Свята стварылі студэнты

Дзіцячы сацыяльны прытулак Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра наведалі студэнты факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Іх не збянтэжыла адлегласць больш за сто кіламетраў ад Мінска, уласная занятасць на заліках і іспытах. Да візіту госці падрыхтаваліся вельмі старанна: набылі ў падарунак гульні, сродкі гігіены і салодкія пачастункі.

З першых хвілін зносін студэнты знайшлі агульную мову з нашымі выхаванцамі. Пасля знаёмства яны распавялі пра сябе і вучобу, імкнуліся зацікавіць старэйшых дзяўчат і хлопцаў факультэтам і ўніверсітэтам, не забыліся распытаць дзетак аб іх інтарэсах і захапленнях. Затым пачаліся сумесныя гульні.

Прыемна было назіраць, як хлопчыкі і дзяўчынкі, выкарыстоўваючы яркія алоўкі, замалёўвалі фрагменты чароўнага свету велізарнай размалёўкі. Яшчэ бавілі час за шахматамі і лато, шматлікімі іншымі настольнымі гульнямі, складалі хітрыя пазлы. Падрыхтаваны быў і салодкі стол з сокам, зефірам, садавіной, цукеркамі і вафлямі. Асабліва ўзрадаваліся дзеці кексам, якія ўласнаручна выпеклі студэнты па рэцэпце адной з матуль: адчулі цеплыню дамашняга ачага.

У сваю чаргу выхаванцы запрасілі гасцей і сваіх родных на казку “Рэпка на новы лад”, у якой сучасны Дзед, прасунутая ў сацыяльных сетках Бабуля, Унучка-хакер і жывёлы спрабавалі выцягнуць Рэпку, і толькі пасля таго, як кожны знайшоў час, каб удзяліць яго сваім блізкім, задуманае ўдалося. Яшчэ дзеці чыталі вершы, малявалі на асфальце, удзельнічалі ў танцавальным флэшмобе.

Вельмі прыемна, што, нягледзячы на малады ўзрост, слухачы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта задумалі і ажыццявілі дапамогу дзецям, якія апынуліся ў дзіцячым сацыяльным прытулку. Выказваем вялікую падзяку кіраўніцтву і выкладчыкам універсітэта за годнае выхаванне студэнтаў, падрыхтоўку не толькі высокакваліфікаваных кадраў для краіны, але і клапатлівых, шчырых людзей.

Гэта ўжо не першая сустрэча са студэнтамі факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва і мы будзем чакаць іх, як чакаюць самых дарагіх і блізкіх сваякоў.

Ларыса ТАТАРЫНАВА,
дырэктар Смаргонскага СПЦ.
Фота прадстаўлена студэнтам Уладзімірам ВІТКО.