Свята разам з “Настаўніцкай”

- 11:38Актуально, Апошнія запісы

Выдатным падарункам педагогам Віцебшчыны да Дня настаўніка стаў канцэрт, арганізаваны вядучым прафесійным выданнем

Мы прывыклі рабіць усё разам – так і працуецца спарчэй, і адпачываецца весялей, асабліва калі рабіць гэта вялікай педагагічнай сям’ёй. Журналісты і педагогі рыхтуюць матэрыялы ў газету, настаўнікі і навучэнцы з’яўляюцца героямі большасці нашых публікацый. Пад дэвізам “Будзем разам!” праходзяць сустрэчы ўдзельнікаў творчых праектаў “Настаўніцкай газеты” і педагогаў. Канцэртныя праграмы ў рамках нашай інфармацыйна-рэкламнай акцыі з поспехам прайшлі ў Хойніках, Рэчыцы, Магілёве, Пінску, Лідзе, Мастах, Жодзіне, Сянно і Ушачах. На гэты раз нашых артыстаў ужо другі раз віталі ў Оршы. У Аршанскім доме культуры чыгуначнікаў сабраліся настаўнікі і артысты з усіх куткоў Беларусі, каб разам сустрэць прафесійнае свята.

Павіншаваць педагогаў Віцебшчыны прыехалі калегі і навучэнцы з Петрыкава і Хойнікаў, Чашнікаў і Магілёва, Барысава і Мінска.

У перадсвяточны дзень педагогаў чакалі не толькі творчыя падарункі, але і заслужаныя ўзнагароды. Першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац уручыў ганаровыя граматы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

— Цудоўна, што ёсць такое свята. Усе мы былі вучнямі і памятаем свайго першага настаўніка. Ад педагогаў напрамую залежыць наша будучыня, — адзначыў Сяргей Уладзіміравіч. — Аршаншчына славіцца сваімі людзьмі, гэта радзіма выдатных працаўнікоў, паэтаў, мастакоў, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Славіцца наш край і сваімі настаўнікамі. Зараз развіццю рэгіёна ўдзяляецца велізарная ўвага. Важным складнікам поспеху многіх праграм і праектаў з’яўляецца работа сацыяльнай сферы і, безумоўна, адукацыі. Думаю, сумеснымі намаганнямі мы здзейснім усё задуманае.

Уручаючы граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч адзначыла: “Сёлета прафесійнае свята азнаменавана такой знакавай для нас падзеяй, як перамога прадстаўнікоў Віцебшчыны на конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Віцебская вобласць стала яго бясспрэчным лідарам як у камандным заліку, так і ў асабістым першынстве”. Яна таксама пажадала ніколі не спыняцца на дасягнутым і ставіць перад сабой высокія мэты.

Зала вітала запрошаных на свята ветэранаў педагагічнай працы стоячы. Пад працяглыя авацыі кожнаму з іх уручылі кветкі ад педагагічнай грамадскасці раёна і памятныя падарункі ад нашага выдання.

— Ад мяне як галоўнага рэдактара прыміце велізарную ўдзячнасць за ўвагу да жыцця сучаснай школы: значная колькасць матэрыялаў і званкоў у рэдакцыю паступае менавіта ад ветэранаў, якія і сёння жывуць галіной, яе інтарэсамі і рытмам. Ваша справа — у надзейных руках”, — запэўніў кіраўнік калектыву “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў.

Узнагароджваючы педагогаў Віцебшчыны падзякамі ад “Настаўніцкай газеты”, Вадзім Аляксандравіч адзначыў, што Віцебская вобласць сёння з’яўляецца адным з лідараў па колькасці, змястоўнасці і тэматычнай разнастайнасці публікацый пазаштатных аўтараў.

У шоу-праграме ўзялі ўдзел вакальны квартэт “Рэнесанс” з гарадскога пасёлка Ушачы пад кіраўніцтвам Жанны Савіцкай, уладальніца гран-пры конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца” Вольга Булай, навучэнец Барысаўскага дзяржаўнага каледжа пераможца конкурсу “Звонкая раніца” Уладзімір Арацюнян з Барысава, педагог па вакале праекта “Звонкая раніца” Аліна Дзямідава, вакальная група заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага тэатра-студыі “Вясёлка” пад кіраўніцтвам Ліліі Чагадаевай з Магілёва, узорныя танцавальныя ансамблі “Драйв” (Хойнікі, кіраўнік Алена Ляснічая) і “Экшн” (Петрыкаў, кіраўнік Ірына Буднік).

Значную частку канцэрта склалі нумары аршанскіх выканаўцаў і калектываў: Яны Жураўскай, Івана Варашкова, Ірыны Шмуратка, Любові Галкінай, Таццяны Марушкевіч; вакальнай групы “ДоРэМікс” пад кіраўніцтвам Алены Лебедзь; танцавальных калектываў “Айседора” (сярэдняя школа № 4, кіраўнік Таццяна Буланок), “Каскад” (сярэдняя школа № 6, кіраўнік Вольга Рабцава); тэатра касцюма “Вобраз.бай” сярэдняй школы № 3 Оршы пад кіраўніцтвам Наталлі Вінаградавай і Алены Дзеравянка, узорнага цыркавога калектыву “Феерыя” Аршанскага дома культуры чыгуначнікаў (кіраўнік Алена Жаўнерка).

Заключнымі акордамі канцэртнай праграмы сталі любімыя песні ў выкананні зорак беларускай эстрады Яна Маерса і заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай.

— Дзякуй упраўленню адукацыі Віцебскага аблвыканкама і “Настаўніцкай газеце”, што менавіта Орша прымае такое выдатнае свята, што да Дня настаўніка наша газета падарыла нам такі цудоўны падарунак, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі. — Прафесія педагога незвычайная, цікавая, складаная. Настаўніку вельмі важна самому ставіць перад сабой новыя задачы, не спыняцца на дасягнутым і трошкі ўмець лятаць — інакш не ўзляцяць яго вучні. Жадаю калегам цярпення, таму што гэта аснова педагагічнай працы, гордасці за сваіх вучняў, здароўя, сямейнага дабрабыту. А самае галоўнае, будзьце крылатыя!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.