Свята навагодняй фантазіі

З нагоды навагодніх свят у Відамлянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна праводзіцца шмат цікавых пазакласных мерапрыемстваў. Дзеці пад кіраўніцтвам педагогаў ствараюць у навучальнай установе казачную атмасферу, рыхтуюцца да прыходу Дзеда Мароза і чакаюць здзяйснення патаемных жаданняў. Нязменнымі спадарожнікамі чароўнага свята з’яўляюцца цукеркі з навагодніх падарункаў, яловы пах, ёлачныя ўпрыгажэнні і сняжынкі…

— У школе да навагодніх свят рыхтуюцца загадзя, — расказвае дырэктар Відамлянскай сярэдняй школы Т.Б.Страпко. — На працягу снежня ў навучальнай установе праходзіў конкурс-выстава “Навагодні хіт-парад”, у якім удзельнічалі ўсе класы. Калі старшакласнікі ажыццяўлялі свае фантазіі пад кіраўніцтвам класных кіраўнікоў, то малодшым школьнікам дапамагалі мамы і таты. Напрыканцы месяца вынікі работы ўсіх вучняў былі прэзентаваны на выставе, якая чарговы раз паказала: у дзіцячай фантазіі няма межаў. Навагоднія лясныя прыгажуні былі выраблены з гафрыраванай паперы, рознакаляровых абрэзкаў тканіны, хваёвых шышак, ватных дыскаў і нават макаронаў. Побач з упрыгожанымі ёлачкамі стаялі шматлікія Дзяды Марозы і снегавікі з ваты, круп, шарсцяных шкарпэтак, капрону, сінтэпону і сурвэтак. А самы вялікі снегавік, які “вартаваў” школьную ёлку, быў выраблены з пенапласту.

Выстава ўдалася. Усе ўдзельнікі праявілі творчасць і фантазію. Паглядзець на выставу завіталі малышы з мясцовага дзіцячага садка. Іх захапленню не было межаў. Выхавальніца Л.А.Варошык расказала, што ў дашкольнай установе з нагоды навагодніх свят таксама праходзяць цікавыя мерапрыемствы: парад навагодніх ёлачак, акцыя “Танцуючыя сняжынкі” і іншыя.

— Новы год — гэта час цудаў, усмешак і шчасця. Падчас свята хочацца акунуцца ў таямнічую, захапляльную і незабыўную атмасферу казкі. Навагоднія фантазіі, увасобленыя сваімі рукамі, робяць свята асабліва запамінальным і дарагім, — падагульняе Т.Б.Страпко.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *