Свята Масленіца

- 15:35Нам пішуць

А ў нас сёння Масленіца!
Прыляцела ластавіца!
Села-пала на калу,
Кідала масла па каму.
А мы Масленку чакалі —
Усю нядзельку выглядалі.
А мы думалі, Масленка сем нядзеляк,
Ажно Масленка сем дзянёчкаў!

У народзе Масленіца заўсёды была вясёлай парой. Лічылася, што той, хто адмовіцца яе святкаваць, будзе жыць «у горкай бядзе і худа скончыць».

Першы дзень Масленкі называлі «Сустрэчай». Гэтыі днём сустракаюць Масленіцу, прыбіраюць ляльку-пудзіла, будуюць снежныя горы.

Аўторак — «Зайгрышы». Будуюць снежныя і ледзяныя крэпасці, скамарохі спяваюць свае прыпеўкі.

Серада — «Ласаўка». У гэты дзень зяць прыходзіць на бліны да цёшчы.

Чацвер — «Дзень святога Уласа», самы вясёлы дзень. Возяць пудзіла на коле, катаюцца, спяваюць, пачынаюць калядаваць.

Пятніца — “Цёшчыны вячэркі”. Цяпер ужо зяць цёшчу да сябе запрашае, блінамі частуе.

Субота — “Залоўкіны вячэркі”. Нявестка дорыць залоўкам (сёстрам мужа) падарункі. Спальваюць пудзіла Масленіцы і канчаткова развітваюцца з зімой. Попел развейваюць па полі, каб быў добры ўраджай.

Апошні дзень Масленіцы — “Прабачальная бяседа”. Заканчваецца гулянне, на ледзяных горках разводзяць вогнішчы, каб лёд падпаліць, холад знішчыць. Прабачэння просяць, міласэрныя справы робяць.

У нашай школе дзейнічае гурток “Спадчына”, дзе знаёмяць з цікавымі нацыянальнымі традыцыямі, абрадамі і звычаямі, народнымі святамі. На гэтым тыдні прайшло свята “А мы Масленку чакалі!” Дзеці рыхтаваліся да свята з вялікай адказнасцю, бо вырашылі выступіць перад сваімі маленькімі сябрамі. Яны наведалі наш дзіцячы садок. Паўлінка, дзед і іх памочнікі разам з дзецьмі вадзілі карагоды, спявалі песні, удзельнічалі ў спаборніцтвах “Хто хутчэй на мятле”, “Сонейка”, “Ручаёк”, пазнаёмілі з народнымі гульнямі “Блін гарыць”, “Арэлі”, “Гарлачык” і інш. Арганізавалі гульню для дарослых “Намалюй сонейка”. А Масленіца пазнаёміла з традыцыямі святкавання свята і запрасіла ўсіх пачаставацца блінамі.

Сёння масленічныя традыцыі не такія моцныя, але ўсё ж гэта свята па-ранейшаму яркае, шумнае і вясёлае. Святкаванне Масленіцы заклікае прачнуцца пасля зімовай спячкі і прыгатавацца да новай вясны, а значыць, і новага жыцця.

Ларыса ЖВАЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 1 класа
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.