Свята некалькіх пакаленняў

Cвята “Нам — 50!” стартавала на лінейцы, якая злучыла мінулае і сучаснасць “Зубраняці”. За паўстагоддзя тут пабывала больш за 460 тысяч дзяцей з усіх куткоў Беларусі і больш як з 45 краін свету. Кожны, хто прыязджаў сюды, ствараў цікавыя сюжэты і дадаваў новыя фарбы ў палітру гэтага цікавага месца.

Прадстаўнікі цэнтраў-пабрацімаў НДЦ “Зубраня” пасля цырымоніі падпісання пагадненняў.

“Мне вельмі прыемна бачыць, як цэнтр вырас. За 50 гадоў праз яго прайшлі тысячы дзяцей, якія набылі новыя навыкі, навучыліся сябраваць і захавалі самыя яркія ўражанні, якія з задавальненнем успамінаюць. Сёння я рад магчымасці ад імя Адміністрацыі Прэзідэнтра Рэспублікі Беларусь павіншаваць цэнтр з юбілеем і адзначыць тых, хто робіць усё магчымае, каб “Зубраня” развівалася, каб усе традыцыі захоўваліся, а мерапрыемствы, якія арганізоўваюцца, праходзілі зладжана і грымелі на ўсю краіну і за яе межамі”, — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў, уручаючы заслужаныя ўзнагароды супрацоўнікам НДЦ “Зубраня”. За добрасумленную плённую творчую працу, высокія дасягненні ў навучанні і выхаванні дзяцей і моладзі ганаровымі граматамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны педагог дадатковай адукацыі Павел Аляксандравіч Пятроўскі і загадчык аддзела арганізацыі метадычнай работы ў выхаваўча-аздараўленчых установах Рэспублікі Беларусь Валерый Мікалаевіч Шчамель.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка ўручыў узнагароды ад галіновага міністэрства. Ганаровыя граматы атрымалі настаўнік інфарматыкі Віталь Яўгенавіч Красоўскі, метадыст Алена Іванаўна Роліч, інструктар па фізічнай культуры Віталь Аляксандравіч Філіповіч, граматамі Міністэр­ства адукацыі былі ўзнагароджаны загадчык аддзела фізкультурна-аздараўленчай работы Андрэй Мікалаевіч Андрэеў, настаўніца матэматыкі Вольга Іванаўна Кароль, выхавальнік Аляксандр Віктаравіч Машэўскі, педагог-арганізатар Вольга Віктараўна Мяжэнная, педагог-псіхолаг Яна Генадзьеўна Філіповіч, педагог дадатковай адукацыі Наталля Анатольеўна Шнітко.

Адзін з момантаў святочнай шоу-праграмы “Нам — 50!”.

Таксама памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу сачыненняў “Зубраня” ў маім жыцці” Паліна Вайткевіч, Станіслаў Лазараў, а таксама самыя актыўныя выхаванцы цэнтра Альгерд Марзалюк, Віталь Назараў, Соф’я Дзегцяронак, Максім Струк, Хрысціна Рошчына.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў арганізацый — партнёраў цэнтра, міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка сказаў: “Ад імя рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта хачу падзякаваць усім, хто прыклаў намаганні да таго, каб гэтае свята адбылося. Вы мелі магчымасць пазнаёміцца з тым, як развіваецца цэнтр, пагартаўшы кнігу “Краіна дзяцінства, радасці і мары”, у якой сабраны фотаздымкі далёкіх гадоў пачатку гісторыі “Зубраняці” і кадры з сучаснага жыцця цэнтра. Я рад, што сёння тут таксама сабраліся людзі, якія шмат гадоў супрацоўнічаюць з “Зубраняці”. І відавочна, што наўрад ці цэнтр дасягнуў бы такіх высокіх вынікаў без дапамогі з боку міністэрстваў і ведамстваў, арганізацый-партнёраў і цэнтраў-пабрацімаў.

Сёння “Зубраня” — гэта пляцоўка па абмене вопытам, месца, дзе генерыруюцца педагагічныя навацыі і потым рэалізуюцца ў азда­раўленчых цэнтрах Беларусі. Я ўпэўнены, што такая садружнасць, а таксама праекты, якія рэалізоўваюцца ў “Зубраняці”, з’яўляюцца знакавымі і пераацаніць іх важнасц­ь немагчыма. Менавіта яны фарміруюць асаблівую атмасферу творчасці, давернага супрацоўніцтва дарослых і дзяцей тут, у “Зубраняці”, — рэзюмаваў міністр.

Выступае заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь харэаграфічны ансамбль “Зорька” Цэнтра культуры “Віцебск” (мастацкі кіраўнік Наталля Чарнюк).

У святкаванні юбілею ўзялі ў­дзел паслы і прадстаўнікі пасольстваў Арменіі, Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Таджыкістана і Узбекістана, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і дзіцячых цэнтраў, а таксама сацыяльных партнёраў цэнтра.

У мерапрыемстве таксама ўдзель­нічалі ветэраны “Зубраняці”, якія стаялі ля яго вытокаў: Рыма Сяргееўна Піонава і Ніна Сільвестраўна Нерад.

— “Зубраня” створана працай розных пакаленняў: тых, хто прыехаў сюды будаваць лагер у 1967 годзе і хто ў 1969 годзе прыехаў з “Артэка” і “Арляняці” ствараць выхаваўчую сістэму, а ў 70-х падхапіў пачынанні першапраходцаў і слаўна працягваў іх справы. Тых, хто ў складаныя 90-я гады не даў “Зубраняці” згубіцца на прасторах былога Савецкага Саюза, калі знайшліся людзі, якія прыдумалі новы змест і развілі яго, каб дзеці-лідары працягвалі прыяз­джаць у “Зубраня”. Таксама мы ўспамінаем 2000-я, калі было прынята мудрае рашэнне перадаць цэнтр сістэме адукацыі. У 2004 годзе былі вы­дзелены сродкі на рэканструкцыю, і зараз у цэнтры няма ні аднаго нядобраўпарадкаванага кутка. Сёння “Зубраня” працягвае радаваць хлопчыкаў і дзяўчынак новых і новых пакаленняў, і спадзяюся, што будзе радаваць яшчэ доўгія і доўгія гады. Мы памятаем сваіх ветэранаў і спадзяёмся на нашу моладзь, якая прыходзіць у цэнтр з новымі, смелымі і крэатыўнымі ідэямі. І менавіта ў іх руках будучыня “Зубраняці”, — адзначыла, віншуючы прысутных, дырэктар цэнтра На­дзея Генадзьеўна Ануфрыева.

У дзень святкавання свайго 50-годдзя НДЦ “Зубраня” падпісаў двухбаковыя пагадненні аб супрацоўніцтве з прызнаннем статусу цэнтраў-пабрацімаў з 6 дзіцячымі ўстановамі адукацыі, якія аб’яднаны агульнымі мэтамі, ідэямі і задачамі: міжнародным цэнтрам “Артэк”, усерасійскімі дзіцячымі цэнтрамі “Акіян”, “Арляня” і “Змена”, спартыўна-аздараўленчым комплексам “Змена”, Санкт-Пецярбургскім палацам творчасці юных.

“Усё, што робіцца ў краіне дзяцінства, — усё плённа. “Зубраня” ашаламіла сістэмай абсалютна ва ўсім: у падрыхтоўцы важатых, падборы персаналу, у арганізацыі харчавання, медыцынскага забеспячэння і, безумоўна, у плане добраўпарадкавання. Ужо на наступным тыдні сюды прыедзе каманда “артэкаўцаў” вучыцца ў “Зубраняці” і перай­маць вопыт”, — адзначыў пасля падпісання пагаднення аб цэнтрах-пабрацімах дырэктар міжнароднага дзіцячага цэнтра “Артэк” Канстанцін Альбертавіч Федарэнка.

Адно з самых душэўных мера­прыемстваў прайшло каля вогнішча, дзе зубраняцкае кола аб’яднала ўсе пакаленні, а, бадай, самым дынамічным і рэтраспектыўным стаў важацкі канцэрт, які аб’яднаў важатых розных гадоў на адной сцэне.

Завяршылі святочны дзень гала-канцэрт і феерычнае лазернае шоу.

Свята скончылася, але кожны знайшоў на беразе Нарачы тое, па што ехаў: сваіх важатых і былых выхаванцаў, калег і сяброў, сустрэчу з дзяцінствам і юнацтвам. Ад’язджаючы, кожны, як і раней, пакідаў у “Зубраняці” часцінку свайго сэрца.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.