Свята педагагічнай творчасці

- 11:06Адукацыйная прастора
Бягучы тыдзень на Міншчыне быў адзначаны правядзеннем ІІІ Педагагічнага марафону кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў адукацыі “Развіццё адукацыйнай прасторы Мінскай вобласці ва ўмовах эканоміі і беражлівасці”. Мэта марафону — павышэнне педагагічнага і метадычнага майстэрства спецыялістаў адукацыі, іх прафесійнай кампетэнтнасці, а таксама стварэнне ўмоў для прафесійнай самарэалізацыі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцкія работнікі, метадысты, педагогі-практыкі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З мэтай азнаямлення будучых настаўнікаў з педагагічнай дзейнасцю ў раёнах, аказання ім дапамогі ў практычнай адаптацыі і прыцягнення да работы ва ўстановах адукацыі Міншчыны ўпершыню да ўдзелу ў педагагічным марафоне былі запрошаны студэнты 4-5 курсаў БДПУ імя Максіма Танка.
У межах марафону прайшлі “Дзень настаўніка-прадметніка”, “Дзень маладога спецыяліста”, “Дзень педагога дашкольнай адукацыі”, “Дзень работніка метадычнай службы” і іншыя тэматычныя дні. Акрамя таго, педагогі прынялі ўдзел у семінарах-практыкумах, майстар-класах, круглых сталах, метадычных мастах, інтэрнэт-канферэнцыях і інш.

Педагагічны марафон пачаў “Дзень настаўніка-прадметніка”. На ім педагогі падзяліліся перспектыўным вопытам на майстар-класах, інтэрактыўных семінарах, адкрытых уроках, фестывалях педагагічных ідэй. Падчас правядзення круглых сталоў, пасяджэнняў метадычных фарміраванняў прэзентаваліся адукацыйныя праекты, быў прадстаўлены вопыт бізнес-кампаній. Таксама ў межах гэтага дня прайшлі міні-турніры юных фізікаў, матэматыкаў, хімікаў.
У “Дзень настаўніка-прадметніка” на базе гімназіі № 2 Слуцка прайшло пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў нямецкай і французскай моў па тэме “Удасканаленне педагагічнай тэхнікі настаўніка замежнай мовы з улікам індывідуалізацыі асобы навучэнца”. Прадстаўлены навукова-метадычны блок пазнаёміў прысутных з прыёмамі і тэхнікай арганізацыі іншамоўных зносін. Падчас адкрытых урокаў педагогі гімназіі прадставілі выкарыстанне сучасных педагагічных тэхнік, арыентаваных на асобу навучэнца.
На базе Бярэзінскай гімназіі адбыўся круглы стол “Фарміраванне ў школьнікаў экалагічнай культуры праз уключэнне ў дзейнасць па энергазберажэнні” для педагогаў, якія выкладаюць прадметы прыродазнаўча-матэматычнага цыкла. Загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.І.Сасункевіч адзначыла спецыфіку правядзення вучэбных заняткаў энергазберагальнай тэматыкі, азнаёміла прысутных з эфектыўнымі метадамі і сродкамі ўключэння ў адукацыйны працэс вучэбнага матэрыялу па энергазберажэнні.
Вялікую цікавасць удзельнікаў мерапрыемства выклікаў змястоўны вопыт работы Цэнтра па энергазберажэнні Бродзецкага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа”, які быў прадстаўлены з дэманстрацыяй сучасных падыходаў да навучання. Таксама ўдзельнікам круглага стала былі прадэманстраваны тэматычныя школьныя выданні, вучэбна-метадычныя распрацоўкі, партфоліа педагогаў.
На базе сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў прайшоў семінар на тэму “Першыя крокі дзіцяці ў школе”, раскрытую праз урокі ў першых класах, заняткі ў групах прадоўжанага дня, бацькоўскі сход. Урок матэматыкі ў 1 класе “Класіфікацыя прадметаў па адной уласцівасці (памеры, колеры)” правяла настаўніца пачатковых класаў Ніна Паўлаўна Амельчанка. Настаўніца пачатковых класаў Наталля Аляксандраўна Шыбко запрасіла ўдзельнікаў семінара на ўрок па курсе “Чалавек і свет” на тэму “Асеннія плады і насенне, садавіна і агародніна — крыніца вітамінаў. Правілы ўжывання”. Казачную спартыўную эстафету правяла выхавальніца групы прадоўжанага дня Марына Уладзіміраўна Лалаян. Дзверы ў свет мастацкай творчасці “Вуліца маёй мары” расчыніла навучэнцам выхавальніца групы прадоўжанага дня Кацярына Сяргееўна Яўсейчык.
Азнаёміць бацькоўскі калектыў з асаблівасцямі адаптацыі дзяцей да першага года навучання ў школе, даць практычныя парады па гэтым пытанні быў закліканы бацькоўскі сход “Першыя крокі дзіцяці ў школе”, які правялі Н.П.Амельчанка і Н.А.Шыбко. На яго былі запрошаны педагог-псіхолаг, медыцынскі работнік. У цэнтры ўвагі прысутных быў шэраг пытанняў: фізіялагічныя і псіхалагічныя праблемы ў здароўі шасцігадовага дзіцяці, спосабы пераадолення псіхалагічных цяжкасцей адаптацыі дзяцей шасцігадовага ўзросту, а таксама асаблівасці безадзнакавага навучання.

Як адзначалася на мерапрыемстве, пачатак школьнага навучання кардынальным чынам мяняе ўвесь лад жыцця дзіцяці. Уласцівыя дашкольнікам бестурботнасць, пагружанасць у гульню змяняюцца жыццём, напоўненым мноствам патрабаванняў, абавязкаў і абмежаванняў: цяпер дзіця павінна кожны дзень хадзіць у школу, сістэматычна і напружана працаваць, прытрымлівацца рэжыму дня, падпарадкоўвацца разнастайным нормам і правілам школьнага жыцця, выконваць патрабаванні настаўніка, займацца на ўроку тым, што вызначана школьнай праграмай. У гэты перыяд жыцця мяняецца і псіхалагічнае аблічча дзіцяці, пераўтвараецца яго асоба, мяняюцца пазнавальныя і разумовыя магчымасці, сфера эмоцый і перажыванняў. Гэтае перажыванне дзіцем свайго новага сацыяльнага статусу звязана са з’яўленнем “унутранай пазіцыі школьніка”. Менавіта яна дапамагае маленькаму навучэнцу пераадольваць цяжкасці школьнага жыцця, выконваць новыя абавязкі. У падтрымцы гэтай унутранай пазіцыі неацэнная роля належыць бацькам. Іх сур’ёзныя адносіны да школьнага жыцця дзіцяці, увага да яго поспехаў і няўдач, цярпенне, абавязковае заахвочванне намаганняў і памкненняў, эмацыянальная падтрымка дазваляюць першакласніку адчуць значнасць сваёй дзейнасці, садзейнічаюць павышэнню самаацэнкі.
Спецыялісты ўстановы адукацыі далі магчымасць бацькам выказацца аб сваіх трывогах, хваляваннях, поспехах, якія мелі месца за першы месяц навучання і выхавання навучэнцаў у школе, што дазволіць у далейшым скаардынаваць работу каманды спецыялістаў.
Па меркаванні бацькоў і ўдзельнікаў семінара, мерапрыемства прайшло дынамічна, плённа і цікава.

У “Дзень маладога спецыяліста” ў рэгіёнах прайшлі фестывалі педагагічнага майстэрства, працавалі школы маладога педагога, установы адукацыі дзяліліся вопытам работы з маладымі педагогамі. Майстар-клас для маладых спецыялістаў Міншчыны правялі пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, члены абласнога клуба “Флагман” і рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”.
На базе сярэдняй школы № 13 Слуцка адбыўся майстар-клас “Вучыцца быць настаўнікам”, на які сабраліся 23 маладыя педагогі. Людміла Леанідаўна Фаед, кіраўнік раённай школы маладога спецыяліста, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, вопытны педагог з 30-гадовым стажам работы, запрасіла маладых спецыялістаў паўдзельнічаць у дзелавой гульні, змадэляваць ступені сваёй прафесійнай дзейнасці з выкарыстаннем метадаў актыўнага навучання. Маладым педагогам прапанавалі наведаць па выбары 12 адкрытых урокаў, дзе старэйшыя калегі дзяліліся сваім вопытам. Сустрэча з карыфеямі дала магчымасць маладым настаўнікам зразумець, што самая высокая прыступка жыццёвага шляху — творчая — увасабляе вышэйшую ступень чалавечых уменняў.

Цікавым і змястоўна насычаным выдаўся і “Дзень метадычнай службы”. У рэгіёнах вобласці прайшлі майстар-класы “Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў пры правядзенні мерапрыемстваў у межах прадметных тыдняў”, “Мыслядзейнаснае навучанне — сродак развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў”, “Цёплы дом — сваімі рукамі” і інш. Метадычныя масты і пасяджэнні былі прысвечаны матывацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, актыўным і інтэрактыўным формам і метадам работы з педагогамі, выкарыстанню інтэрнэт-рэсурсаў для ўкаранення энергазберагальных тэхналогій пры навучанні. Пераможца спаборніцтва сярод устаноў адукацыі Міншчыны ў намінацыі “Метадычная работа” — сярэдняя школа № 4 Чэрвеня — прэзентавала вопыт сваёй работы.
Марафон завяршыўся. Ён стаў сапраўдным святам педагагічнай творчасці і майстэрства, дазволіў азнаёміцца з новымі ідэямі таленавітых і ініцыятыўных педагогаў, абагульніць і распаўсюдзіць лепшы вопыт арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама ўзняць матывацыю педагогаў да пошуку эфектыўных шляхоў павышэння якасці адукацыі.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.