Свята ўсіх журналістаў і… наш трыумф

Медыйны форум, які сёлета праходзіць пад дэвізам “Слова на службе міру”, сабраў больш за 400 друкаваных СМІ з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Індыі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі. Арганізатарамі выставы па традыцыі выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і НВЦ “БелЭкспа” пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз журналістаў”, Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку, Тэлекамунікацыйнага галіновага саюза і РУП “Дом прэсы”.

Гэтае мерапрыемства, як адзначыў у сваім прывітанні ўдзельнікам і гасцям форуму прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца яркай і маштабнай падзеяй у жыцці медыйнай супольнасці, своеасаблівым прафесійным і творчым экзаменам для прадстаўнікоў журналісцкага корпуса. Кіраўнік дзяржавы назваў сімвалічным той факт, што ў гэтым годзе выстава праходзіць напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі. “Сёння беларускія СМІ развіваюцца ў рэчышчы сусветных тэндэнцый, актыўна ўкараняюць найноўшыя камунікацыйныя тэхналогіі”, — адзначыў А.Р.Лукашэнка.
У сваю чаргу міністр інфармацыі Лілія Ананіч, адкрываючы выставу, падкрэсліла, што ў гады цяжкіх выпрабаванняў, калі Беларусь змагалася з фашызмам, слова кавала Перамогу. У падполлі, у партызанскіх атрадах выдаваліся 162 газеты. І гэта было праўдзівае слова, якому верылі, якога чакалі. Сёння ж, паводле слоў міністра, Беларусь мае магутны нацыянальны інфармацыйны патэнцыял. У нашай краіне выдаецца звыш паўтары тысячы друкаваных СМІ, рэгіянальныя і нацыянальныя тэле- і радыёканалы запатрабаваны ў кожнай беларускай сям’і. Пры гэтым актыўна асвойваюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі і ствараюцца новыя інтэрнэт-рэсурсы.
Арганізатары выставы “СМІ ў Беларусі” сёлета падрыхтавалі асабліва насычаную праграму, напоўніўшы яе як традыцыйнымі мерапрыемствамі (сустрэчамі з вядомымі журналістамі, круглымі сталамі, аўтограф-сесіямі, майстар-класамі, міні-канцэртамі, разнастайнымі флэш-акцыямі і інш.), так і навацыямі, якія надалі форуму асаблівы шарм. Так, цудоўнымі падарункамі для ўсіх удзельнікаў выставы сталі адметныя экспазіцыі лепшых фотаработ удзельнікаў Рэспубліканскага творчага конкурсу “Фота Беларусі”, у якім прынялі ўдзел больш як 500 фотамайстроў і аматараў, і фотаработ Беларускага тэлеграфнага агенцтва “Этапы Вялікай Перамогі”, тэматычная экспазіцыя Нацыянальнай кніжнай палаты “Слова клікала да перамогі. Партызанскія і падпольныя газеты часоў Вялікай Айчыннай вайны”. Непасрэдна самі журналісты змаглі абмяняцца сваім прафесійным вопытам падчас спецыялізаваных прэс-дыялогаў “Роля СМІ ў асвятленні пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін”, “Роля СМІ ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці”, “Фотажурналістыка будучага: новыя трэнды”, “Навуковы інтарэс”, “Новыя медыя Беларусі” і інш.
А, бадай, самай знакавай падзе яй XIХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” стала прэзентацыя партала беларускіх дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі belsmi. by. Ініцыятыва стварэння партала належыць Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Ідэя заключалася ў падтрымцы найперш рэгіянальных айчынных СМІ, а таксама стварэнні адзінага пункта ўваходу для чытачоў у дзяржаўную медыяпрастору. Іншымі словамі, націснуўшы на адну толькі кнопку камп’ютара, можна будзе ўбачыць увесь спектр беларускіх дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Пры гэтым, безумоўна, у карыстальнікаў застанецца магчымасць зайсці на сайт таго ці іншага выдання ранейшым шляхам — адразу ж на яго старонку ў абыход belsmi.by. На новым партале ўжо зарэгістраваны 232 адзінкі СМІ: 3 інфармагенцтвы (“Минск-Новости”, БелТА і “Магілёўскія ведамасці”), 21 тэлеканал, 57 радыёканалаў і 151 друкаванае выданне. Ужо сёння на рэсурсе размешчана каля 10 тысяч матэрыялаў, і кантэнт будзе пастаянна абнаўляцца. Міністр інфармацыі Лілія Ананіч лічыць, што праект belsmi.by асабліва перспектыўны ў плане карыстання ім знешнімі спажыўцамі інфармацыі пра нашу краіну. Рэсурс вядзе газета “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”.
5 мая ў рамках XIХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая ліцера”. Нам прыемна канстатаваць, што наша выданне сёлета выдатна нагадала пра сябе ў гэтым конкурсе: “Настаўніцкая газета” прызнана лепшым галіновым выданнем Беларусі, а загадчык аддзела праблем выхавання Ігар Грэчка стаў лаўрэатам у намінацыі “Лепшы аглядальнік”. Так вось агульнае свята ўсіх беларускіх журналістаў змясціла ў сабе і наш трыумф.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.