Свой стыль 

- 18:31Актуальна, На парадку дня

Да пачатку новага навучальнага года ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі павінны вызначыць для сябе той элемент дзелавога стылю адзення, які будзе адрозніваць школу ад іншых.

Пра гэта нагадаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай падчас прэс-канферэнцыі “Правядзенне школьных базараў: забеспячэнне вытворчасці, пастаўкі і рэалізацыі тавараў да новага навучальнага года” .

Тэма абавязковай школьнай формы пачала актыўна абмяркоўвацца ў пачатку летніх канікул. Увядзенне дзелавога стылю адзення ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачалося з 2006/2007 навучальнага года, але актуалізавалася гэтае пытанне не так даўно.

“У кірунку ўвядзення школьнай формы Міністэрства адукацыі актыўна супрацоўнічае з “Беллегпрамам”, — нагадаў Аляксандр Кадлубай. — Сёння наша сумесная работа выйшла на новы ўзровень. Школы павінны вызначыцца са сваім адметным элементам адзення. Тым не менш мы не навязваем ніякіх тэндэнцый. Савет установы адукацыі, у які ўваходзяць педагагічныя работнікі, кіраўнік, бацькі і, безумоўна, дзеці самі павінны вызначыцца і прыйсці да агульнага рашэння”.

Дарэчы, у краіне каля 20% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі даўно маюць свае адметныя элементы ­адзення: школьныя сукенкі, гальштукі, пінжакі, камізэлькі і інш. 

“Не так даўно Міністэрства адукацыі сумесна з канцэрнам “Беллегпрам” правялі паказ лінейкі школьнага ­адзення, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — На ім прысутнічалі кіраўнікі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці і Мінска. Разам мы абмеркавалі, як павінна ўводзіцца школьная форма ва ўстановах адукацыі. Дарэчы, падобныя паказы ў гэтым месяцы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны, а значыць, бацькі і дзеці змогуць паглядзець, які стыль адзення ім прапануецца.  

Міністэрства адукацыі сочыць за падрыхтоўкай да новага навучальнага года. Традыцыйна вызначаны пералік тавараў, якія неабходны навучэнцам з 1 па 11 клас. Гэтая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства адукацыі. Там жа можна паглядзець на прыклады вокладак дзённікаў. Сёлета Міністэрствам адукацыі была распрацавана адзіная вокладка дзённікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. 

Гандлёвыя арганізацыі краіны загадзя пачалі падрыхтоўку да школьнага сезона. Асноўныя пастаўкі тавараў адбыліся ў маі. Ужо сёння пакупнікам прапаноўваецца больш чым 200 мадэлей швейных вырабаў, каля 70 мадэлей трыкатажных вырабаў і вялікі выбар абутку для хлопчыкаў і дзяўчынак. 

Каб задаволіць патрэбы і дзяцей, і бацькоў, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю яшчэ вясной прадаставіла канцэрну “Беллегпрам” прыблізны пералік школьных тавараў, якія неабходна вырабіць. 

“Сёння па ўсёй краіне пачаўся продаж тавараў да школьнага сезона, — анансавала начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава. —  Па ўсёй краіне арганізавана работа больш чым 400 школьных базараў і кірмашоў. Таксама запланавана правядзенне агульна­гарадскіх кірмашоў “Добры дзень, школа!”. У гандлёвых арганізацыях аформлены куткі школьніка і першакласніка. 

У арганізацыях гандлю сёлета бу­дзе прадстаўлена больш чым 400 ма­дэлей адзення, да 100 мадэлей абутку і больш чым 100 мадэлей сумак, ранцаў, рукзакоў і пісьмовых прылад. 

“Школьную форму айчынных вытворцаў можна набыць у тым ліку ў буйных інтэрнэт-магазінах, — нагадала прадстаўнік МАРГ. — Традыцыйна пік продажу школьных тавараў у гандлёвых кропках прыпадае на другую палову жніўня. Што тычыцца школьнага асартыменту, то адзенне і абутак у магазінах краіны ў асноўным прадастаўлены таварамі айчыннай вытворчасці. Але для задавальнення запыту пакупнікоў асартымент, якога не дастаткова, дапаўняецца імпартнымі таварамі”. 

Сёлета кошт камплекта адзення дзелавога стылю будзе ад 70 руб­лёў для навучэнцаў пачатковай школы. Для навучэнцаў старшых класаў мінімальны кошт камплекта вопраткі складзе ад 80 рублёў і вышэй. 

“Адпускны кошт на школьную форму, па звестках “Беллегпрама”, вырас на 10%, — сказала Н. Мельнікава. — Гэта звязана з тым, што адбываецца павышэнне кошту сыравіны і камплектуючых матэрыялаў. Прыблізны кошт набораў школьна-­пісьмовых і канцылярскіх прылад будзе пачынацца ад 35 рублёў. Для школьнага асартыменту гандлёвымі арганізацыямі прымяняецца надбаўка 30% і больш. На мінулагоднія мадэлі надбаўка можа быць да 20%”. 

Дарэчы, асобныя прадпрыемствы гандлю прадастаўляюць скідкі мнагадзетным сем’ям і сем’ям, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайтах арганізацый гандлю і выканаўчых камітэтаў.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.