Свята для педагогаў, бацькоў і дзяцей

- 9:36Адукацыйная прастора

Яркія паветраныя шары на свежапафарбаваным фасадзе будынка, ззяючыя ўсмешкі дзяцей, радасныя твары бацькоў і педагогаў. Так урачыста і святочна прайшло адкрыццё новага дзіцячага сада ў Слаўгарадзе.

— Новы дзіцячы сад быў пабудаваны па звароце мясцовых жыхароў да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца. На працягу апошніх трох гадоў наш раён у лідарах па дэма­графіі ў вобласці. Дашкольная ўстанова была вельмі патрэбна. Важна, што яна была пабудавана ў рэкордна кароткія тэрміны. Гэта сведчыць аб тым, што праблемы грамадзян для мясцовых улад — у прыярытэце, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Слаўгарадскага райвыканкама Н.М.Голік. 

Дзіцячы сад быў пабудаваны ў мікрараёне, які інтэнсіўна забудоўваецца. Новую дашкольную ўстанову змогуць наведваць 75 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта дазволіць забяспечыць крокавую даступнасць дашкольнай адукацыі ў гарад­ской зоне.

Павіншаваць дзетак, бацькоў і су­працоўнікаў дзіцячага сада прыйшло нямала ганаровых гасцей. Сярод іх — памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта і інш.

На пабудову новага дзіцячага сада ў Слаўгарадзе было выдаткавана каля 3,8 млн рублёў. Фінансаванне вялося за кошт субвенцый рэспубліканскага бюджэту, перададзенага ў абласны на пераадоленне наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Выдаткі апраўдалі сябе. У дашкольнай установе размясціліся чатыры групавыя памяшканні, фізкультурная і музыкальная залы, бацькоўскі пакой і пакой псіхолага, кабінеты дзіцячай творчасці. На прылеглай тэрыторыі — яркая гульнявая зона, імі­джавая пляцоўка МНС. Адметна, што тут створана безбар’ернае асяроддзе. Плануецца, што адна з груп будзе інтэграванай, наведваць яе змогуць дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Адным словам, новы сад — гэта сучасная, функцыянальная ўстанова дашкольнай адукацыі, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для паўнавартаснага развіцця і выхавання дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Андрэя САЗОНАВА, “СБ”.