Свежы вецер студатрадаўскага руху

- 12:10Актуально, Апошнія запісы

Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ даў старт трэцяму працоўнаму семестру 2015 года, які традыцыйна доўжыцца з 1 мая да 30 кастрычніка. Урачыстае адкрыццё семестра прайшло на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Мінску, дзе сабралася некалькі соцень маладых людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі: камандзіры, камісары, байцы студэнцкіх атрадаў. Павіншаваць іх прыйшлі прадстаўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў, ветэраны студатрадаўскага руху.

Рапарт аб гатоўнасці студатрадаў аддала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Надзея Шахоўская. Прыняў яго першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў.
А другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей Клішэвіч у размове з журналістамі заўважыў:
— У краіне склалася своеасаблівая студатрадаўская субкультура са сваімі традыцыямі, ідэямі. Маладыя людзі, якія сабраліся тут сёння, актыўныя і ў студатрадаўскім руху, і наогул у грамадскім жыцці. Наш рух — гэта не толькі работа, гэта і актыўная грамадзянская пазіцыя.

Многія з выступоўцаў гаварылі пра тое, што рух, распачаты некалькі дзесяцігоддзяў назад, не толькі захоўвае старыя традыцыі, але і набывае новыя. Так, гісторыя беларускага студатрадаўскага руху бярэ пачатак ад будаўнічых атрадаў, якія калісьці працавалі ў калгасах і саўгасах на ўсходзе Казахстана. Тады, па выніках першага працоўнага семестра, 37 беларускіх студэнтаў былі ўзнагароджаны медалямі “За асваенне цаліны”. Зараз нашы студэнты ўваходзяць у склад не толькі будаўнічых і сельскагаспадарчых, але і педагагічных, сэрвісных, экалагічных, а з бягучага года яшчэ і медыцынскіх, навукова-тэхналагічных атрадаў.
Байцоў кожнай галіны студатрадаўскага руху павіншавалі прадстаўнікі адпаведных міністэрстваў. Да ўдзельнікаў педагагічных атрадаў і да ўсіх, хто сабраўся на плошчы, звярнуўся намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык:
— Асаблівыя словы падзякі мы выказваем удзельнікам педагагічных студэнцкіх атрадаў, якія працуюць па-за матэрыяльнай сферай, але працуюць адказна для таго, каб выхоўваць школьнікаў, ствараць для іх разумныя канікулы. Жадаю ўсім добрага настрою, поспехаў і перамог на працоўных франтах.
Пуцёўку з рук намесніка міністра адукацыі атрымала камандзір зводнага студэнцкага педагагічнага атрада Мінскага гарадскога штаба студатрадаў БРСМ Вераніка Мішковіч, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. У гутарцы з нашым карэспандэнтам дзяўчына расказала, што летась ва ўніверсітэце было сфарміравана 15 педатрадаў, сёлета іх будзе яшчэ больш — агульнай колькасцю каля 800 чалавек.

— Галоўнае, што даюць педагагічныя атрады, — гэта вопыт работы з дзецьмі, — заўважыла Вераніка. — Для нас гэта самы важны складнік такой работы, і студэнтаў, якія прыходзяць працаваць у педагагічныя атрады, з кожным годам усё больш.
А вось студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандр Зарэмба паедзе працаваць на Усебеларускую маладзёжную будоўлю — на ўзвядзенне Беларускай АЭС. Хлопец летась ужо быў на гэтым аб’екце, кажа, што і з людзьмі цікавымі пазнаёміўся, і папрацаваў ад душы, і зарабіў вельмі нядрэнна за мінулы сезон (за 1,5—2 месяцы каля 20- ці мільёнаў рублёў).
Да беларускіх студатрадаўцаў звярнуўся першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Белякоў:
— Бягучы год сімвалічны — Год моладзі і 70-годдзе Вялікай Перамогі. Але гэта яшчэ і год 95-годдзя з дня нараджэння беларускага камсамола. Традыцыі беларускага студатрадаўскага руху нарадзіліся менавіта ў камсамоле, і прыемна, што яны падтрымліваюцца. Працоўнае лета для кожнага маладога чалавека, які прыйшоў у вялікую студатрадаўскую сям’ю, асаблівае, бо студэнцкія атрады — гэта праверка асабістых якасцей, характару, волі. Тут выяўляюцца лідары, якія потым прыходзяць на кіраўніцкія пасады і з гонарам спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Мне вельмі хочацца, каб у гэты год, год найважнейшых грамадска-палітычных падзей у краіне, мы не словам, а справай даказалі, што менавіта ў студэнцкіх атрадах працуюць лепшыя маладыя людзі краіны.

Сёлета студэнты будуць працаваць у атрадах, якім прысвоены імёны Герояў Савецкага Саюза або Поўных кавалераў ордэна Славы. Студатрадаўцы дапамогуць ветэранам, адзінокім пажылым людзям, будуць добраўпарадкоўваць помнікі, мемарыялы, абеліскі. А на плошчы Дзяржаўнага сцяга маладыя людзі і госці на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця трэцяга працоўнага семестра стаялі з прышпіленымі да адзення чырвона-зялёнымі стужкамі і яблыневымі кветачкамі. Так яны далучыліся да патрыятычнай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”. Акрамя таго, у гонар гэтага свята на плошчы прагучала песня “Марш Перамогі”, а ў неба ўзняўся сімвал праекта “Кветкі Вялікай Перамогі”, зроблены з чырвоных, белых і зялёных геліевых шарыкаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.