выкладае англійскую мову ў мясцовай школе. За кароткі прамежак часу Марыя Дзмітрыеўна паспела стаць сваёй у Самахвалавічах, заваяла павагу калег, вучняў і іх бацькоў.

Падчас вучобы ў школе ў аграгарадку Салтанова Рэчыцкага раёна Гомельскай воб­ласці адным з любімых прадметаў Марыi была англійская мова. З 8 класа яна вывучала яе паглыблена, акрамя таго, шмат займалася дадаткова. У старшых класах была ўжо цвёрда ўпэўнена ў тым, што хоча звя­заць сваю будучыню менавіта з англійскай мовай. Вырашыла спалучыць яе з педагогікай і выбраць прафесію настаўніка, бо ёй заўсёды падабалася бавіць час з дзецьмі, хутка ўдавалася знайсці з імі агульную мову.

Марыя паспявала не толькі добра вучыцца ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. У студэнцкія гады яна яшчэ і атрымала каштоўны вопыт, які выпадае не кожнаму: тры гады запар падчас летніх канікул суправаджала дзяцей у англамоўны аздараўленчы лагер у Лiтву. Гэта дапамагло яшчэ больш дасканала авало­даць мовай, навучыла наладж­ваць узаемаадносіны з людзьмі рознага ўзросту, з розных краін. Важным перыядам была і педагагічная практыка, якая праходзіла ў адной са школ Мазыра. Акрамя таго, пашанцавала праходзiць стажыроўку ў школе “Нордзік” (г.Алмело, Нiдэрланды). Усё гэта ўпэўніла дзяўчыну: ёй даспадобы выбраная прафесія, а цяжкасцей, якія сустракаюцца ў любой справе, варта не баяцца, а набірацца вопыту і пераадольваць іх.

Месца для размеркавання М.Д.Рабцава шукала сабе сама. Вельмі парадавала, што ў выпускнікоў была такая магчымасць. Паколькі недалёка ад бацькоўскага дома варыянта знайсці не ўдалося, дзяўчына вырашыла патэлефанаваць ва ўпраўленне па адукацыі далёкага Мінскага раёна. Адно з вакантных месцаў на той момант было ў Самахвалавіцкай сярэдняй школе. Дзяўчына сазванілася з дырэктарам Валянцінай Чаславаўнай Смаленскай і на наступны дзень прыехала на субяседаванне. Утульная школа, добразычлівыя адносіны дапамаглі выпускніцы прыняць канчатковае рашэнне.

— Мы доўга гаварылі пра работу, школу, жыццёвыя погляды, — узгадвае Марыя Дзмітрыеўна. — Такі асабісты кантакт з будучым начальнікам, на мой погляд, вельмі важны. Пасля гэтага я ўжо больш спакойна чакала перамен у сваім жыцці і пачатку працоўнай дзейнасці. Увогуле, вельмі рада, што ўсё склалася менавіта так, і я рашылася пераехаць у Самахвалавічы, нягледзячы на далёкую адлегласць ад родных мясцін. Аб прынятым рашэнні не пашкадавала ні разу. Месцам працы вельмі задаволена, штодня адпраўляюся ў школу ў добрым настроі і з жаданнем працаваць.

У Марыі Дзмітрыеўны ўжо ёсць вопыт выкладання ў розных класах: ад 3-х да 9-х. Яна знайшла плюсы ў рабоце з дзецьмі любога ўзросту.

— Ва ўсіх класах працаваць па-свойму цікава, — дзеліцца вывадам М.Д.Рабцава. — Увогуле перад настаўнікам англійскай мовы стаіць шмат задач. Неабходна, каб вучні правільна пісалі словы, прыгожа і без памылак чыталі, авалодалі найбольш ужывальнай лексікай у рамках пэўных тэматык і сфер зносін, разумелі мову на слых, маглі гаварыць… У выніку ж асноўная місія заключаецца ў тым, каб выхаваць асобу, якая будзе здольна ўдзельнічаць у міжкультурнай камунікацыі. Для гэтага неабходна сфарміраваць камунікатыўную кампетэнцыю, якая складаецца і з моўнай, і з сацыякультурнай.

У кожнай сітуацыі ёсць свае асаблівасці, якія важна ўлічыць для таго, каб зрабіць працэс навучання цікавым і эфектыўным. Трэцякласнікі, якія толькі знаёмяцца з замежнай мовай, як правіла, з ахвотай вывучаюць матэрыял пры дапамозе малюнкаў, картак, гульняў.

Таксама яны з цікавасцю слухаюць невялікія аўдыязапісы, якія настаўніца ўключае дзеля таго, каб дзеці прывыкалі да гучання мовы, добра ўспрымалі яе на слых, паступова вучыліся абменьвацца інфармацыяй падчас абмеркавання.

На пачатковым этапе авалодання англійскай мовай Марыя Дзмітрыеўна вучыць вымаўляць словы і выразы, якія дзеці чуюць у песнях, вершах, апавяданнях і падчас кароткіх дыялогаў у парах. Вучні слухаюць настаўніцу і паўтараюць за ёй, ім падабаецца гаварыць на замежнай мове. У выніку паляпшаюцца запамінанне слоў і выразаў.

У старшых класах Марыя Дзмітрыеўна таксама робіць стаўку на развіццё маўлення. Часта праводзіць аўдзіраванне. Стараецца ўключыць школьнікаў у дыялог, з гэтай мэтай мадэлюе разнастайныя сітуацыі ці прапануе цікавыя тэмы для абмеркавання. Настаўніцы цікава і радасна слухаць, як дзеці на англійскай мове разважаюць на сур’ёзныя тэмы.

Для падтрымання плённай і эфектыўнай дзейнасці старшакласнікаў Марыі Дзмітрыеўне падабаецца праводзіць нетрадыцыйныя відэаўрок і ўрок-дыскусію, урок-спектакль і ўрок-экскурсію. Яна на ўласным вопыце пераканалася: такія віды заняткаў падтрымліваюць цікавасць вучняў да прадмета і павышаюць матывацыю да навучання.

На сваіх уроках Марыя Дзмітрыеўна любіць выкарыстоўваць разнастайныя гульні. Гэта і “Снежны камяк” (гульня з мячом, пры дапамозе якой можна правесці адпрацоўку практычна любога матэрыялу), “Перакладчык” (дае добры вынік пра вывучэнні лексікі), “Пераробкі” (выкарыстоўваецца для замацавання граматычных з’яў), “Угадай прадмет” (служыць для актывізацыі ці адпрацоўкі вывучанага лексічнага матэрыялу), “Усе словы на літару…” (добра выкарыстоўваць напрыканцы чвэрці ці пасля вывучэння пэўнай тэмы). Таксама ў ліку любімых метадаў Brain Storming (мазгавы штурм) (вучні называюць усё, што ведаюць, і думаюць па агучанай тэме ці праблеме; выкарыстоўваецца для замацавання пройдзенага матэрыялу, а таксама забяспечвае высокую матывацыю навучання), праектная методыка (спрыяе развіццю актыўнага самастойнага мыслення дзіцяці; дапамагае навучыць яго не проста запамінаць і аднаўляць веды, але і прымяняць іх на практыцы). Маладой настаўніцы падабаецца ладзіць у старшых класах урокі-канферэнцыі, якія імітуюць сапраўдныя прэс-канферэнцыі, і ствараць з вучнямі сінквейны — вершы, патрабуючыя сінтэзу інфармацыі і матэрыялу ў кароткіх выразах).

Марыя Дзмітрыеўна другі год набіраецца вопыту не толькі ў выкладанні англійскай мовы, але і ў класным кіраўніцтве. Пад яе крылом зараз ужо шасцікласнікі.

— Напачатку ў мяне было шмат хваляванняў наконт класнага кіраўніцтва, — прызнаецца М.Д.Рабцава. — Зараз адчуваю сябе значна больш упэўнена. За мінулы навучальны год мы з дзецьмі ўстанавілі добры кантакт, у класе пануюць цёплыя, сяброўскія адносіны. Калі ўзнікаюць нейкія невялікія праблемы ці непаразуменні, шукаем аптымальны мірны выхад з сітуацыі. Каб пакі­нуць светлы след у дзіцячых душах, навучыць рабіць дабро, хачу сёлета падключыць свой клас да аднаго з кірункаў важнай валанцёрскай дзейнасці.

Таццяна ШЫМКО.