Свята маладосці і творчасці

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Пра тое, як пройдзе Дзень моладзі — 2018 на XXVII Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, расказалі прадстаўнікі маладзёжных арганізацый 12 ліпеня ў прэс-цэнтры БелТА.

У гэтым годзе Дзень моладзі пройдзе 14 ліпеня. Яго адкрыццём стане арт-парад “Беларусь у сэрцы маім!”, анлайн-рэгістрацыя на які стартавала разам з адкрыццём “Славянскага базару”. Любы жадаючы зможа удзельнічаць ва ўрачыстым шэсці па цэнтральных вуліцах Віцебска.

Падчас святкавання пройдзе фестываль дваровых гульняў “Альтэрнатыва”. “Раскажам нашым дзецям, якія класныя былі ў нас гульні і як весела мы праводзілі час на вуліцы”, — падзяліўся планамі Дзмітрый Варанюк, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ.

На пляцоўках Дня моладзі будзе працаваць мноства інтэрактыўных зон модных маладзёжных напрамкаў, такіх як скейтбордынг, варкаўт, аўтагук, брэйк-данс і многае іншае.

Кіраўнік брэйк-данс каманды Conquistador Сrew Уладзімір Янушкевіч паведаміў, што можна будзе не толькі паглядзець на джэмы і батлы, але і самім навучыцца выконваць пару-тройку танцавальных рухаў ад беларускіх бі-боеў.

У рамках Дня моладзі пачнецца адборачны турнір чэмпіянату па варкаўту. Аляксандр Сергіенка, старшыня маладзёжнай федэрацыі варкаўта, расказаў пра перспектыву гэтага кірунку і прапаганду здаровага ладу жыцця сярод моладзі.

Спаборніцтвы па аўтагуку ўжо праходзілі на вуліцы Кастрычніцкай у мінулым годзе і, як адзначыў Андрэй Сямавін, кіраўнік добраахвотнага некамерцыйнага аб’яднання аматараў аўтагуку “Беларуская Ліга аўтагуку”, вельмі ўдала. У гэты раз аматары гучнай музыкі з Мінска і Віцебска аб’яднаюцца і наробяць яшчэ больш шуму.

Дзень моладзі ў чарговы раз стане пляцоўкай для творчага і фізічнага развіцця будучыні нашай краіны. Арганізатары мерапрыемства спадзяюцца на зацікаўленасць маладога пакалення, чакаюць водгукаў і новых ідэй у сацыяльных сетках.

Юлія СПІЧАКОВА.