Свежы погляд, шчырыя памкненні

- 12:51Навіны рэгіёнаў

Бурлівая энергія, свежыя ідэі, неардынарнае мысленне, дапытлівы розум, шчырыя памкненні — усё гэта дазваляе маладым людзям генерыраваць і ажыццяўляць самыя неверагодныя ідэі. Каб накіраваць гэтую магутную энергію на карысць краіны і грамадства, на Міншчыне створаны маладзёжны парламент. У вобласці прайшлі выбары, падчас якіх самыя годныя прадстаўнікі маладога пакалення змагаліся за права стаць членамі гэтай арганізацыі.

Маладзёжны парламент ствараецца пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў і стане калегіяльным кансультатыўным органам. Яго члены будуць прадстаўляць інтарэсы моладзі на ўзроўні абласной прадстаўнічай улады, лабіраваць ідэі і праекты юных жыхароў вобласці, удзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі абласных праграм. “Стварэнне маладзёжнага парламента — гэта магчымасць кансалідаваць на абласным узроўні прагрэсіўныя сілы грамадства, якімі з’яўляюцца маладыя людзі, — расказвае Вольга Анатольеўна Шыбко, начальнік аддзела па справах сям’і і моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама. — Дзякуючы рабоце парламента, мы не толькі прыцягнем моладзь да грамадска-палітычнага жыцця, але і будзем фарміраваць прававую і палітычную культуру падлеткаў. Сёння яны — члены парламента маладзёжнага, а ў будучым, магчыма, стануць парламентарыямі іншага ўзроўню”.
Выбары ў маладзёжны парламент стартавалі яшчэ 21 сакавіка на больш чым 300 участках па ўсёй вобласці. Членам маладзёжнага парламента можа стаць грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 12 да 31 года, які пражывае на тэрыторыі Мінскай вобласці. Сярод кандыдатаў былі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, актывісты дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, маладыя настаўнікі. На выбарах яны прадстаўлялі выбаршчыкам свае праграмы будучай дзейнасці, а потым выбаршчыкі галасавалі, апускаючы бюлетэні ў скрыню для галасавання. 302 пераможцы ўчастковых выбараў перайшлі да наступнага этапу — акруговых выбараў, якія і вызначылі непасрэдных удзельнікаў парламента.
Акруговыя выбары праводзіліся ў выглядзе дзелавой гульні. Спачатку кандыдаты з дапамогай групы падтрымкі расказвалі пра сябе ў візітоўцы, потым прэзентавалі сваю праграму дзейнасці ў якасці члена маладзёжнага парламента, а завяршылася выступленне кандыдатаў брыфінгам, дзе ім давялося адказваць на пытанні членаў акруговай камісіі і гледачоў. Акруговая камісія ацэньвала выступленні кандыдатаў і выбірала тых, хто будзе прадстаўляць рэгіён у маладзёжным парламенце.
Усяго ў парламенце будзе 57 чалавек. Да 47 кандыдатур, абраных на выбарах, далучацца 10 маладых дэпутатаў, якія ўваходзяць у Мінскі абласны Савет дэпутатаў, прадстаўнікоў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
Выступленні кандыдатаў падчас выбараў паказалі, што маладыя людзі неабыякавыя, іх хвалююць усе актуальныя праблемы сучаснасці, яны гатовы працаваць для таго, каб гэтыя праблемы вырашыць. “Мне заўсёды падабалася дапамагаць людзям, і я стараюся выкарыстаць любую магчымасць, каб рабіць гэта, вось чаму паспрабавала свае сілы на выбарах у маладзёжны парламент, — расказвае Марыя Чучкова, вучаніца Заслаўскай гімназіі. — Я лічу, што моладзь здольна вырашыць некаторыя пытанні, з якімі не заўсёды справіцца сталы чалавек. Я веру, што мы, моладзь нашай краіны, можам зрабіць заўтрашні дзень лепшым”.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.