Свята гуманітарных дысцыплін

- 11:46Нам пішуць

Як прывіць школьнікам любоў да прадмета? У сярэдняй школе № 4 Магілёва гэтую праблему вырашаюць не толькі на ўроках, але і на пазакласных мерапрыемствах. Па шматгадовай традыцыі, сёлета зноў прайшло свята гуманітарных дысцыплін. Мэта такіх мерапрыемстваў у школе — выклікаць жывую цікавасць да гісторыі, да рускай і беларускай моў, спрыяць развіццю творчых здольнасцяў навучэнцаў.

Да пачатку тыдня навучэнцы выпусцілі маляўнічыя насценгазеты на рускай і беларускай мовах. Тут былі і шарады, і крыжаванкі, і займальны матэрыял па мовах, літаратуры, гісторыі. Некаторыя газеты былі прысвечаны творчасці асобных паэтаў і пісьменнікаў.

Адкрыццё тыдня сталася яркае, цікавае і пазнавальнае. Рускія народныя песні чаргаваліся з беларускімі, чытальнікі дэманстравалі прамоўніцкае майстэрства, выконваючы ўласныя паэтычныя радкі і вершы класікаў.

На працягу ўсяго тыдня старшакласнікі прыходзілі да навучэнцаў пачатковай школы з выступленнямі, прэзентацыямі і віктарынамі па гісторыі, літаратуры і мове. Малышы таксама з задавальненнем удзельнічалі ў інтэрактыўных гульнях, прысвечаных асобным гістарычным падзеям.

Мерапрыемстваў было шмат, пазнавальных і забаўляльных. Увесь тыдзень працавала кіназала, дзе дэманстраваліся фільмы па літаратурных творах, мультфільмы на беларускай мове. Праводзіўся лекторый “Магілёў губернскі”: дзеці даведваліся пра невядомыя старонкі гісторыі роднага горада.

Вучні 5 класаў удзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Усязнайкі”. Падчас конкурсу чытальнікаў “Зімовыя ўзоры” сямікласнікі дэкламавалі вершы класікаў і сучасных паэтаў Беларусі. Знакавым мерапрыемствам сталі таксама “Калядкі” — вось дзе было і цікава, і весела, і пазнавальна. Касцюмы беларускіх народных персанажаў, прымаўкі, жарты, песні не пакінулі без добрага настрою ніводнага дзіцяці, ды і нас, настаўнікаў.

А літаратурная вечарына, прысвечаная творчасці А.С.Пушкіна, сабрала поўную залу гледачоў. Касцюмы, афармленне залы, сцэна — усё дыхала пушкінскай эпохай.

На гэтым тыдні была створана, з аднаго боку, атмасфера свята, радасці адкрыцця, творчасці, з другога — сур’ёзнай, карпатлівай працы. Такія мерапрыемствы выхоўваюць жывую цікавасць да гісторыі, да роднай мовы, увагу да слова, уменне бачыць і чуць яго, здольнасць любавацца ім. І хай мяняюцца год ад году формы, метады працы, але нязменным застаецца цікавасць і ў настаўнікаў, і ў іх навучэнцаў да свята гуманітарных дысцыплін.

Алена БУКАТА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце;
Тамара УСАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школа № 4 Магілёва.