Свята роднай мовы ў Светлагорску

- 11:53Нам пішуць

Да Міжнароднага дня роднай мовы аддзел адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама на базе сярэдняй школы №12 Светлагорска арганізаваў раённае свята “Размаўляем па-беларуску самі і разам з вамі!”. Сімвалам свята сталі васількі. Імі была ўпрыгожана сцэна, яны сталі эмблемамі многіх каманд. Васілёк з рук у рукі перадавалі настаўнікі, якія вялі ўрок, каб аб’яднаць яго ў адно цэлае; васількі як любімыя кветкі дарылі пісьменнікам праз школьныя ініцыятывы “Кветкі беларускаму пісьменніку”.

Свята праходзіла ў форме імправізаванага інтэграванага ўрока, асноўнай мэтай якога стала папулярызацыя беларускай мовы, развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў і настаўнікаў, а таксама пашырэнне сферы выкарыстання роднай мовы.

Кожны з прысутных у актавай зале змог узважыць свой інтэлектуальны запас, вызначыць асабістую ролю ў справе папулярызацыі беларускай мовы. Гэта быў урок-свята, які праходзіў адразу ў некалькіх класах: імправізаваны міні-клас размясціўся на сцэне, а ў вялікі клас ператварылася актавая зала. Усяго ўдзельнікамі свята стала 188 школьнікаў.

Галоўным героем свята была беларуская мова. Урачыстасці мерапрыемству надалі цёплыя пажаданні арганізатарам і ўдзельнікам свята ад Святланы Іванаўны Стораж, начальніка вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін дзяржаўнай установы адукацыі “Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі”.

Па водгуках прысутных і гасцей, праграма свята была вельмі насычаная і непаўторная. Гучалі вершы беларускіх паэтаў, асабістыя творы маладых паэтаў нашага раёна, прэзентаваліся творчыя праекты. І ўсё гэта — на прыгожай беларускай мове! Былі прадэманстраваны новыя методыкі па заахвочванні да вывучэння твораў на памяць (працягнуць радкі верша, пакладзенага на музыку), удасканаленыя методыкі па этымалагічным аналізе слова, па выкарыстанні аўдыякніг, па стварэнні буктрэйлераў як адной з сучасных форм сумеснай работы настаўнікаў і вучняў, якая працуе на карысць роднай мовы і літаратуры.

Прагучалі вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Генадзя Бураўкіна, Навума Гальпяровіча, Юрася Свіркі, Леаніда Дайнекі, Яўгена Крупенькі, Лёлі Багдановіч, Я. Янішчыц і іншых беларускіх аўтараў, якія падчас рэфлексіі чыталі вучні розных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашага раёна і прыхільнікі беларускай мовы ў падарунак усім прысутным.

Гучалі вершы і ўрыўкі з паэмы маладога паэта, пераможцы шматлікіх рэспубліканскіх конкурсаў, вучня 10 класа ДУА “Каранёўскі яслі-сад — сярэдняя школа” Кірыла Анацка, вершы настаўніка беларускай мовы і літаратуры Людмілы Фёдараўны Траццяковай.

Думаецца, пакладзена добрая традыцыя правядзення маштабных мерапрыемстваў усімі зацікаўленымі катэгорыямі педагогаў па падтрымцы і папулярызацыі беларускай мовы.

Вольга НОВІК,
метадыст.