Свядомы выбар, дастойныя перспектывы

- 11:22Выбар прафесіі

Новыя спецыяльнасці і кваліфікацыі прапануе абітурыентам Пастаўскі дзяржаўны каледж.

Кожны новы год у жыцці каледжа — новы віток у развіцці. У адпаведнасці з патрабаваннямі часу ўстанова адукацыі пастаянна аднаўляе і ўдасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу, знаходзіць новыя эфектыўныя формы работы з прадпрыемствамі-работадаўцамі, актыўна супрацоўнічае, абменьваецца вопытам і праводзіць сумесныя адукацыйныя мерапрыемствы з установамі прафесійнай адукацыі не толькі вобласці і краіны, але і блізкага замежжа.


Запыты сучаснага рынку працы хутка мяняюцца, і гэта патрабуе ад каледжа, які забяспечвае кадрамі рэальны сектар эканомікі, высокага ўзроўню мабільнасці. У апошні час практычна штогод пастаўчане адкрываюць набор на новыя спецыяльнасці. Так, з 2015 года пачалася падрыхтоўка па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” з кваліфікацыяй “рыхтоўшчык 3 разраду”; з 2016 года — па дзвюх новых кваліфікацыях традыцыйнай для каледжа спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”: “бармен 4 разраду” і “кулінар мучных вырабаў 4 разраду”.

— У снежні 2015 года мы атрымалі статус установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — расказвае дырэктар каледжа Мікалай Лысёнак. — Гэта дазволіла адкрыць падрыхтоўку спецыялістаў з атрыманнем ССА на аснове базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. Летась набралі першую вучэбную групу дзевяцікласнікаў на ўзровень ССА па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” (вытворчая дзейнасць) з кваліфікацыяй “тэхнік-механік”. Сёлета прапануем абітурыентам атрымаць падрыхтоўку па спецыяльнасцях узроўню ССА “Машыны і абсталяванне дрэваапрацоўчай прамысловасці” з кваліфікацыяй “тэхнік-механік”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” з кваліфікацыяй “бухгалтар” і “Грамадскае харчаванне” з кваліфікацыяй “кухар 5 разраду”.

Ад дрэваапрацоўкі да высокай кулінарыі

Пастаўшчына — адзін з вядучых рэгіёнаў па апрацоўцы драўніны. Тут сканцэнтравана вялікая колькасць прадпрыемстваў галіны. Адпаведна, попыт на высокакваліфікаваныя кадры стабільна высокі. Як паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі Алена Воўк, каледж супрацоўнічае з 23 прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Сучасная тэхніка і абсталяванне патрабуе кваліфікаванага абслугоўвання, таму ўсе згаданыя прадпрыемствы зрабілі заказы на падрыхтоўку тэхнікаў-механікаў па новай спецыяльнасці “Машыны і абсталяванне дрэваапрацоўчай прамысловасці”. Такім чынам, першае працоўнае месца і дастойная заработная плата маладым спецыялістам забяспечаны.

Падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых кадраў для гандлёвых аб’ектаў грамадскага харчавання Пастаўскага і найбліжэйшых раёнаў каледж ажыццяўляе больш як 30 гадоў. Цяпер навучэнцы змогуць не толькі марыць аб вяршынях кухарскай іерархіі, але і рэальна на іх прэтэндаваць: выпускнікі з кваліфікацыяй “кухар 5 разраду” маюць права працаваць на такіх прэстыжных пасадах, як кухар-кулінар і нават шэф-кухар. Для гэтага ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, якая адпавядае патрабаванням адукацыйнага стандарту Рэспублікі Беларусь. Ёсць у каледжа і яшчэ адзін прыемны сюрпрыз для будучых віртуозаў высокай кухні.

— У рамках Еўрапейскага інструмента суседства 2014—2020 гадоў мы пачалі супрацоўнічаць з Цэнтрам асветы Рокішскага раённага самакіравання (Літва) у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва па праекце развіцця прадпрымальніцкіх навыкаў праз творчасць і інавацыі, — тлумачыць дырэктар. — Мэтай праекта з’яўляецца стварэнне ўмоў для дарослага насельніцтва і моладзі дзеля атрымання прадпрымальніцкіх навыкаў для развіцця сярэдняга і малога бізнесу на базе канкрэтных спецыяльнасцей. І ў якасці базавай спецыяльнасці выбрана якраз “Грамадскае харчаванне”. Праект прадугледжвае таксама развіццё і грунтоўную мадэрнізацыю вучэбных кабінетаў, лабараторый, майстэрань, дзе будуць вучыцца будучыя спецыялісты.

Ці патрэбны бухгалтары?

У 2003 годзе тады яшчэ Пастаўскі дзяржаўны прафтэхкаледж сельскагаспадарчай вытворчасці па бесперапыннай інтэграванай сістэме прафесійнай адукацыі на аснове існуючай базавай спецыяльнасці ПТА “Бухгалтарская справа” з кваліфікацыяй “рахункавод” адкрыў на ўзроўні ССА спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, якая забяспечвала атрыманне кваліфікацыі “бухгалтар”. За перыяд з 2003 па 2014 год было падрыхтавана 340 такіх спецыялістаў, з іх 314 праходзілі навучанне на бюджэтнай аснове і 26 — на платнай, а 57 чалавек атрымалі дыплом з адзнакай. Дарэчы, адна з выдатніц — Ірына Цыбулёнак — зараз працуе ў каледжы галоўным бухгалтарам і адначасова завочна працягвае вучобу ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Як паказвае статыстыка, гэта не адзінкавы прыклад: вышэйшую адукацыю набылі і набываюць звыш паловы выпускнікоў-бухгалтараў. Пераважная большасць з іх таксама выбрала месцам вучобы ПДУ, але дагаворы, згодна з якімі па профільнай спецыяльнасці выпускнікі залічваюцца адразу на 3 курс, каледж мае і з шэрагам іншых універсітэтаў.

Станоўчыя водгукі аб рабоце бухгалтараў — сваіх былых навучэнцаў каледж атрымлівае пастаянна. Найперш — з сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў Пастаўшчыны: менавіта тут працуе больш за трэць выпускнікоў.

— На некаторы час падрыхтоўка па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” была прыпынена, але сёлета яна аднаўляецца на платнай завочнай форме навучання. Патрэба ў бухгалтарах у нашым рэгіёне не знікла, — пераконвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Наталля Шылько. — Распаўсюджана думка, што рынак працы перанасычаны спецыялістамі гэтага профілю. Аднак наўрад ці малады бухгалтар, які набыў адукацыю ў сталіцы або абласным цэнтры, ахвотна паедзе працаваць у сельскую мясцовасць. Хутчэй пастараецца ўладкавацца на работу нават не па спецыяльнасці — абы ў горадзе, замацавацца там усімі праўдамі і няпраўдамі. А нашы дзеці — і гэта справядліва для выпускнікоў усіх спецыяльнасцей — вяртаюцца дадому, у родныя вёскі. У юнацтве нас спакусліва маняць нязведаныя далі і бліскучыя перспектывы, між іншым, нярэдка надуманыя. Усвядоміць гэта можна, калі даць выпускнікам школ раёна набыць запатрабаваную прафесію і потым рэалізаваць сябе ў ёй, не адрываючыся ад сям’і, сяброў, звыклых умоў жыцця. Пастарацца, каб маладыя людзі захацелі застацца на зямлі бацькоў, развівалі раён, жылі ў ім і стваралі яго будучыню.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.