Свята атрымалася!

- 11:40Актуально, Апошнія запісы

“Настаўніцкая газета” зноў накіравалася ў рэгіёны з цяпер ужо традыцыйнай рэкламна-інфармацыйнай акцыяй для сваіх падпісчыкаў. Першым прыпыначным пунктам святочнага марафону стала Віцебская вобласць. У мінулы чацвер незабыўнае свята было арганізавана для настаўніцтва Магілёўшчыны.

Амаль шэсцьсот педагогаў з усіх куткоў вобласці сабралася ў абласным Цэнтры творчасці на свята з любімым выданнем. Разам з “Настаўніцкай газетай” педагогі Прыдняпроўскага краю крочаць і ў святы, і ў будні. Па выніках апошніх двух гадоў Магілёўшчына з’яўляецца лідарам падпіскі на галіновае выданне. Цікавасць да газеты праяўляюць у кожным з раёнаў вобласці. Актыўнымі чытачамі “Настаўніцкай” выступаюць педагогі Касцюковіцкага, Быхаўскага, Горацкага, Бялыніцкага, Крычаўскага раёнаў. Пастаянныя верныя сябры выдання — настаўнікі Магілёва і Бабруйска.
Самыя актыўныя падпісчыкі на “Настаўніцкую газету” былі адзначаны падчас акцыі. Начальнік Касцюковіцкага аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Міхайлаўна Сіроткіна разам з начальнікам Быхаўскага аддзела адукацыі, спорту і турызму Васілём Міхайлавічам Батвянковым атрымалі ў падарунак дыпломы і мультымедыйныя праектары. Дырэктару Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Алегу Адамавічу Бахановічу як лідару падпіскі сярод устаноў адукацыі рэгіёна быў уручаны камплект 3D-акуляраў. Падзяка за плённае супрацоўніцтва была аб’яўлена кіраўніцтву ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас устаноў адукацыі, якія найбольш цесна супрацоўнічалі з газетай, іх кіраўнікі разам з самымі актыўнымі пазаштатнымі аўтарамі былі адзначаны ганаровымі граматамі. Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў падзякаваў усім педагогам вобласці за іх непахісную падтрымку галіновага выдання.
— Магілёўшчына сапраўды высока падняла планку ва ўзаемадзеянні і супрацоўніцтве, і мы вам за гэта вельмі ўдзячны. Удзячны не толькі за тыраж, але і за інфармацыйную падтрымку. Наш карпункт на Магілёўшчыне самы актыўны. Педагогі вобласці з вялікім задавальненнем і энтузіязмам адгукаюцца на наш праект па творчым узаемадзеянні з рэгіёнамі, з пастаяннай перыядычнасцю дзеляцца сваім вопытам і метадычнымі распрацоўкамі. Мы гэтаму вельмі рады. Зрабіць наша выданне інфармацыйна насычаным толькі сіламі журналістаў амаль немагчыма. Без вас, педагогаў, газета не была б такой змястоўнай і цікавай, таму спадзяёмся, што ў такім жа ключы наша супрацоўніцтва працягнецца і ў далейшым, — сказаў Вадзім Аляксандравіч.
Святочнае мерапрыемства “Настаўніцкай газеты” прайшло напярэдадні яшчэ аднаго свята — Міжнароднага жаночага дня. А кожнае свята — гэта магчымасць лішні раз аказаць знакі ўвагі за добрую работу. Што і зрабіў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў. За шматгадовую плённую працу і высокае прафесійнае майстэрства граматамі ўпраўлення адукацыі былі ўзнагароджаны 25 педагогаў жанчын.
Своеасаблівым падарункам у святочны дзень для ўсіх прысутных стаў феерычны двухгадзінны канцэрт. Сваімі яскравымі выступленнямі настаўніцтва Магілёўшчыны радавалі пераможцы творчага конкурсу па падтрымцы адоранай моладзі “Звонкая раніца”, арганізаваным “Настаўніцкай газетай” і НДЦ “Зубраня”, таленавітыя педагогі з розных куткоў Беларусі, а таксама зоркі нашай эстрады — Георгій Калдун і Гюнеш.
Нумары ўсіх артыстаў прыйшліся публіцы даспадобы. Бурнымі авацыямі завяршаліся выступленні Уладзіслава Качана, Вадзіма Лукашэвіча, Марыі Дубінко, Уладзіслава Пакалюка, Уладзіміра Ізотава, Веранікі Лашковай, Артура Міроненкі, Кацярыны Ардынец, Алесі Ганчаровай, вакальнай групы народнага аматарскага калектыву тэатра-студыі “Вясёлка” і групы “ЗеРо” (Вадзім Лукашэвіч, Уладзіслаў Пакалюк, Аляксей Цімашэнка, Серафім Лазука). Парадавалі публіку танцавальныя калектывы “Эльфрыданс” з Горак Магілёўскай вобласці, “Экшн” з Петрыкава і “Драйв” з Хойнікаў Гомельскай вобласці. Незабыўныя ўражанні ў гледачоў пакінула і выступленне ўладальніцы гран-пры “Звонкай раніцы” цяперашняга года Веранікі Самускевіч, а таксама музычнае віншаванне ад Ірыны Аляксеенка, Валерыі Кашуба, Святланы Голуб, Ірыны Савіцкай. Увогуле, кожны нумар нёс у сабе пазітыўную энергію, якой у выніку зарадзілася ўся глядзельная зала.
Бясконца гучалі апладысменты, не сыходзілі ўсмешкі з твараў гледачоў — свята атрымалася! Праўда, неяк незаўважна прабег час мерапрыемства. Але наперадзе сяброў “Настаўніцкай газеты” чакае яшчэ шмат святочных сустрэч. Таму будзем разам і далей!

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.