Свята кадэцкага братэрства

- 11:21Выхаваўчая прастора

Верасень у “Зубраняці” — час страявых песень і маршаў. У гэты месяц Нацыянальны цэнтр запаўняецца юнакамі і дзяўчатамі з асаблівай выпраўкай і надзвычай сур’ёзнымі поглядамі на жыццё. Усе яны — удзельнікі грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”.

Мерапрыемства з’яўляецца адным з найбольш маштабных і значных праектаў Саюзнай дзяржавы, якія рэалізуюцца ў сферы адукацыі. Сярод галоўных задач змены — умацаванне міжнароднага і міжнацыянальнага супрацоўніцтва дзяцей Беларусі і Расіі. Таму галоўная падзея гэтых асенніх дзён у “Зубраняці” — святкаванне Дня Саюзнай дзяржавы. Традыцыйна гэты дзень з кадэтамі раздзялілі шматлікія ганаровыя госці — прадстаўнікі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў адукацыі і абароны, МНС і іншыя.

Святкаванне Дня Саюзнай дзяржавы пачалося традыцыйным парадам. На плошчы Сяброўства сабраліся ўдзельнікі змены. Апранутыя ў парадную форму, стройнымі разлікамі яны маршыравалі пад святочнымі сцягамі. Удзельнікі марш-парада ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Працягам святочных мерапрыемстваў сталі паказальныя выступленні спецпадраздзяленняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і кінолагаў, канцэрт “Славянскай вернасці саюз”. Упрыгожыў гэты дзень кадэцкі баль “У гонар ваеннай садружнасці”. Хлопцы і дзяўчаты пераўтварыліся ў галантных кавалераў і прыхожых дам і танцавалі паланэз, мазурку, вальс.

Кадэцкія змены ў “Зубраняці” праводзяцца з 2007 года. За гэты час удзел у іх узялі больш за 5 тысяч юнакоў і дзяўчат з Расіі і Беларусі. Як адзначыў Э.В.Тамільчык, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, кадэцкая змена — цудоўная школа патрыятызму, грамадзянскасці і сяброўства.

— Удзельнікі першай змены “За гонар Айчыны” сёння ўжо дарослыя, самастойныя людзі. Многія з іх сталі ваеннымі, нехта выбраў для сябе грамадзянскую спецыяльнасць. Але галоўнае, што яны сумленна працуюць на карысць сваёй краіны і працягваюць слаўныя традыцыі сваіх кадэцкіх карпусоў, — падкрэсліў значнасць мерапрыемства Эдуард Валянцінавіч. — Гісторыя вучыць нас, што без грамадзяніна-патрыёта немагчыма стварэнне моцнай дзяржавы. І патрыятычнае выхаванне заўсёды разглядаецца як фактар кансалідацыі ўсяго грамадства, з’яўляецца вытокам і сродкам духоўнага, палітычнага і эканамічнага развіцця любой дзяржавы. Сістэма навучання і выхавання, якая склалася ў Расіі і Беларусі ў кадэц­кіх карпусах, школах, вучылішчах, з’яўляецца прыкладам для іншых устаноў адукацыі ў фарміраванні творчай, інтэлектуальна развітой асобы, якая валодае пачуццём адказнасці.

З кожным годам павялічвалася коль­касць удзельнікаў змены. У гэтым годзе іх спіс папоўнілі больш за 500 навучэнцаў кадэцкіх школ-інтэрнатаў, кадэцкіх вучылішчаў, карпусоў, кадэцкіх і ваенна-патрыятычных класаў. Гэта прадстаўнікі ўсіх абласцей і сталіцы Беларусі, а таксама 19 рэгіёнаў Расіі — па 21 дэлегацыі ад кожнай краіны. З кожным годам пашыраецца геаграфія рэгіёнаў, якія адпраўляюць свае дэлегацыі ў “Зубраня”. Так, у гэтым годзе расійскія кадэты прыехалі з Калінінградскай, Мурманскай абласцей, Рэспублік Марый Эл і Башкартастан, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі і нават з Камчацкага краю.

Кожны дзень змены напоўнены разнастайнымі мерапрыемствамі. Культурна-адукацыйная праграма прадугледжвае шэраг экскурсій грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Абавязковыя для дэлегацый агляд-конкурс строю і песні, ваенна-спартыўная эстафета, спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, конкурс прэзентацый дэлегацый, інсцэніравання ваенна-патрыятычнай песні, знаўцаў ваеннай гісторыі. Удзельнічалі кадэты ў спартыўных спаборніцтвах па футболе, валейболе, шахматах, шашках і іншых відах спорту. Праявілі свае творчыя здольнасці ў шматлікіх творчых конкурсах, такіх як, напрыклад, конкурс паэтычнай творчасці “Сэрцам да подзвігу ты дакраніся”.

— Прыехаць сюды — вялікі гонар для нас, бо тут сабралася кадэцкае братэрства Саюзнай дзяржавы, — расказвае навучэнец кадэцкага класа сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 1 Казьмадзям’янска Аляксей Іваноў, — Мы прадстаўляем усю Рэспубліку Марый Эл. Каб прадставіць яе на годным узроўні, старанна рыхтаваліся на працягу некалькіх месяцаў.

У працэсе правядзення змены кадэты атрымлівалі ўрокі таварыства, узаемаразумення, інтэрнацыяналізму. Было чаму павучыцца і педагогам.

— Мы прадстаўляем Ямала-Ненецкую аўтаномную акругу, нам давялося пераадолець адлегласць 7 тысяч кіламетраў і правесці 4 дні ў цягніку, каб прыехаць сюды, але ўдзел у гэтай змене варты любых намаганняў, — расказвае Алена Анатольеўна Арсаева, педагог сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 1 пасёлка Пангады. — У нашай школе ёсць кадэцкі клуб, ён даволі малады — дзейнічае ўсяго два гады, таму вельмі цікава пазнаёміцца з вопытам работы калег. Тут мы шмат даведаліся аб розных установах адукацыі Беларусі і Расіі і іх грамадзянска-патрыятычнай рабоце. Пераканаліся, што работа праводзіцца на высокім узроўні, ёсць на каго раўняцца. Гэты вопыт, безумоўна, будзе карысны, каб расці і развівацца далей.

Усе мерапрыемствы змены былі спланаваны так, каб кадэты дзвюх краін пазнаёміліся і пасябравалі. Усе ўдзельнікі былі падзелены на атрады, у склад кожнага атрада ўвайшлі дзве дэлегацыі — па адной з Расіі і Беларусі.

— Мы ў адным атрадзе з кадэтамі з Арлоўскай вобласці, — расказвае Валерый Піцукоў, выхаванец Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча. — За гэты час вельмі пасябравалі, падтрымліваем адно аднаго, хварэем падчас спаборніцтваў. Тут мы ад зін народ — кадэты, “зубраняты”.

Кадэцкае братэрства не ведае меж і адрозненняў, яно з’яднанае пачуццём патрыятызму і жаданнем служыць Радзіме. І змена “За гонар Айчыны” кожны год становіцца сапраўдным святам кадэцкага братэрства.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.