Свята царыцы Восені

Стала добрай традыцыяй у апошнія дні лістапада праводзіць у нашай установе адукацыі Свята царыцы Восені. Не стаў выключэннем і гэты навучальны год. Царыца завітала да вучняў 1—7 класаў разам са сваімі сынамі Вераснем, Кастрычнікам і Лістападам. Кожны з братоў-месяцаў імкнуўся пацешыць, павесяліць царыцу Восень ды паказаць, на што здольны.

У кожнага з іх былі свае памочнікі верныя, ды на ўсё здатныя. Лясныя звяры расказалі, як яны рыхтуюцца да прыходу зімы: Зайка змяніў шубку, Лісічка назапасіла грыбоў, а Мядзведзь з Вожыкам пачалі падрыхтоўку да спячкі. Не абышлося на свяце без Пудзіла Агароднага, якое ўсё лета стаяла ў садзе-агародзе, ураджай сцерагло, не спала, не ела, у любое надвор’е: і пад сонцам, і пад дажджом. Аказалася, што без Пудзіла на свяце было б сумна. Яно танцавала, загадвала загадкі, праводзіла гульні.

Не адставалі іншыя вучні. Яны інсцэніравалі песню “Антошка”, казкі “Дзед і гародніна” і “Рэпка”. Нікога не пакінулі абыякавымі танец з парасонамі, песні “Пяшчотная восень”, “Дожджык”, “Асенні баль”. Выстаўка “Дары восені” ўразіла разнастайнасцю. Тут былі не толькі самая вялікая і самая малая гародніна і садавіна, але і вырабы з прыроднага матэрыялу, зробленыя рукамі вучняў. Восені на свяце спадабалася. Развіталася царыца і запрасіла ўсіх у казачнае асенняе царства на наступны год.

Восень бывае вясёлая і сумная, сонечная і пахмурная, з дожджыкам і мокрым снегам, з халоднымі вятрамі і прымаразкамі. Але мы любім яе за шчодрасць, за прыгажосць, за рэдкія, але слаўныя цёплыя дзянькі і з нецярпеннем будзем чакаць новых сустрэч.

Ірына РАДЗЮК,
класны кіраўнік 7 класа
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.