Свята для душы

Свята першага званка заўсёды выклікае мноства пачуццяў. Гэта і хваляванне перад новымі выклікамі, і радасць сустрэчы з сябрамі, і невялікі сум аб летніх дзяньках. Гэтыя эмоцыі раздзяляюць з дзецьмі і дарослыя — бацькі, педагогі, а таксама ганаровыя госці, якія абавязкова наведваюць установы адукацыі, каб павіншаваць усіх з галоўным школьным святам. Так, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.В.Ляшэнка ўзяў удзел ва ўрачыстай лінейцы ў бараўлянскай сярэдняй школе № 3 Мінскага раёна.

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 — установа зусім новая, яна была адкрыта ў мінулым годзе. Сёлета сюды на свята першага званка спяшаліся каля 1200 навучэнцаў. Сярод іх — 165 першакласнікаў, якія будуць навед­ваць 7 класаў.

Ігар Васільевіч Ляшэнка прызнаўся, што наведаць школу 1 Верасня — гэта свята для душы. Намеснік прэм’ер-міністра, вітаючы школьнікаў, адзначыў, што яны павінны стаць сапраўднымі грамадзянамі, якія праслаўляюць сваю краіну.

 — Школа — гэта асноўная пляцоўка, дзе вы атрымліваеце веды, пазнаяце навакольны свет, вучыцеся мець зносіны адно з адным. Школа раскрывае вашы таленты і здольнасці, — сказаў Ігар Васільевіч. — Мы чакаем ад вас руплівага навучання, якое будзе адпавядаць патрабаванням заўтрашняга дня, а школа і вашы педагогі прадастаўляюць для гэтага ўсе магчымасці.

І.В.Ляшэнка пажадаў вучням здзяйс­нення іх мар і планаў, а таксама дасягнення высокіх вынікаў у вучобе і спорце.

Намеснік прэм’ер-міністра па­знаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і педкалектывам установы. Школа вялікая, прыгожая, добра абсталяваная. Тут працуюць 42 вучэбныя кабінеты, 4 лінгафонныя кабінеты і 2 камп’ютарныя класы, кабінет абслуговай працы і слясарныя майстэрні, майстэрні па апрацоўцы тканін, металу і дрэва, кабінет кулінарыі. Педагогі могуць выкарыстоўваць інтэрактыўныя дошкі і мультыборды. Створаны цудоўныя ўмовы для заняткаў спортам: у школе ёсць басейн, дзве спартыўныя і тры трэнажорныя залы, студыя харэаграфіі, поле для міні-футбола. Ва ўстанове створана ўніверсальнае безбар’ернае асяроддзе: працуюць спецыяльны ліфт, гусенічныя пад’ёмнікі для перамяшчэння па лесвіцы, пандусы і санітарныя пакоі.

Каб цудоўныя ўмовы для навучання сталі яшчэ лепшымі, І.В.Ляшэнка ўручыў у падарунак установе мультыборд і спартыўнае абсталяванне.

Свята, напоўненае радасцю, пачынае навучальны год, які будзе напоўнены працай. Хлопчыкі і дзяўчынкі адпраўляюцца настойліва спасцігац­ь навукі, атрымліваць глыбокія веды, рэалізоўваць свае таленты, станавіцца патрыётамі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.