Свята радасці, дабрыні і міласэрнасці

Нараджэнне Хрыстова — асаблівае свята, напоўненае радасцю, дабрынёй, міласэрнасцю і шчырай верай праваслаўных людзей. Усюды пануе атмасфера чысціні, духоўнасці і ўрачыстасці.

Святочныя дні, ці святкі, — гэта перыяд ад Раства Хрыстова да Хрышчэння. Гэтыя два святы злучаны чарадой цікавых дзён, якія напоўнены светлай духоўнай радасцю. Праваслаўныя ў гэтыя дні стараюцца ўдзяліць больш увагі справам міласэрнасці. У наш час асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаванню падрастаючага пакалення. Выкладанне курсаў “Асновы праваслаўнай культуры” і “Асновы прасваслаўнай маральнасці” ў нашай школе, “Урокаў дабрыні” ва рознаўзроставай групе дзіцячага садка дае магчымасць нашым дзецям навучыцца жыць у дабрыні, міры і згодзе.

У рамках супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой нашы вучні разам з іерэем царквы Прасвятой Багародзіцы Дзмітрыем Смурагам на працягу тыдня наведалі і павіншавалі з Раством адзінокіх людзей, якія пражываюць на тэрыторыі Вераб’евіцкага сельскага выканаўчага камітэта, інвалідаў, таксама ветэранаў Вялікай Айчынай вайны — Івана Ігнацьевіча Комара і Мікалая Арцём’евіча. Пажадалі моцнага здароўя, дабрабыту, добрага настрою і каб ва ўсіх дамах усталяваўся давер, узаемапаразуменне і дабрабыт.

Вольга РАДЧАНКА,
дырэктар Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.