Свята сям’і

Дзень добры! Здравствуйте! Салам! Ас-саляму алейкум! Ніхао!

У суботу ў сталічнай школе № 191 прывітанні чуліся адразу на пяці мовах — беларускай, рускай, туркменскай, узбекскай і кітайскай. А яшчэ гучалі пазітыўныя і цёплыя кампліменты — замежным гасцям тут відавочна падабалася. І не важна, што не ўсе з іх гавораць і разумеюць па-руску, галоўнае, што яны адчулі сябе як дома, быццам па ўзмаху чароўнай палачкі апынуліся ва ўтульнай, гасціннай атмасферы, якая схіляе да зносін. А сабраў усіх гасцей ІІ Міжнародны фестываль сям’і “Традыцыі. Быт. Культура”. Нягледзячы на свой зусім юны ўзрост, ён стаў ужо традыцыйным, і пра яго ведаюць далёка за межамі нашай краіны.

Адным з арганізатараў фестывалю выступіў рэсурсны цэнтр па сямейным і гендарным выхаванні, які дзейнічае на базе сярэдняй школы № 191. У мінулым годзе задумка аб’яднаць сем’і не толькі Першамайскага раёна Мінска, але і многіх іншых краін і прадэманстраваць, якімі моцнымі, згуртаванымі, дружнымі могуць быць ячэйкі грамадства, удалася і прыйшлася даспадобы. І сёлета за арганізацыю другога па ліку фестывалю ініцыятыўная група ўзялася ўжо больш упэўнена і з вялікім энтузіязмам.

Святочны настрой перадаўся ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства з самага пачатку. Цёплы прыём, незвычайная рэгістрацыя, калі кожны мог завязаць на вялікім палатне стужачку на памяць пра сваё знаходжанне на мерапрыемстве, і сардэчнае прывітанне:

“Мы гаворим вам “Здравствуйте!”,
чтоб пожелать здоровья доброго.
Мы говорим вам: “Благости!”,
чтоб пожелать вам счастья нового.
Мы говорим вам:
“Радости, любви, удачи и везения!”,
Чтоб пожелать сегодня вам
прекраснейшего настроения!”

Ну ў каго, скажыце, пасля такіх слоў не ўзнімецца настрой, не знікне сум? І каму не захочацца акунуцца ў вір цёплых зносін? Так госці школы і ўдзельнікі фестывалю з радасцю выкарысталі магчымасць пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі і, вядома, стаць часцінкай той вялікай фестывальнай сям’і, якая сабралася ў школе на незвычайнае свята.

Дарэчы, у мерапрыемстве ўдзельнічалі восем беларускіх і замежных сем’яў, а гэта нямала. Значыць, наш фестываль набірае абароты.

Беларускі бок прадстаўлялі сем’і Валковіч (сярэдняя школа № 96), Буйніцкіх (яслі-сад № 5 Фаніпаля), Касцюковіч (сярэдняя школа № 94), Крышчановіч і Каральковых (сярэдняя школа № 191). Гонар Узбекістана адстойвала сям’я Курбанавых. А Туркменістан і Кітайскую Народную Рэспубліку прадстаўлялі дзве вялікія і дружныя студэнцкія сям’і з філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. Атрымалася вельмі незвычайна. Такой колькасці замежных студэнтаў наша школа яшчэ не бачыла, а ў нацыянальным адзенні — тым больш. Але ўсё гэта надало асаблівы шарм і прыўнесла каларыт у мерапрыемства.

У актавай зале з прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася дырэктар сярэдняй школы № 191 Мінска Юлія Ільінічна Пінчук. Яна падкрэсліла, што сямейны карабель вельмі крохкі і неабходна прыкласці шмат намаганняў, каб ён не разбіўся аб скалы побыту. Але калі старацца, калі ўсім сэрцам імкнуцца да захавання сямейнага ачага, то ўсё абавязкова атрымаецца.

А потым слова ўзялі “віноўнікі” ўрачыстасці. Кожная сям’я прадстаўляла сябе. Гэта былі своеасаблівыя міні-візіткі, падчас якіх удзельнікі спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Гэта значыць, у кожнай сям’і была магчымасць паказаць свае найбольш моцныя бакі — расказаць пра захапленні, пра любімыя заняткі. Атрымаўся цэлы канцэрт!

У фае школы разгарнуўся вялікі дабрачынны кірмаш са смачнай, салодкай, духмянай прадукцыяй. Студэнты прызналіся, што такой смакаты яны не каштавалі ніколі. Вядома, усё дамашняе, з полымя, з жару, згатавана з любоўю. Ужо толькі гэта надае выпечцы асаблівы смак.

Але на гэтым “свята жывата” не скончылася. Тым часам у памяшканні школьнай сталовай праходзіў кулінарны паядынак. Усе ведаюць, што адной з самых старажытных сямейных традыцый, якія аб’ядноўваюць розныя пакаленні, з’яўляецца сямейная трапеза. А пачастунак на сотню і больш гасцей? Гэта ўжо цэлы банкет. Усе сем’і прадставілі відэасюжэты або прэзентацыі пра тое, як яны гатуюць сваю любімую, а ў некаторых выпадках традыцыйную страву. Галоўнай інтрыгай стала тое, што ўсе кулінарныя шэдэўры, спачатку прадстаўленыя віртуальна, можна было пасля паспытаць. Дэгустацыя прайшла вельмі весела, стравы спадабаліся і самім удзельнікам, і гасцям фестывалю. Разынкай вялікага частавання стаў сапраўдны ўзбекскі плоў — яркі, як сонейка, гарачы, сытны і духмяны.

Павучыцца сапраўднаму сямейнаму рукадзеллю — выцінанцы, аэрадызайну, вырабам з фаамірану — удзельнікі змаглі на творчых майстар-класах.

Ну а самая галоўная падзея фестывалю адбылася каля рэсурснага цэнтра. Дырэктар 191-й школы Юлія Ільінічна Пінчук, а таксама ганаровыя госці Вольга Міхайлаўна Батура (начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы, аховы дзяцінства ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска), Наталля Міхайлаўна Карпушава (намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў МГІРА) і святар Святаслаў Рагальскі адкрылі другую па ліку зорку фестывалю, якая будзе нагадваць, што сям’я ў кожнага з нас павінна быць на першым месцы.

Закрыццё фестывалю адзначылася ўзнагароджаннем усіх удзельнікаў і невялікім канцэртам. Сем’і складвалі на сцэне прыказку з частак слоў. Атрымалася наступнае: “Лепшы клад, калі ў сям’і лад”. Гэта сапраўды так, таму што ніякія багацці свету не заменяць цёплую далонь маці і пахвальную ўсмешку бацькі. А згода і ўзаемаразуменне — лепшыя лекі ад любой хваробы. Прайшоў і флэш-моб, які не так даўно стаў візітнай карткай школы. Падобныя масавыя акцыі таксама цудоўна згуртоўваюць людзей, міжволі прымушаюць іх думаць і дзейнічаць сумесна. Гэты раз удзельнікі мерапрыемства — дзеці, іх бацькі, педагогі — звязалі цёплыя шалікі з назвамі гарадоў, у якіх нарадзіліся іх сем’і. Гэта Мінск, Слуцк, Віцебск, Орша, Шклоў, Пінск, Браслаў і інш. Дзякуючы намаганням педагогаў-арганізатараў і старшакласніц, шалікі аб’ядналіся ў вялікія палотны і чакалі сваёй гадзіны, каб упрыгожыць дрэвы школьных ліпавых прысад.

Акрамя таго, кожны ўдзельнік і госць фестывалю атрымаў у падарунак навагоднюю сняжынку з пажаданнем (бо фестываль праходзіў напярэдадні Каляд і Новага года). Арганізатары мерапрыемства хацелі, каб кожная сям’я забрала з сабой часцінку агульнай цеплыні і каб гэтыя немудрагелістыя сняжынкі дарылі ім радасць і надзею.

— Наш фестываль падыходзіць да завяршэння, і мы жадаем усім вам бясконцага сямейнага шчасця! Няхай у вашых сем’ях жывуць вера адно ў аднаго, надзея на лепшае і самае трывалае, адданае каханне!

Такія цёплыя, шчырыя словы сказалі на развітанне ўсім удзельнікам і гасцям вядучыя мерапрыемства. У тую хвіліну кожны верыў, што менавіта так усё і будзе. А нехта ў думках ужо складаў заяўку на ІІІ Міжнародны фестываль сям’і, які абавязкова пройдзе ў наступным годзе.

Вольга РОЗУМ,
настаўніца пачатковых класаў,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” сярэдняй школы № 191 Мінска.