Свята творчасці і дабрыні

- 9:31Культура

Фінал абласнога этапу XIII Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” сабраў 190 удзельнікаў з усёй Міншчыны.

Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сярод якіх выхаванцы дзіцячых дамоў, спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школ-інтэрнатаў, навучэнцы ЦКРНіР, прадэманстравалі свае таленты ў мастацкай самадзейнасці, выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Для дзяцей з АПФР падобныя конкурсы — гэта не толькі шанс праявіць сябе, але і магчымасць сустрэцца з аднагодкамі, атрымаць порцыю станоўчых эмоцый, апладысментаў, высокіх адзнак і падарункаў, што вельмі важна для развіцця асаблівых дзяцей.

У фае каладзішчанскай сярэдняй школы № 2 размясцілася выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Напрыклад, выхаванцы Жодзінскага ЦКРНіР прадставілі вырабы з натуральных матэрыялаў: семак, зярнят, насення, а таксама творчыя работы ў навамодным кірунку — лямцавым жывапісе. Шырокі спектр колераў лямцавага матэрыялу і не вельмі складаная тэхналогія выканання дазваляюць дзіцяці з цяжкімі множнымі парушэннямі здароўя, падбіраючы і міксуючы  рознакаляровая валокны, праяўляць свае эмоцыі і пачуцці ў пейзажах, нацюрмортах, партрэтах або абстрак­цыях. 

Юныя жыхары Стоўбцаў прадэманстравалі прыродныя пейзажы, выкла­дзеныя з рознакаляровых пластылінавых скруткаў. Выхаванцы Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната здзівілі вынікамі майстэрскага валодання лобзікам — скрынкамі, цукарніцамі, сурвэтніцамі і элементамі дэкору з фанеры.

На стэндзе Любанскага ЦКРНіР госці і прадстаўнікі журы разглядалі серыю малюнкаў гуашшу. Сярод іх — малюнкі вучаніцы 1 класа Настассі Ціпуновай, прысвечаныя розным народным святам. Асаблівую цягу да выяўленчага мастацтва ў васьмігадовай Насці заўважыла вопытны педагог дадатковай адукацыі Любанскага цэнтра дзіцячай творчасці Таццяна Прушак, прыйшоўшы на заняткі ў ЦКРНіР. Педагог прапанавала тэму для заняткаў і пачала ледзь-ледзь наносіць фарбамі элементы малюнка, а Насця ахвотна ўзялася маляваць зверху гуашшу. Спачатку дзяўчынка са спадарожным захворваннем РАС не прымала дапамогу педагога. Аднак з часам стала прыслухоўвацца да прафесійных парад, навучылася змеш­ваць фарбы і пачала дазваляць настаўніцы карэкціраваць свае работы.

Мабыць, самы маштабны стэнд, багаты на розныя напрамкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадставілі выхаванцы Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната. Гэта карціны ў тэхніцы алмазнай вышыўкі, вышыўкі крыжыкам, стужкамі, бісерам, а яшчэ работы ў стылі вітражнага роспісу, дэкупажа, ніткавага дызайну, квілінгу. Прыцягваюць позіркі і самыя розныя аплікацыі, у тым ліку са скуры, роставыя кветкі, вырабы з фаамірану, вязаныя цацкі. Дэкаратыўна-прыкладной творчасцю захапляецца большасць выхаванцаў школы-інтэрната. Бадай,  самыя любімыя ў дзяцей кірункі — гэта вітражны роспіс і алмазная вышыўка.

— Дадатковая адукацыя — важная частка адукацыйнага працэсу па сацыялізацыі дзяцей з АПФР, — гаворыць Людміла Федаровіч, дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР. — Займаючыся мастацкай дзейнасцю, дзеці набываюць карысныя практычныя навыкі — вучацца маляваць, спяваць, ствараць прыга­жосць сваімі рукамі. Гэта стымулюе асобасны рост дзіцяці, яго псіхічнае і эмацыянальнае развіццё. Праз творчасць адбываецца самапазнанне, самарэалізацыя і вызваленне негатыўных пачуццяў, эмоцый і думак. Акрамя таго, у дзяцей развіваюцца творчае ўяўленне і фантазія, прасторавае мысленне і мастацкі густ, а таксама фарміруюцца агульныя працоўныя навыкі, акурат­насць, беражлівасць, эканомнасць. Дзецям з парушэннямі ў развіцці вельмі важна, што навакольны свет цікавіцца вынікамі іх творчасці, высока ацэньвае і хваліць іх. Гэта павышае самаацэнку дзяцей, падштурхоўвае да развіцця.

Выступаючы на сцэне, удзельнікі фестывалю праявілі сябе ў інструментальным жанры і харэаграфіі, тэатральнай і вакальнай творчасці, чытанні вершаў. Педагогі і вучні ЦКРНіР Крупскага раёна прадэманстравалі дэфіле з некалькімі дзясяткамі капелюшоў, выкананых з выкарыстаннем самых розных падручных і дэкаратыўных элементаў: музычных дыскаў, фаамірану, тканіны, пластыку, нітак, фетру, гафрыраванай паперы, саломкі, дроту, кардону, паралонавых губак, ізалону, трыкатажу.

Большасць творчых сцэнічных нумароў сталі вынікам сумеснай творчасці дзяцей з асаблівасцямі і звычайных вучняў школ мастацтваў або выхаванцаў цэнтраў культуры. Гледзячы на яркія танцавальныя нумары, слухаючы душэўныя музычныя кампазіцыі, не толькі атрымліваеш творчае задавальненне, але і радуешся таму кранальнаму клопату, якім на сцэне хлопчыкаў і дзяўчынак з АПФР акружаюць здаровыя дзеці. Яны лепш за іншых ведаюць, як нялёгка даецца іх падапечным выкананне простага танцавальнага руху, а тым больш цэлай пастаноўкі, вывучэнне якой часам займае год.

Падводзячы вынікі свята, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мін­аблвыканкама Мікалай Башко адзначыў, што фестываль дае выдатную магчы­масць педагогам раскрыць творчыя здольнасці і таленты дзяцей, з чым яны цудоўна спраўляюцца. А таксама дадаў:

— У гісторыі развіцця фестывалю былі моманты, калі 90% юных канкурсантаў былі выхаванцамі спецыяльных школ-інтэрнатаў для дзяцей з АПФР. Сёння мы кардынальна змянілі падыходы і выйшлі за рамкі ўнутранай інклюзіі ў сістэме адукацыі. Работнікі культуры, школ мастацтваў разам са спецыяльнымі ўстановамі адукацыі працуюць з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў іх удзеле і дапамозе. Намаганні дзяржавы накіраваны на тое, каб стварыць сістэму эфектыўнай сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, каб як мага больш дзяцей заставалася ў сям’і і атрымлівала пры гэтым усю неабходную падтрымку спецыялістаў.

Свята творчасці і дабра завяршыла цырымонія ўзнагароджання. Практычна ўсе ўдзельнікі былі адзначаны абласнымі дыпломамі рознай вартасці, а таксама атрымалі падарункі ад Мінскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду. Сярод спецыяльных устаноў адукацыі дыплом I ступені Міністэрства адукацыі атрымала Ждановіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат. У намінацыі “Выяўленчая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць” першай стала Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат. Пераможцы атрымалі  дыпломы і падарункі, а таксама пуцёўкі на адпачынак у НДЦ “Зубраня”. Дарэчы, выхавальнікі Ждановіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната ўжо там пабывалі з пераможцамі з іншых рэгіёнаў на фінальным гала-канцэрце, дзе прадставілі сваё майстэрства ў шасці канцэртных нумарах.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.