Свята дзіцячай творчасці

Яркае свята дзіцячай творчасці — так можна ахарактарызаваць абласны этап Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!” на Магілёўшчыне.

Для шматлікіх магілёўскіх навучэнцаў конкурс стаў пляцоўкай, дзе можна прадэманстраваць свае творчыя таленты. Калі дакладней, шансам паказаць сябе сёлета скарысталіся звыш 17 тысяч дзяцей з усіх раёнаў вобласці. З іх 500 навучэнцаў, якія сталі лепшымі на раённых турах агляду, прынялі ўдзел у выніковым гала-канцэрце. 

Хлопцы і дзяўчаты здзівілі журы разнастайнасцю сваіх талентаў. Канкурсанты захаплялі вакальным і харэаграфічным мастацтвам, інструментальнай музыкай, тэатральным майстэрствам, паказвалі тэатры моды і анімацыйныя фільмы, выступалі ў арыгінальным жанры. Прычым ва ўсіх прысутнічаў свой запамінальны вобраз і прадстаўленне нумара, што рабіла кожнае выступленне непаўторным. Але было і тое, што аб’ядноўвала. Сёлета конкурс прысвечаны Году малой радзімы і праходзіў пад дэвізам “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!”, таму многія ўдзельнікі прысвячалі свае выступленні прыгажосці роднага краю, дасягненням беларускага народа.

Акрамя гала-канцэрта, на абласным этапе конкурсу была арганізавана выстава дзіцячых работ у выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, прадстаўленая рознымі напрамкамі. Усе работы адрозніваліся даволі высокім узроўнем выканання.

Пераможнымі дыпломамі абласнога этапу агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!” былі ўзнагароджаны 300 навучэнцаў. Большасць з іх у найбліжэйшы час зможа праявіць свае таленты на рэспубліканскім узроўні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.