Свята першага званка

- 11:27Адукацыйная прастора

Яркай і эмацыянальнай атрымалася ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, у Азярцоўскай сярэдняй школе Мінскага раёна. У новым навучальным годзе тут будуць вучыцца 616 вучняў, з іх 88 — першакласнікі.

Дзень ведаў і ўрачыстая лінейка — гэта заўсёды важная, хвалюючая падзея для жыхароў аграгарадка Азярцо і суседніх населеных пунктаў, дзеці з якіх навучаюцца ў Азярцоўскай сярэдняй школе. Сёлета, як звычайна, на парозе школы хлопчыкаў, дзяўчынак і іх бацькоў гасцінна сутракалі дырэктар установы адукацыі Віктар Савіцкі і педагогі, з вуснаў якіх можна было пачуць: “Як вашы справы?”, “Як жа ты падрасла за лета!”, “Рады вас бачыць!”… Настрой узнімалі ўсімі любімыя школьныя песні, прыгожыя кветкі, а галоўнае — шчырыя, радасныя ўсмешкі дзяцей!

Па добрай традыцыі ў Азярцоўскай школе на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў, сабраліся госці. Сёлета ў іх ліку былі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, намеснік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Віталь Лісоўскі, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі Мінскага раённага выканаўчага камітэта Кацярына Штукіна, настаяцель храма ў гонар пакутніц Веры, Надзеі, Любові і іх маці Софіі аграгарадка Азярцо Антоній Пташынскі, а таксама ветэраны адукацыі, прадстаўнікі Мінскага раённага ўнітарнага прадпрыемства “Агракамбінат “Ждановічы” і мясцовых устаноў.

Дырэктар школы прывітаў усіх, хто сабраўся на свяце, і павіншаваў з пачаткам новага навучальнага года.

— Да новага навучальнага года ўстанова падрыхтавана на ўсе сто працэнтаў, — з гордасцю адзначыў Віктар Францішкавіч. — Мы рады бачыць усіх у нашай Азярцоўскай школе. У сваю вялікую дружную сям’ю сёлета мы прымаем 88 першакласнікаў, якія будуць вучыцца ў чатырох класах. Спа­дзяюся, што ім, як і ўсім астатнім, з першых жа дзён будзе тут камфортна. Для гэта наш калектыў прыкладае ўсе намаганні.

З прывітальным словам ад Міністэрства адукацыі выступіў Аляксандр Кадлубай. Ён падкрэсліў, што Азярцоўскую школу ведаюць далёка за межамі рэгіёна, на рэспубліканскім узроўні. Яна славіцца поспехамі вучняў і педагогаў.

— Школы краіны сёння адчынілі свае дзверы больш чым для мільёна дзяцей, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — Няхай першакласнікі радуюць бацькоў і педагагоў. Адзінаццацікласнікаў чакае няпросты год. Хочацца пажадаць, каб усе іх намеры спраўдзіліся, каб у канцы гэтага навучальнага года яны атрымалі высокія балы ў свае атэстаты. Рэалізуйце сябе, штодня не толькі атрымлівайце веды, але і развівайцеся ў творчасці і спорце.

Аляксандр Кадлубай заклікаў педагогаў і бацькоў да плённага ўзаемадзеяння, падкрэсліўшы, што менавіта ў ім залог шчаслівай будучыні дзяцей. Ад Міністэрства адукацыі ён ўручыў Азярцоўскай школе каштоўны падарунак — сертыфікат на сучасную інтэрактыўную панэль.

Прадстаўнікі вядомага прысталічнага агракамбіната “Ждановічы”, з якім у Азярцоўскай школы склаліся адносіны супрацоўніцтва, таксама прыйшлі на Свята ведаў з падарункам. Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўніку ўстановы быў уручаны сертыфікат на 2 тысячы беларускіх рублёў для папаўнення матэрыяльна­тэхнічнай базы.

— Школьныя гады — вельмі важны перыяд жыцця для кожнага, — сказаў першы намеснік генеральнага дырэктара Мінскага раённага ўнітарнага прадпрыемства “Агракамбінат “Ждановічы” Віктар Каўтуха. — Школа — гэта больш, чым падручнікі і парты. Яна робіць жыццё яркім і насычаным падзеямі, дае неабходныя веды, развівае, выхоўвае. Раю вучням: ніколі не саромейцеся быць цікаўнымі і задаваць пытанні. Атрымлівайце веды і выкарыстоўвайце іх, дзяліцеся імі з іншымі.

Традыцыйны першы званок і эмацыянальнае выступленне першакласнікаў нікога не пакінулі абякавымі. Першы школьны дзень атрымаўся вельмі прыгожым, святочным і запамінальным.

Сёлета Азярцоўская школа адчы­ніла свае дзверы для 616 вучняў. Арганізавана профільнае навучанне ў дзясятым класе па матэматыцы, рускай і англійскай мовах. У адзінаццатым класе — па рускай і англійскай мовах. Будуць працаваць 67 факультатываў, 19 аб’яднанняў па інтарэсах, 14 спартыўных секцый, аказвацца 18 платных адукацыйных паслуг.

Школа паспяхова займаецца інавацыйнай дзейнасцю. У 2019/2020 навучальным годзе тут завяршылі работу над абласным педагагічным праектам “Фарміраванне сямейнай культуры вучняў”. Сёлета будзе працягвацца рэалізацыя раённага праекта “Вучымся разам здаровымі быць”.

Лепшае пацвярджэнне правільнасці выбранага курсу, вядома ж, поспехі вучняў, якія штогод радуюць сваімі перамогамі. Выдатнай навіной для педагагічнага калектыву стала тое, што сто працэнтаў выпускнікоў адзінаццатых класаў гэтага года паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на бюджэтную форму навучання. У Азярцоўскай школе кожнаму вучню імкнуцца не толькі дапамагчы знайсці сваё месца ў жыцці, але і перадаць асаблівыя адносіны да сваёй ўстановы адукацыі як да роднага, дарагога сэрцу месца на малой радзіме.

Таццяна ШЫМКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.