Свята супярэчлівых пачуццяў

Тысячы школьнікаў нашай краіны сталі выпускнікамі. На выпускных балях яны паглядзелі ўслед адыходзячаму дзяцінству і смела накіраваліся насустрач даросламу жыццю.

Выпускнікі школ Мінскага раёна адправіліся ў вялікае падарожжа “Пад пунсовымі ветразямі мары” — так названы раённы выпускны баль. На некаторы час выпускнікі трапілі ў казку і адправіліся на свята разам з Папялушкай. І гэты баль быў чароўны, дзівосны, магічны. Ён кружыў, зачароўваў і радаваў. У бараўлянскую сярэднюю школу № 2 прыехалі каля сотні хлопцаў і дзяўчат, якія сваёй працай, цярпеннем, ведамі, руплівасцю заваявалі дыпломы і медалі ў інтэлектуальных, творчых і спартыўных спаборніцтвах, сталі лідарамі і прыкладам для сваіх равеснікаў.
Пунсовыя ветразі сапраўды рэялі над учарашнімі школьнікамі ў гэты дзень. Іх выява з’явілася на ганаровым сцягу выпускнікоў, які быў урачыста ўзняты і даў старт святу. Баль выпускнікоў Мінскага раёна Бараўлянская школа прымае традыцыйна. Некалькі гадоў назад тут была закладзена алея выпускнікоў прысталічча. Цяпер штогод выпускнікі папаўняюць яе памятнымі знакамі, на якіх пішуць дэвіз, крэда свайго выпуску. Сёлета алея папоўнілася знакам ад выпускнікоў 2015 года, на якім яны напісалі: “Будучыня належыць тым, хто верыць у прыгажосць сваёй мары!”
45 хлопцаў і дзяўчат атрымалі галоўныя школьныя ўзнагароды — медалі: 6 сярэбраных і 39 залатых. Таксама былі падведзены вынікі традыцыйнага раённага конкурсу “Выпускнік года”, які праводзіцца ў трох намінацыях — за высокія дасягненні ў вучэбнай, творчай дзейнасці і спорце. Абсалютным пераможцам конкурсу становіцца вучань, які праявіў сябе ва ўсіх сферах. Сёлета выпускніком года стала Настасся Агеева, навучэнка Мінскага раённага ліцэя. Напэўна, больш за саміх герояў балю хваляваліся іх бацькі, якія атрымалі лісты з падзякай за поспехі ў выхаванні дзяцей.
Пунсовыя ветразі мары, якія сталі сімвалам выпускнога балю, ужо напоўніліся ветрам надзеі і імкненняў. Бацькі і настаўнікі шчыра жадалі выпускнікам, каб гэты вецер быў заўсёды спадарожным, а карабель жыцця ішоў правільным курсам.
Выпускны баль — свята супярэчлівых пачуццяў. Кожнаму з былых школьнікаў хочацца стаць дарослым і адначасова так шкада развітвацца з дзяцінствам. Выпускнікі адчуваюць трывогу перад нязведанай будучыняй і ў той жа час жаданне хутчэй ісці наперад. І ідуць яны смела, з адчуваннем удзячнасці і адказнасці, з адкрытымі сэрцамі і чыстымі памкненнямі. “Для нас настаў час адказнага выбару жыццёвага шляху. Ад перспектыў, якія перад намі адкрываюцца, дух займае, — гаворыць ад імя ўсіх выпускнікоў Маргарыта Аглобліна, навучэнка Замастоцкай сярэдняй школы. — Мы абяцаем быць сумленнымі і прынцыповымі, гуманнымі і справядлівымі, ніколі не спыняцца на дасягнутым і помніць парады нашых настаўнікаў. Мы пастараемся не падвесці тых, хто верыць у нас, хто працаваў дзеля нашага выхавання і адукацыі. Сябры, давайце імкнуцца, тварыць, марыць. Усё ў нас абавязкова атрымаецца!”

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.