Свята кнігі, мовы і паэзіі

- 12:03Культура

31 жніўня і 1 верасня старажытны Слонім прымаў Дзень беларускага пісьменства, які сёлета прайшоў ужо 26-ы раз. Насычаная праграма пазнаёміла жыхароў горада і гасцей з навінкамі кнігавыдання і цікавымі праектамі выдавецтваў і сродкаў масавай інфармацыі Беларусі.

У віншаванні, накіраваным удзельнікам і гасцям свята, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім новых цікавых сустрэч, плённай працы і творчага натхнення. “Вялікая місія Дня пісьменства — аб’ядноўваць усіх беларусаў свету, перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія скарбы нашага народа, любоў да матчынай мовы, выхоўваць беражлівыя адносіны да помнікаў даўніны, садзейнічаць умацаванню пачуцця гонару за Радзіму”,— гаворыцца ў віншаванні.

Асноўныя мерапрыемствы свята разгарнуліся больш як на 10 пляцоўках, сярод якіх быў і павільён “Педагагічная прэса Беларусі”, дзе свае газеты і часопісы прэзентавалі ўстанова “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.

31 жніўня павільён быў аддадзены юным чытачам газеты “Переходный возраст”. Наведвальнікі мелі магчымасць сустрэцца з супрацоўнікамі рэдакцыі газеты, а таксама пазнаёміцца з праектамі, якія “Переходный возраст” рэалізоўвае ў розных кутках краіны, паўдзельнічаць у фотакастынгу “Стань зоркай “ПВ”.

1 верасня ў павільёне адбылася прэзентацыя кнігі нарысаў “Тут пачынаецца Радзіма” намесніка галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Ігара Грэчкі. Гэтае выданне — сумесная праца выдавецтва “Мастацкая літаратура” і “Настаўніцкай газеты”. У кнізе змешчаны 24 нарысы з больш як 100 па выніках падарожжаў аўтара па Беларусі. З 2009 года гэтыя нарысы рэгулярна выхо­дзяць у рубрыцы “Родная зямля” галоўнага выдання педагогаў краіны. Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, які наведаў прэзентацыю, высока ацаніў працу журналіста і пажадаў плённага працягу высакароднай справы падтрымкі педагогаў, якія працуюць у рэгіёнах нашай краіны, і папулярызацыі іх вопыту. Таксама намеснік міністра абмеркаваў з галоўным рэдактарам часопіса “Народная асвета” Святланай Мазурынай шляхі ўдасканалення дзейнасці найстарэйшага навукова-педагагічнага часопіса Беларусі, які ў гэтым годзе святкуе 95-годдзе з дня заснавання.

Сёлета свята беларускага пісьменства супала з Днём ведаў. З гэтай нагоды Аляксандр Уладзіміравіч уручыў 600 першакласнікам Слонімскага раёна падарунак ад імя прэзідэнта — кнігу “Мая Радзіма — Беларусь”.

У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Бялынічах Магілёўскай вобласці, якому Слонім урачыста перадаў эстафету свята.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і Леаніда ШЧАГЛОВА (“БелТА”).