Свята для магілёўскага настаўніцтва

- 15:11Актуально, Рознае
“Настаўніцкая газета” зноў накіравалася ў рэгіёны. У мінулы чацвер стартавала новая рэкламна-інфармацыйная акцыя, арганізаваная кіраўніцтвам выдання для сваіх падпісчыкаў. Першым выдатнае свята прымала настаўніцтва Магілёўскай вобласці.

Дарэчы, Прыдняпроўскі край невыпадкова быў абраны першым пунктам прыпынку мерапрыемства, бо вобласць сапраўды першая. Магілёўшчына — абсалютны лідар сярод іншых абласцей па выніках падпіскі на “Настаўніцкую” ў 2013 годзе. Сярэднямесячны тыраж газеты па рэгіёне летась склаў звыш 7 500 экзэмпляраў! І сёлета магілёўскія педагогі не саступаюць свайго заяўленага раней першынства. Па выніках падпіскі на першы квартал бягучага года чытачоў галіновай газеты ў вобласці стала яшчэ больш.
Бясспрэчным лідарам падпіскі ў Магілёўшчыны атрымліваецца быць дзякуючы цікавасці да газеты ва ўсіх раёнах вобласці. Развіццю гэтай цікавасці шмат у чым спрыяе праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, у рамках якога ў вобласці крыху больш за год працуе карэспандэнцкі пункт.
Задавальненне інфармацыйных запытаў аўдыторыі аб дзейнасці сістэмы адукацыі павялічылася, у сувязі з чым значна ўзрасла і падтрымка “Настаўніцкай газеты” магілёўскімі чытачамі. Найбольш жа актыўнымі падпісчыкамі мінулага года сталі педагогі Крычаўскага, Бялыніцкага, Быхаўскага, Бабруйскага, Горацкага, Клімавіцкага, Асіповіцкага раёнаў. Па-ранейшаму шмат верных сяброў у выдання і ў самім Магілёве.
Самыя актыўныя падпісчыкі “Настаўніцкай” падчас акцыі і адзначаны былі асабліва. Начальнік Крычаўскага аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзіна Іванаўна Шамро разам з начальнікам Бялыніцкага аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідзіяй Аляксандраўнай Шчацінка атрымалі ў падарунак за актыўнасць ганаровыя дыпломы і мультымедыйныя ўстаноўкі. Дырэктару Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Алегу Адамавічу Бахановічу як лідару падпіскі сярод устаноў адукацыі рэгіёна была ўручана шматфункцыянальная прылада. Падзяка за плённае супрацоўніцтва была аб’яўлена і кіраўніцтву ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў шчыра дзякаваў усім педагогам вобласці за іх непахісную падтрымку свайго галіновага выдання.

Своеасаблівым падарункам за адданасць “Настаўніцкай” для ўсіх прысутных педагогаў стаў грандыёзны двухгадзінны канцэрт. Грандыёзным канцэрт названы без перабольшання, бо паглядзець там сапраўды было на што. Павіншаваць настаўніцтва Магілёўшчыны з’ехаліся пераможцы і ўдзельнікі творчага конкурсу “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” — “Звонкая раніца”, а таксама таленавітыя педагогі і навучэнцы з розных куткоў Беларусі. Іх яскравыя выступленні стварылі ў зале атмасферу сапраўднага свята. Песні юных вакалістаў і калег прыйшліся публіцы вельмі даспадобы. Бурнымі апладысментамі завяршаліся выступленні Артура Куцко, Кацярыны Філіпенка, Надзеі Рышкевіч, Аляксандры Пракаповіч, Караліны Богдан і Ягора Панасюка, Ангеліны Белавусавай і Яніны Гац. Незабыўныя ўражанні засталіся ў гледачоў пасля непаўторнага нумара ўладальніцы гран-пры “Звонкай раніцы” цяперашняга года — Яны Семіжон, дзівосны вакал якой суправаджалі салістка танцавальнага калектыву “Экшн” Вікторыя Юшчанка і акрабаты СДЮШАР “Багіма”. Яркімі, арыгінальнымі выступленнямі парадавалі публіку танцавальныя калектывы “Эльфрыданс” з Горак Магілёўскай вобласці, “Экшн” з Петрыкава і “Драйв” з Хойнікаў Гомельскай вобласці ды музычнага тэатра “Папяровая фантазія” са Светлагорска Гомельскай вобласці. На “ўра” сустрэлі прысутныя і выступленні сваіх калег — настаўніцы французскай мовы гімназіі № 1 Дуброўна Віцебскай вобласці Вольгі Малец, настаўніцы сярэдняй школы № 14 Пінска Святланы Шапялевіч, а таксама трыа “Візаві” настаўніц з сярэдняй школы № 8 Слоніма Гродзенскай вобласці. Цудоўным нумарам парадаваў гледачоў і магілёўскі ўзорны тэатр-студыя “Вясёлка”.

Кульмінацыйным момантам канцэрта сталі феерычныя выступленні даўно вядомай і ўпадабанай народам заслужанай артысткі краіны Іны Афанасьевай, якая спявала і сольна, і ў дуэце з юнымі артыстамі, выхадцамі праекта “Звонкая раніца” Вольгай Шамархан і Вадзімам Лукашэвічам. Дарэчы, асновай новай праграмы Іны Афанасьевай “Шчасце маё”, якая будзе ладзіцца пры падтрымцы “Настаўніцкай газеты”, стануць менавіта такія нумары: выхаванцы “Звонкай раніцы” будуць спяваць песні з рэпертуару Іны Уладзіміраўны. Некаторыя нумары гэтых канцэртаў педагогі Магілёўшчыны ўжо пачулі і атрымалі ад іх яўнае задавальненне. Як і ад усяго святочнага мерапрыемства ў цэлым.
Час разам з “Настаўніцкай газетай” праляцеў для магілёўскіх педагогаў незаўважна, але такая творчая сустрэча далёка не апошняя. Тых, хто крочыць разам з выданнем, наперадзе чакае яшчэ шмат цікавых сюрпрызаў і святочных сустрэч.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.