Свой шлях

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Віктараўна Саўчук з гімназіі № 2 Пінска штодзённай працай даказвае, што педагогіка можа быць любімай справай на ўсё жыццё. Нездарма яна стала адной з пераможцаў абласнога этапу сёлетняга рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”.

— Калі пачынала свой прафесійны шлях, дзеці вельмі хацелі са мной сябраваць, называючы важатай Оляй. Мінула 20 гадоў. Сёння яны называюць мяне Вольгай Віктараўнай і прыводзяць сябраваць са мной ужо сваіх дзяцей. Калі вы цікавыя ім у 20 гадоў — гэта натуральна, а калі ў 30, 40 і далей — значыць, вы на сваім месцы, — гаворыць В.В.Саўчук.

За 20 гадоў работы настаўніца, выпускніца філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, шмат разоў гаварыла сваім вучням: “Добрай раніцы, сядайце!” Тры з паловай тысячы раніц былі па-сапраўднаму добрымі і шчодрымі на цікавыя і карысныя справы. Вольга Віктараўна ведае, як зрабіць заняткі запамінальнымі. На дапамогу прыходзяць урокі-праекты, інсцэніроўкі, гульні, сустрэчы з людзьмі, аўкцыёны, лабараторыі, КВЗ, творчыя майстэрні, спаборніцтвы, канферэнцыі… Усіх сакрэтаў не злічыць!

— Няма нічога лепшага, чым сумесная праца з вучнямі, — лічыць педагог. — Толькі агульная справа прыносіць адчувальныя вынікі. І такіх спраў у нас вялікае мноства! Дзеці цікавяцца ўсім. Разам з імі пашыраю кругагляд і я. З дзецьмі ніколі і нідзе не пагражаюць адзінота і самота. Выхаванцы пастаянна прымушаюць рухацца наперад, развівацца. Але я не хачу, каб яны ішлі па маіх слядах. Я хачу, каб яны ішлі побач, а потым пайшлі далей, чым я магла ўявіць. Ганаруся, што сярод выпускнікоў ваенна-патрыятычных класаў, дзе я працавала класным кіраўніком, 17 афіцэраў Узброеных Сіл Беларусі.

Вольга Віктараўна жартуе, што ў жыцці нельга патлумачыць 4 рэчы: каханне, час, прастору і чаму стаў настаўнікам. У дзяцін­стве будучы педагог марыла, як і большасць дзяўчынак, стаць актрысай.

— Да сённяшняга часу памятаю заняткі ў тэатральным гуртку, калі яго кіраўнік спытала ў нас, што значыць быць каралевай, — расказвае В.В.Саўчук. — Усе навыперадкі гаварылі пра нейкія банальныя рэчы, пасля чаго педагог сказала: “Быць каралевай — значыць умець мяняць атмасферу ў пакоі, куды захо­дзіце…” Гэтую асаблівую атмасферу адчуваю і імкнуся ствараць штодзень, калі заходжу ў клас. Як і ў тэатры, званок кліча на сустрэчу з маімі гледачамі-вучнямі. Нібы рэжысёр, выбіраю тэму свайго выступлення і яго характар: маналог, дыялог, гульні, спевы, жарты… Галоўнае, каб атмасфера падчас сустрэчы была максімальна шчырая. Са сваімі гледачамі-вучнямі пражываю 100 жыццяў адразу: радуюся і сумую, спрачаюся і згаджаюся, дару і прымаю, вандрую і мару… Пераканалася, што быць настаўніцай лепш, чым актрысай, бо я заўсёды адчуваю сябе запатрабаванай.

Канечне, у прафесійным станаўленні не абышлося без цяжкасцей і памылак, але Вольга Віктараўна адносіцца да іх з гумарам і па-філасофску: “Без іх не трапіш на правільны шлях. А правільны ён тады, калі свой. У чалавека са сваім шляхам няма канкурэнтаў!” І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

— Я люблю сваю справу, бо, калі працую, адпачываю, — прызнаецца В.В.Саўчук. — У мяне вырастаюць крылы ад поспехаў вучняў, іх інтэлектуальнага і творчага росту. Рэцэпт любімай справы просты: дробка інфармацыйнага галадання раз на тыдзень, дзве чайныя лыжкі штодзённай працы, асноўны інгрэдыент — пякучы намер дзейнічаць, 200 грамаў разумення (дзеля чаго я гэта ўсё раблю), тры сталовыя лыжкі цяжкасцей (па жаданні і гусце), 1,5 кілаграма карысці для свету і палова шклянкі вады. Усё гэта ўліць у сваю галаву, не боўтаць, раскласці па палічках.

Вольгу Віктараўну вельмі хвалюе праблема, як выхаваць у сучасным інфармацыйным грамадстве гарманічна і духоўна развітую асобу. Як вядома, адным з галоўных паказчыкаў духоўнай культуры чалавека з’яўляецца мова. Таму прыярытэтныя напрамкі педагагічнай дзейнасці В.В.Саўчук — абуджэнне павагі да роднага слова, павышэнне матывацыі да вывучэння беларускай мовы як важнага кампанента нацыянальнай культуры. Для папулярызацыі роднай мовы настаўніца з вучнямі стварыла анлайн-праект у групе “УКантакце” — “Гэта наша мова”.

— Знаёмлю хлопчыкаў і дзяўчынак з запаветамі, пакінутымі нам продкамі ў лепшых літаратурных творах, — гаворыць Вольга Віктараўна. — Вучу любіць васілёк Максіма Багдановіча, каласы пад сярпом Уладзіміра Караткевіча, шырокія прасторы Якуба Коласа, рабіну ў квецені Івана Мележа… Падарожнічаю з дзецьмі па роднай краіне, ладжу фальклорныя святы, якія ўслаўляюць галоўныя якасці беларускага народа: дабрыню, гасціннасць, працавітасць, шчырасць… Гэта абавязак педагога, сэрцам адданага роднай зямлі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.