Свята для “сонечных” дзетак

- 14:57Навіны рэгіёнаў

Напярэдадні Сусветнага дня людзей з сіндромам Даўна Магілёўскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі па традыцыі гасцінна расчыніў свае дзверы для “сонечных” дзяцей і іх бацькоў.

— Мы кожны год праводзім мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму дню. Такім чынам імкнёмся прыцягнуць увагу грамадства да гэтай праблемы, паказаць, што дзеці з сіндромам Даўна мала чым адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў. “Сонечныя” дзеткі з задавальненнем выступаюць на канцэртах, займаюцца спортам, творчасцю. Проста ім трэба крыху больш нашай увагі, клопату, любові, і тады ў іх усё атрымліваецца, — адзначае дырэктар цэнтра Алена Мазалоўская.
У святочны дзень актавая зала цэнтра была перапоўнена “сонечнымі” дзеткамі і іх бацькамі. На мерапрыемства прыйшлі таксама валанцёры МДУ імя А.А.Куляшова, прадстаўнікі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Для гледачоў была падрыхтавана забаўляльная праграма “Як месяц у госці да сонца хадзіў”, якая акунула дзяцей і дарослых у чароўную, казачную атмасферу. Захапленне ў гледачоў выклікала і музычна-забаўляльная пастаноўка “Сонечныя” дзеці”. Валанцёры з МДУ імя А.А.Куляшова задзейнічалі ў ёй непасрэдна саміх дзетак. Яны спявалі і танцавалі, ігралі на шумавых інструментах, шчаслівыя ўсмешкі не сыходзілі з іх твараў. Парадаваліся малыя і падарункам ад РГА “Белая Русь” і абласнога ЦКРНіР.
На святочным мерапрыемстве можна было азнаёміцца з фотавыставай “Давай абдымемся!”, арганізаванай педагогамі цэнтра. На здымках — “сонечныя” дзеці за сваімі любімымі заняткамі. А вось бацькам, якія выхоўваюць дзяцей з сіндромам Даўна, была прадастаўлена магчымасць абмеркаваць агульныя праблемы, поспехі, пагаварыць аб радасцях і дасягненнях сваіх асаблівых дзетак. Напрыканцы свята ўсе яго ўдзельнікі намалявалі далонькамі сонца ў знак надзеі на лепшую будучыню.

Наталля ЛУСЦЯНКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай
рабоце Магілёўскага абласнога ЦКРНіР.