Свежы подых творчасці

- 15:56Якасць адукацыі
У Рэспубліканскім доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі прайшоў заключны этап XIII Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў сярод навучэнцаў і работнікаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў. З усіх рэгіёнаў Беларусі на гэты прадстаўнічы форум прыбылі самыя таленавітыя навучэнцы і педагогі, якія імкнуліся здзівіць творчы свет сваімі новымі распрацоўкамі, вынаходствамі, нестандартным мысленнем і кемлівасцю. Традыцыйна рэспубліканскі злёт — гэта пляцоўка для юных творцаў па абмене вопытам, для аб’яднання аднадумцаў, гэта свежы творчы подых.Ва ўрачыстых мерапрыемствах злёту прыняў удзел першы намеснік міністра адукацыі А.І.Жук.

Яшчэ на падыходзе да будынка Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі гасцей злёту сустракае робат “Байкер”. Прымасціўшыся ў цяньку разгалістых дрэў разам са сваім матацыклам, ён як быццам з цікавасцю глядзіць на гэты грандыёзны форум юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў, якія прывезлі на злёт свае самыя лепшыя экспанаты. А гэты робат — першы такі экспанат, з якім сустракаецца каля ўваходу кожны ўдзельнік. Яго стварылі навучэнцы і педагогі Відзаўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа пад кіраўніцтвам дырэктара М.У.Смірнова. Робат прызначаны для дызайнерскага афармлення мерапрыемстваў і можа не толькі ўпрыгожваць іх сваёй постаццю, але і служыць вучэбна-наглядным дапаможнікам для гурткоў тэхнічнага мадэлявання, ландшафтна-паркавага дызайну. Ёсць у гэтага экспаната і свая “фішка”. Зроблены робат з запасных, спісаных вузлоў і дэталяў аўтамабіляў, матацыклаў і іншай бытавой тэхнікі. Але дзякуючы ўмелым рукам юных творцаў, аб гэтым нават не здагадваешся.

Робат "Байкер" настроены на выйгрыш.Толькі самыя прыемныя ўражанні выклікалі экспанаты рэспубліканскага злёту. Кожны са 140 яго ўдзельнікаў прадэманстраваў сваю творчасць, фантазію, багаж ведаў і прафесійных навыкаў, уменне нестандартна мысліць і імкнуцца да новых ідэй. У конкурсе пад назвай “Свет адкрыццяў” было абаронена каля 80 рацыяналізатарскіх прапаноў і 5 карысных мадэляў. Адзін з конкурсаў злёту — “На лепшы сродак навучання” паказаў, што калектывы навучальных устаноў імкнуцца ўдасканальваць сваю вучэбную базу, пастаянна працуюць над новымі вучэбнымі дапаможнікамі, якія ствараюць сваімі рукамі. Гэтыя прыстасаванні, дапаможнікі, стэнды, абсталяванне і механізмы дапамагаюць у атрыманні глыбокіх ведаў і высокіх прафесійных навыкаў. 14 сродкаў навучання, якія былі прадстаўлены на злёце, ужо прымяняюцца ў працэсе навучання і могуць быць выкарыстаны іншымі навучальнымі ўстановамі.
Не засталася без увагі і самых яскравых эмоцый выстава “Рацыяналізатарства і вынаходніцтва”, на якой прадстаўлена амаль 500 экспанатаў тэхнічнай творчасці, больш за 200 з якіх — гэта рацыяналізатарскія прапановы. Увогуле за час, які прайшоў пасля папярэдняга злёту, установы прафесійнай адукацыі падалі амаль 3 тысячы рацпрапаноў, атрыманы шэраг патэнтаў на карысныя мадэлі. Умоўны эканамічны эфект ад укаранення рацпрапаноў склаў звыш 900 мільёнаў рублёў. Калі браць апошнія гады, то амаль 500 навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў за свае тэхнічныя распрацоўкі сталі ўладальнікамі прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Гомельскі прафесійны політэхнічны ліцэй прадставіў на злёце майстар вытворчага навучання Уладзімір Генадзьевіч Рабінок. Разам са сваімі выхаванцамі ён стварыў ветрасонечную электрастанцыю, якая змяшчаецца ў …руках. На занятках у гуртках тэхнічнай творчасці, куды з задавальненнем ходзяць навучэнцы ліцэя, Уладзімір Генадзьевіч, як кажуць, па крупінках ствараў новы агрэгат, універсальны ў рабоце і вельмі зручны. Тэхнічныя характарыстыкі вырабу Уладзіміра Генадзьевіча задаволяць любога карыстальніка. Дзякуючы выкарыстанню гэтага прыбора сонечнай энергіі і энергіі ветру, міні-станцыя мае высокі каэфіцыент карыснага дзеяння.
Яшчэ адзін выраб, які прывёз майстар са сваімі навучэнцамі, — міні-сонечная электрастанцыя, якая складаецца з 10-ватнай сонечнай панэлі і мае максімальную магутнасць 600 Вт. Такую станцыю з кампактнымі габарытамі можна браць на адпачынак, на дачу, з дапамогай яе асвятляць тэрыторыю, слухаць музыку і нават выкарыстоўваць для прыгатавання ежы ў якасці пліты.
Доўгі час У.Г.Рабінок, які з’яўляецца выпускніком гэтага ліцэя, займаецца стварэннем вучэбна-наглядных дапаможнікаў па самых розных прафесіях, але ў асноўным для будучых электрыкаў. Было падрыхтавана больш за 10 дапаможнікаў, якія ў поўнай меры выкарыстоўваюцца ў час заняткаў і вельмі дапамагаюць навучэнцам у асваенні прафесійных ведаў і навыкаў. Таксама майстрам створаны ў ліцэі стэнды па энергазберажэнні. На папярэднім злёце яго выхаванцы сталі прызёрамі, на сёлетнім таксама атрымалі ўзнагароды. Яўген Купчынаў і Іван Васілеўскі дастойна прадставілі на спаборніцтве свае вынаходствы. Як расказалі хлопцы, яны з задавальненнем займаюцца тэхнічнай творчасцю ў ліцэі і спадзяюцца, што ў будучым іх веды і ўменні, здабытыя пры стварэнні новых вырабаў, спатрэбяцца ім і ў прафесіі, і ўвогуле ў жыцці. Наталля Кандратовіч прадстаўляе міні-трактар.Напэўна, было б справядліва назваць ініцыятарам вынаходніцтва і рацыяналізатарства ў гэтай навучальнай установе загадчыка аддзялення Івана Антонавіча Шабалтаса, які доўгі час працуе ў ліцэі і вучыць сваіх навучэнцаў творчасці.

Наталля Іванаўна Кандратовіч, кіраўнік каманды юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў Гродзенскай вобласці, намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў ўстаноў прафесійнай адукацыі, расказала, што сёлета, як і ў папярэднія гады, навучэнцы і педагогі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вобласці з вялікім жаданнем і інтарэсам ехалі на рэспубліканскі злёт. У камандзе ёсць навічкі і ветэраны, хто прыязджае на спаборніцтва ў Мінск ужо не першы раз. Упершыню прыехаў на рэспубліканскае спаборніцтва Аляксандр Сяўрук з Гродзенскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў №1. Разам з педагогамі хлопец распрацаваў люнет, які выкарыстоўваецца ў будаўнічай галіне. Гэта прыстасаванне для дрэваапрацоўчага станка, якое выконвае функцыі апоры для дэталяў пры іх апрацоўцы.
— Спачатку мы выпрабоўвалі гэты экспанат непасрэдна ў сваёй установе ў час будаўнічых работ, — расказаў Аляксандр. — І калі ён паказаў сваю дзеяздольнасць, то было вырашана люнет везці ў Мінск, каб прадэманстраваць яго работу на рэспубліканскім злёце. І трэба сказаць, што гэтым агрэгатам зацікавіліся многія навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць будаўнічыя кадры.
Юрый Радзіеўскі, навучэнец Казлоўшчынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, ужо ў другі раз прыехаў на спаборніцтва. Для хлопца гэты год вельмі ўдалы. Нядаўна Юрый прымаў удзел у міжнародным спаборніцтве “Таленты ХХI стагоддзя”, дзе прадстаўляў навясное абсталяванне для мотаблока, якое мае вельмі шырокае прызначэнне. Спачатку ў ліцэі былі зроблены прыстасаванні для ўборкі снегу, потым мотаблок выкарыстоўваўся ў ролі газонакасілкі, а цяпер для ўборкі тэрыторыі.
_DSC8280Увогуле гродзенская каманда сёлета выглядае вельмі ўнушальна: на сёлетнім спаборніцтве прадстаўлена шэраг экспанатаў, якія стварылі навучэнцы і іх педагогі. Шматгабарытныя вырабы было цяжка даставіць у сталіцу, і іх прадстаўлялі на злёце ў электронным выглядзе. Але ўсё ж некаторым “веліканам” пашчасціла. Напрыклад, “прыехаў” міні-трактар, які стварыў С.М.Самойла з Гродзенскага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага. Прадстаўлены ў натуральную велічыню і трэнажор, які распрацаваў выкладчык Навагрудскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя А.І.Сянько.

Валерыя Мікалаевіча Яроцкага, майстра вытворчага навучання Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў, выпускніка гэтай установы, можна па праву назваць мэблевым каралём. Справа ў тым, што Валерый Мікалаевіч ужо амаль 30 гадоў вучыць майстэрству мэблевай вытворчасці сваіх выхаванцаў. Разам з навучэнцамі ў гуртку па вырабе корпуснай мэблі В.М.Яроцкі займаецца ўкараненнем інавацый у вытворчасць і вырабляе мэблю для ўстаноў адукацыі і іншых арганізацый і прадпрыемстваў. Валерый Мікалаевіч з задавальненнем прыўносіць у стварэнне мэблі новыя элементы. На папярэдніх злётах майстар прадстаўляў самую разнастайную мэблю, створаную сваімі рукамі, і здавалася, што гэта ўжо мяжа яго фантазіі. Але на сёлетнім злёце Валерый Мікалаевіч зноў здзівіў усіх удзельнікаў сваімі вынаходствамі. Напрыклад, прыемна ўразіў удзельнікаў злёту камбінаваны стол. Калі гэта будзе стол кіраўніка, то для яго можна выкарыстоўваць стальніцу, абцягнутую тканінай. А калі трэба раскінуць для работы вялікафарматныя чарцяжы, то стальніцу можна рассунуць да неабходных памераў. Мала таго, яшчэ адна частка стала можа адкрыцца пад вуглом у 11 варыянтах.

Педагог дадатковай адукацыі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, вядомы рацыяналізатар і вынаходнік Валерый Антонавіч Пацына таксама імкнецца стварыць экспанаты не проста для выставы, але і для таго, каб у далейшым яны выкарыстоўваліся ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і іншых галінах, і, безумоўна, у родным каледжы. У майстра ўжо ёсць дзясяткі патэнтаў на вытворчасць яго распрацовак.
В.А. Пацына з выхаванцам дэманструе сваё вынаходства.Калі было вырашана добраўпарадкаваць тэрыторыю навучальнай установы і выкласці дарогу дэкаратыўнай пліткай, то за гэтую задачу з задавальненнем узяўся Валерый Антонавіч са сваімі навучэнцамі. Быў створаны спецыяльны механізм, які можа вырабляць плітку на любы густ, рознай формы і выдатнай якасці. Пакладзеная на тэрыторыі плітка ўжо вытрымала кліматычныя выпрабаванні ў час доўгай і марознай зімы. Гэты механізм Валерый Антонавіч прадставіў на злёце.
Акрамя яго, на злёт прывезена лябёдка, якая таксама выконвае шэраг функцый, у тым ліку можа араць. Гэтыя вырабы запатэнтаваны і могуць стварацца на вытворчасці. Валерый Антонавіч вядзе гурток юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў. З першых дзён вучобы яго наведвае Уладзімір Русак, навучэнец каледжа. Хлопец заканчвае сёлета толькі першы курс, але на роўных са старшакурснікамі ўдзельнічае ў злёце разам з такім знакамітым вынаходнікам, як Валерый Антонавіч Пацына. Педагог адразу разглядзеў творчы талент хлопца, яго фантазію, цікавыя ідэі і лічыць, што для Уладзіміра гэты злёт толькі пачатак.
Менавіта пачаткам творчага жыцця і ўвасаблення творчых памкненняў стаў Рэспубліканскі злёт для многіх яго ўдзельнікаў. Хочацца спадзявацца, што гэты форум стане і працягам новых здзяйсненняў у іх вынаходніцтве і рацыяналізатарстве. Таму бывай, XIII злёт, і да хуткай сустрэчы, XIV!!!

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.