Свята для ўсіх нас

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

У рамках рэспубліканскай акцыі “Белая Русь” — з любоўю да дзяцей” у кожным рэгіёне краіны чыноўнікі, дэпутаты, кіраўнікі адміністрацый раёнаў, кіраўніцтва арганізацыйных структур “Белай Русі” віншавалі і ўручалі падарункі маладым маці.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава наведала РНПЦ “Маці і дзіця”. Яна прызналася, што шчыра рада чарговы раз разам з прадстаўнікамі грамадскай арганізацыі “Белая Русь” павіншаваць жанчын, якія 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, нарадзілі дзіця, а некаторыя і двайнят. Гэтая радасная падзея супала з юбілейнай датай — 75-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

“Гэта свята не толькі для маці, якія нарадзілі для сябе шчасце. Гэта свята для ўсіх нас, таму што вельмі хочацца, каб нас, беларусаў, было як мага больш. Дзеці — гэта будучыня нашай краіны, гэта тое, дзеля чаго мы жывём на зямлі”, — сказала Наталля Качанава.

Дзяржава робіць усё магчымае, каб падтрымліваць маладыя сем’і і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, адзначыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. У прыватнасці, эфектыўнай аказалася праграма сямейнага капіталу, таму яе плануецца прадоўжыць у найбліжэйшыя пяць гадоў.

Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Генадзь Давыдзька ўпэўнены, што нараджэнне дзіцяці — найважнейшая падзея ў жыцці любой жанчыны. “Вы нарадзілі дзетак у цудоўнай краіне, у якой велізарная, шчаслівая будучыня. Мы ў гэта не проста верым, мы стараемся рабіць усё, каб так яно і было”, — сказаў ён.

Размаўляючы з маладымі маці, міністр аховы здароўя Ула­дзімір Каранік пажадаў ім толькі планавых, не звязаных з праблемамі са здароўем, сустрэч з медработнікамі.

У Беларусі 3 ліпеня з’явіліся на свет 189 дзяцей. Дзве маці нара­дзілі двайнят. У Мінску ў Дзень Незалежнасці нарадзіліся 65 дзяцей: 36 хлопчыкаў і 29 дзяўчынак.

Што тычыцца шматдзетных сем’яў, то іх становіцца больш. Калі пяць гадоў назад было 78 тысяч такіх сем’яў, то, паводле апошніх даных, зараз ужо больш за 110 тысяч.

У рэспубліканскім маштабе акцыя “Белая Русь” — з любоўю да дзяцей” праводзіцца з 2009 года. Ужо больш за 3 тысячы маці па ўсёй рэспубліцы атрымалі падарункі ў гонар святкавання Дня Незалежнасці.