Прэзентацыя сваёй працы і арганізацыя сумеснай летняй занятасці дзяцей і іх бацькоў — у шматпрофільным цэнтры па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва знайшлі спосаб аб’яднаць гэтыя два напрамкі дзейнасці ў адно цэлае. Пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама педагагічны калектыў арганізаваў на базе школ раёна серыю свят двара.
Як патлумачыла загадчыца аддзела мастацкай творчасці і культурна-масавай работы цэнтра Наталля Каўшаенка, арганізоўваць падобныя мерапрыемствы стала ўжо традыцыяй.
— Такія святы мы праводзім штогод у кожнай з раённых школ. Яны дазваляюць згуртаваць дзяцей і бацькоў, арганізаваць іх агульны вольны час. А яшчэ ў ходзе іх правядзення наведвальнікі могуць на свае вочы ўбачыць дзейнасць большасці нашых аб’яднанняў па інтарэсах. Зараз іх у цэнтры налічваецца 147. Падчас свят некаторыя з іх прэзентуюць сябе. Для дзяцей такая мера — добрая магчымасць атрымаць неабходную інфармацыю наконт магчымасцей наведвання нашых гурткоў, — адзначыла Наталля Аркадзьеўна.
Дваровыя святы атрымаліся насычанымі і разнастайнымі. Увазе прысутных дэманстраваліся майстар-класы ад педагогаў дадатковай адукацыі цэнтра, выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Акрамя таго, для дзяцей і бацькоў былі арганізаваны невялікія канцэрты ад выхаванцаў “Юнацтва” і навучэнцаў тых школ, на базе якіх адбываліся мерапрыемствы. Для прысутных паўсюдна дзейнічалі тэматычныя пляцоўкі і нават своеасаблівы тату-салон. Завяршаліся мерапрыемствы гульнявой праграмай. Удзельнічаючы ў розных конкурсах, кожная сям’я атрымала масу станоўчых эмоцый і ўражанняў. А некаторыя бацькі і дзеці сур’ёзна зацікавіліся навучаннем у асобных гуртках цэнтра “Юнацтва”.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.