Свята мультыплікацыі

На Магілёўшчыне прайшоў чарговы Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”.

Гэтаму фестывалю ўжо больш за два дзесяцігоддзі, але на яго папуляр­насць такі ўзрост ніякім чынам не ўплывае. За шматгадовае творчае жыццё “Анімаёўка” зарэкамендавала сябе не толькі як аўтарытэтны кінафорум, але і стала сапраўдным святам, падчас якога кожны мае магчы­масць акунуцца ў чароўны, шматгранны свет анімацыі.

На дваццаць другі па ліку фестываль было заяўлена 353 фільмы з 49 краін свету. Упершыню ў фестывалі прынялі ўдзел фільмы з Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Інданезіі. Такая коль­касць удзельнікаў і іх пашыраная геаграфія красамоўна сведчаць пра значнасць магілёўскага анімацыйнага форуму, бо ў пачатку гісторыі фестывалю ў конкурснай праграме было ўсяго 12 заявак. Папулярнасць і цікавасць “Анімаёўка” выклікае і ў грамадстве. Лепшае пацвярджэнне гэтаму — аншлагі ў залах кінатэатраў у фестывальныя дні.

Акрамя прагляду мультфільмаў, сёлетні фестываль адзначыўся разнастайнай праграмай мерапрыемстваў. Традыцыйна падчас “Анімаёўкі” праводзіліся майстар-класы, творчыя конкурсы, сустрэчы са стваральнікамі мультфільмаў, а таксама тэматычныя паказы ў раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці.

Так, у гарадскіх кінатэатрах “Радзіма”, “Чырвоная Зорка”, “Космас”, “Ветразь” прайшлі выставы конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чараўніцтва анімацыі” з удзелам заслужанага мастака Украіны рэжысёра Наталлі Чарнышовай. Усе жадаючыя маглі наведаць майстар-класы рэжысёраў-аніматараў Таццяны Кубліцкай, Настассі Клачковай, Сяргея Струсоўскага. Прайшлі творчыя сустрэчы з удзелам рэжысёраў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігара Волчака, Алены Туравай, Аляксандра Ленкіна. Прыхільнікаў анімацыі таксама парадавала сустрэча з заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі, кампазітарам, выканаўцам песень Рыгорам Гладковым, вядучымі і персанажамі вядомай дзіцячай праграмы “Калыханка”.

Чатыры дні з “Анімаёўкай” падарылі жыхарам і гасцям горада шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў. Галоўнай падзеяй у дзень закрыцця фестывалю стала абвяшчэнне пераможцаў у 18 намінацыях. Адметна, што ў васьмі з іх лепшых выбіралі сярод дзіцячых работ. Што ж тычыцца гран-пры, то яго сёлета заваяваў кітайскі мультфільм рэжысуры Рунцэ Цаа. Усе шматлікія пераможцы, як юныя, так і дарослыя, былі ўзнагароджаны спецыяльнымі прызамі і дыпломамі.

“Анімаёўка-2019” завяршылася, аднак роўна праз год анімацыйны фестываль вернецца ў Магілёў, каб зноў паглыбіць горад у казачны свет мультыплікацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.