Свята гонару і веры ў будучыню

- 11:15Выхаванне

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — свята, падчас якога мы згадваем мінулае нашай краіны, услаўляем сённяшнія дасягненні і выказваем веру ў годную будучыню. Гэта свята адзначаецца ва ўсіх куточках нашай краіны маленькімі і дарослымі яе жыхарамі. Святкавалі Дзень Незалежнасці і ў летніх лагерах.

Удзел маладога пакалення ў святкаванні Дня Незалежнасці мае асаблівае значэнне — важна, каб яно разумела сэнс свята, адчувала гонар за Радзіму. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі зараз адпачываюць у летніках і сталі ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці, якія тут прайшлі. Арганізатары пастараліся, каб кожнае з іх было вясёлым, эмацыянальным і напоўненым сэнсам. Так, напрыклад, шмат мерапрыемстваў прайшло ў аздараўленчым лагеры, арганізаваным на базе санаторыя-прафілакторыя БНТУ “Палітэхнік”.

На працягу года ў “Палітэхніку” праходзяць аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне студэнты. Упершыню на базе ўстановы арганізавалі аздараўленчы дзіцячы лагер. На 4 змены сюды прыедуць дзеці ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Зараз на другой змене адпачываюць 240 хлопчыкаў і дзяўчынак. Працуюць з імі ўдзельнікі студэнцкага педагагічнага атрада БДПУ “Ветразь”.

Дзень Незалежнасці ў лагеры адсвяткавалі цікавымі і змястоўнымі мерапрыемствамі, накіраванымі на тое, каб дзеці яшчэ больш даведаліся аб сімвалах, культуры, гісторыі нашай краіны.

— Мы пастараліся стварыць для дзяцей святочную атмасферу, і ў той жа час імкнуліся, каб мерапрыемства стала для іх не проста забавай, а часам, праведзеным з карысцю. Усё арганізавалі так, каб у цікавай, неназойлівай форме дзеці атрымлівалі новую інфармацыю і ўзгадвалі тое, што ўжо ведаюць, — расказвае старшы педагог лагера “Палітэхнік” Уладзімір Сяргеевіч Самуленкаў. — Заданні, конкурсы, гульні падбіралі з улікам узроставых асаблівасцей і магчымасцей дзяцей.

У кожным атрадзе прайшлі тэматычныя інфармацыйныя гадзіны, на якіх хлопчыкі і дзяўчынкі згадвалі вытокі свята. Далей іх чакалі міні-кірмаш і арт-крос: кожны атрад і важатыя падрыхтавалі 14 этапаў з рознымі заданнямі. Прапаноўвалася скласці мазаіку з выявай карты Беларусі, успомніць славутасці нашай краіны, вырабіць абярэгі з беларускай сімволікай і народную ляльку, расказаць вершы беларускіх класікаў, паспрабаваць вымавіць скорагаворкі, прадэманстраваць эрудыцыю ў віктарыне, прысвечанай гісторыі і сучаснасці Беларусі. Жадаючыя маглі зрабіць здымкі ў фотазоне, атрымаць на руцэ малюнак у выглядзе аднаго з сімвалаў, якія выкарыстоўвалі ў вышыўцы нашы продкі, наведаць імправізаваную цырульню, дзе дзяўчынкам упляталі ў валасы стужкі. Старэйшыя выхаванцы лагера былі запрошаны на ток-шоу, дзе разам разважалі пра мінулае і будучыню Беларусі, патрыятызм і ролю моладзі ў лёсе краіны. Яркімі падзеямі сталі святочны сумесны канцэрт важатых і выхаванцаў лагера, а таксама тэматычная дыскатэка.

Адзначым, што святкаванне Дня Незалежнасці стала важным складнікам грамадзянска-патрыятычнага выхавання, якому ў лагеры надаецца значная ўвага. На працягу змены дзеці ўдзельнічаюць у конкурсе малюнкаў “Малая Радзіма вачамі дзяцей”, конкурсе 3D-малюнкаў на асфальце “Мая Радзіма Беларусь”. З ахвотай дзеці здымаюць відэаролікі, прысвечаныя творам беларускай літаратуры, для конкурсу “Літара А”. Наперадзе — конкурс выканаўцаў песень на беларускай мове або беларускіх аўтараў, а таксама ваенна-патрыятычны праект “Маю гонар!”.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.