Своечасова прачытаць свае кнігі

- 15:41Нам пішуць

Мы жывём у эпоху тэлебачання і камп’ютарызацыі. Варта націснуць клавішу — і можна знайсці цікавую інфармацыю.

Узнікае пытанне: можа, і не патрэбна цяпер кніга? Адказ на гэтае пытанне навучэнцы нашай школы знайшлі падчас сустрэчы з протаіерэем Любчанскай Свята-Ільінскай царквы Аляксандрам Івойлавым. У рамках тыдня праваслаўнай кнігі школьны бібліятэкар Людміла Разумава арганізавала выставу праваслаўнай кнігі, падрыхтавала цікавы сцэнарый пра Біблію, а айцец Аляксандр расказаў пра сваю першую сустрэчу з кнігай (ён чытаў ужо ў чатыры гады і любоў да кнігі захаваў на ўсё жыццё — гэтаму навучылі бацькі). Навучэнцы ўбачылі і змаглі пачуць шолах старадаўніх кніг XIX — пачатку XX стагоддзяў, адчуць пах скураной вокладкі, дакрануцца да старонак спавядальнай кнігі: у прыватнай калекцыі айца Аляксандра — больш за семсот асобнікаў старадаўніх кніг. А вучню 11 класа, пераможцу абласной алімпіяды па гісторыі Андрэю Гесту, протаіерэй падарыў кнігу пра святых Кірыла і Мяфодзія.

Кніга сучаснаму чытачу патрэбна! Да такой высновы прыйшлі ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Мудра калісьці заўважыў акадэмік Д.С.Ліхачоў: “Каб не празяваць сваё жыццё, чалавек павінен абавязкова своечасова прачытаць свае галоўныя кнігі”. Менавіта ў патрэбны час! Спяшайцеся, юныя сябры, знайсці і прачытаць свае кнігі!

Ірына МОНІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.