Свята дзяцінства

Дзень абароны дзяцей нагадвае нам, дарослым, пра чысціню, шчырасць і наіўнасць дзіцячай душы. Дзеці маюць патрэбу ў любові і абароне. 1 чэрвеня ў яслях-садзе № 13 Смаргоні па традыцыі прайшло свята “Дзень абароны дзяцей”.

Адкрыла мерапрыемства само Лета, а дапамагаў яму вясёлы клоўн Клепа. Пасля — спартыўныя спаборніцтвы, займальныя тэатралізаваныя прадстаўленні.

Да дзяцей з малодшых і сярэдніх груп прыляцелі Матылёк і Майскі Жук, каб парадаваць цікавымі гульнямі і карагодамі. Героі прынеслі ў падарунак чароўную скрынку з казачнымі прадметамі. Усе адгадвалі загадкі, гулялі з хмаркай і сонейкам, збіралі кветкі з яркіх пялёсткаў, спявалі песні пра лета і сяброўства, каталіся на паравозіку.

Дзеці са старэйшых груп сталі ўдзельнікамі тэатралізаванага спартыўна-музычнага прадстаўлення. Спаборнічалі ў спрыце і сіле. Дзякуючы дружбе і згодзе выратавалі Сонейка з дапамогай адважнага Мядзведзя. Выхаванцы чыталі вершы пра бясхмарнае дзяцінства, танцавалі з сонечнымі праменьчыкамі.

З велізарным натхненнем хлопчыкі і дзяўчынкі малявалі на асфальтавай дарожцы кветкі, сонца, неба… Напрыканцы казачныя героі падарылі маленькім непаседам салодкія прызы. Вось так смаргонскія дзеткі сустрэлі любімую пару года.

Таццяна ВАСІЛЕЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Яслі-сад № 13 г. Смаргоні”.