Свята турызму пачынаецца

Гэтай падзеі з нецярпеннем чакаюць юныя турысты ад Брэста да Уладзівастока. Традыцыйны штогадовы турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы пачнецца ўжо ў панядзелак ва Уладзімірскай вобласці. 7 каманд Рэспублікі Беларусь і 34 каманды суб’ектаў Расійскай Федэрацыі (усяго каля 600 чалавек) збяруцца разам, каб абараніць турыстычны гонар свайго рэгіёна, паказаць найлепшыя турысцкія ўменні і навыкі.

Злёт праводзіцца з мэтай садзейнічання развіццю дзіцяча-юнацкага турызму ў Саюзнай дзяржаве шляхам арганізацыі сумеснай спартыўна-турыстычнай дзейнасці навучэнцаў Беларусі і Расіі. Арганізатары злёту (Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Федэральны цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства) зробяць усё магчымае, каб турыстычнае свята атрымалася.

На працягу 6 дзён (з 23 па 28 ліпеня) юных турыстаў, педагогаў і суддзяў чакае насычаная спартыўная, конкурсная і экскурсійная праграма. Яна прадугледжвае правядзенне спаборніцтваў па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму на розных відах дыстанцый, конкурсаў турысцкіх навыкаў, прадстаўлення каманд, конкурсу краязнаўцаў і турыстычных газет. Па-за конкурснай праграмай пройдуць спаборніцтвы па міні-футболе, піянерболе, армрэслінгу, перацягванні каната, дартсе і інш.

У першы дзень злёту госці азнаёмяцца з адметнасцямі старадаўняга Уладзіміра, а ў аўторак на паляне злёту пройдзе яго ўрачыстае адкрыццё. Пасля напружаных спаборніцтваў 27 ліпеня ў якасці ўзнагароды юных турыстаў чакае канцэртна-гульнявая праграма, святочны феерверк і вогнішча сяброўства. Урачыстае закрыццё злёту, узнагароджванне пераможцаў і прызёраў адбудзецца ў суботу 28 ліпеня.

Пажадаем камандам удалага выступлення на спартыўных дыстанцыях і ў конкурснай праграме, а таксама добрага настрою, новых знаёмстваў, сяброў.

Падрыхтаваў Ігар ГРЭЧКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *