Свята, дарагое для ўсіх нас

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

У адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа паступілі шматлікія віншаванні з 75- годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Адпаведныя пасланні накіравалі кіраўнікі замежных краін, інтэграцыйных аб’яднанняў, вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

“Перамога над нацызмам — наш агульны вялікі здабытак. Свяшчэнны абавязак цяперашніх пакаленняў расіян і беларусаў — назаўсёды захаваць памяць аб тых, хто цаной незлічоных ахвяр і нягод адстаяў свабоду роднай зямлі, акружыць увагай і клопатам нашых дарагіх ветэранаў”, — гаворыцца ў віншаванні ад Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Та­каеў падкрэсліў, што 9 мая 1945 года з’яўляецца свяшчэннай датай, якая назаўсёды застанецца ў гісторыі як сімвал з’яднанасці і бяспрыкладнага подзвігу народаў у барацьбе з фашысцкай агрэсіяй. “Лепшай данінай памяці нашых бацькаў і дзядоў будзе далейшае развіццё стратэгічнага партнёрства паміж Казахстанам і Беларуссю, заснаванага на моцнай дружбе, узаемным даверы і падтрымцы”, — упэўнены ён.

У сваю чаргу першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў у віншавальным пасланні падкрэсліў, што Дзень Вялікай Перамогі з’яўляецца адным з найбольш яркіх сімвалаў дружбы паміж народамі, які звязвае мінулае і сучаснасць Казахстана і Беларусі.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у віншавальным пасланні адзначыў, што Дзень Перамогі — гэта слаўнае свята, якое дарагое для ўсіх нас. “Упэўнены, што дружба, з’яднанасць і ўзаемападтрымка нашых народаў, якія прайшлі цяжкія выпрабаванні ваенных гадоў, і ў далейшым будуць трывалай асновай для развіцця і ўмацавання адносін паміж Азербайджанскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь”, — гаворыцца ў віншаванні ад азербайджанскага лідара.

Віншавальныя пасланні таксама паступілі ад Прэзідэнта Арменіі Армена Саркісяна і прэм’ер-міністра гэтай краіны Нікола Пашыняна. У іх таксама гаворыцца аб захаванні памяці аб мужнасці і подзвігу воінаў-вызваліцеляў, працаўнікоў тылу. “Несумненна, бясцэнная спадчына Вялікай Перамогі і сёння заклікае нас умацоў­ваць вузы дружбы, сумесна рэагаваць на выклікі і пагрозы сучаснасці, паслядоўна паглыбляць армяна-беларускае супрацоўніцтва на карысць мірнага развіцця нашых краін”, — гаворыцца ў віншаванні ад Нікола Пашыняна.

“Сёння ў сувязі з пандэміяй каранавіруса мы ў поўнай меры ўсведамляем, які няўстойлівы і малы гэты свет, які ён недасканалы і не абаронены ад нас саміх і як трэба абыходзіцца з ім, каб зберагчы на стагоддзі. Таму перад тварам пераможцаў у той самай жорсткай вайне народы павінны аб’яднацца, каб процістаяць ужо ў мірны час гэтай страшнай пагрозе. Перакананы, што сваімі справамі, сілай духу і стойкасцю ветэраны дапамагаюць нам з годнасцю прайсці суровыя выпрабаванні, якія выпалі на нашу долю, і дабіцца перамогі”, — адзначыў у сваім віншаванні Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон.

Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што Вялікая Перамога была дасягнута дзякуючы мужнасці, гераізму, з’яднанасці і самаадданай працы ўсіх народаў Савецкага Саюза. “Выказваю ўпэўненасць у тым, што выпрабаваныя часам адносіны дружбы і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, прытрымліваючыся слаўных традыцый братэрства, узаемнай павагі, падтрымкі і ўзаемадапамогі, і ў далейшым будуць умацоўвацца і прымнажацца на ка­рысць нашых народаў, у імя забеспячэння ўсеагульнага міру і стабільнасці”, — гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў падкрэсліў, што агульны святы абавязак — беражліва захоўваць і шанаваць па­мяць аб гераізме абаронцаў Айчыны, якія плячо ў плячо змагаліся супраць фашызму ў гады самай разбуральнай вайны ў гісторыі чалавецтва. Ён перакананы, што добрыя традыцыі дружбы і ўзаемаразумення, якія прайшлі сапраўды суровае выпрабаванне ў цяжкія ваенныя гады, і ў далейшым паслужаць трывалай асновай для далейшага развіцця і ўмацавання ўсебаковага супрацоўніцтва і шматпланавага ўзаемадзеяння паміж Кыргызстанам і Беларуссю.

“Свята Перамогі — найвялікшая падзея, якая ўвасобіла імкненне чалавецтва да міру, дружбы і братэрства, да перамогі гуманізму і дабра, — падкрэсліў у сваім віншавальным пасланні Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. — У гэты знамянальны дзень шчыра жадаю вам і ўсім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны вашай краіны моцнага здароўя, шчасця і даўгалецця, а дружалюбнаму народу Беларусі — міру, дабрабыту і росквіту”.

Віншавальнае пасланне таксама паступіла ад Прэзідэнта Сірыі Башара Асада. Ён перадаў дружалюбнаму беларускаму народу віншаванні і пажаданне стабільнасці, далейшага развіцця і росквіту, а таксама падкрэсліў важ­насць памяці аб героях. “Гэтыя подзвігі абавязкова натхняюць усе народы, якія падвяргаюцца розным відам войнаў і ўмяшанняў звонку з мэтай адабраць волю і кіраваць краінай”, — адзначыў сірыйскі лідар.

У адрас кіраўніка беларускай дзяржавы і народа паступіла шмат іншых віншаванняў са святам Перамогі.