Свята ведаў і прыгажосці

Да свайго трыумфу яны ішлі цяжкай дарогай, але свята, якое іх чакала ў завяршэнні гэтай дарогі, атрымалася сапраўды трыумфальным. У Лідзе ўшаноўвалі пераможцаў і прызёраў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура”.

Вікторыя Мустафіна разам з кіраўніком каманды Гомельскай вобласці настаўніцай рускай мовы і літаратуры гімназіі № 14 Гомеля Жаннай Жадзейка.

Ліда гасцінна сустрэла ўдзельнікаў алімпіяды — 114 навучэнцаў 9—11 класаў (у тым ліку з Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта) з усіх абласцей Беларусі і Мінска. 

На ўрачыстым адкрыцці ўдзельнікаў алімпіяды, кіраўнікоў каманд віталі кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Анжэла Кудаярава, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская. А на сцэне Палаца культуры разгарнуўся святочны паказ, які павінен быў натхніць алімпіяднікаў на стваральную працу.

І яна пачалася 26 сакавіка. У гэты дзень навучэнцы на працягу чатырох гадзін пісалі водгук. Заключныя этапы рэспубліканскай алімпіяды праходзяць у Лідзе не першы раз. Два гады назад горад прымаў юных матэматыкаў, яшчэ раней — удзельнікаў алімпіяды па працоўным навучанні.

— Алімпіяда па рускай мове і літаратуры праходзіла на базе Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк. — Мы пастараліся стварыць адпаведныя ўмовы як для правя­дзення алімпіяды, так і для адпачынку яе ўдзель­нікаў, пазнаёміць навучэнцаў з гісторыяй Лідчыны. Былі арганізаваны экскурсіі ў Лідскі замак, вытворчыя экскурсіі “Ліда — прамысловы горад”, забаўляльныя праграмы. Вельмі прыемна, што ў складзе каманды Гродзенскай вобласці, якая ўдзельнічала ў алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, было пяць прадстаўнікоў Ліды і яны годна выступілі. Навучэнка 10 класа гімназіі № 1 Настасся Галаўнёва адзначана дыпломам ІІІ ступені. Адзінаццацікласніца Паліна Грабоўская атрымала пахвальны водзыў і спецыяльны прыз галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Вучыцца Паліна таксама ў гімназіі № 1.

Другі і трэці дзень алімпіяды — гэта выкананне комплекснай работы па рускай мове і літаратуры і вуснае выказванне.

У журы алімпіяды ўваходзілі прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі. Старшыня журы, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры рускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Нікіцевіч расказаў:

— Дзеці апраўдалі ўсе нашы чаканні. Гэта была цікавая, змястоўная алімпіяда як па заданнях, так і па тых выніках, якія прадэманстравалі ўдзельнікі. Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на адзінаццацікласнікаў. Для іх гэта вельмі важная алімпіяда. І яны паказалі вельмі высокія вынікі. Прычым вынікі гэтыя роўныя, менш за 50 балаў ніхто не набраў. Цікава было слухаць вусныя выказванні, што прадэманстравалі, як навучэнцы ўмеюць думаць, як выказваюцца. Мы можам быць спакойнымі, што ў нас такія прадстаўнікі падрастаючага пакалення. Яны стануць выдатнымі студэнтамі, а потым выдатнымі спецыялістамі — важным звяном для будучыні нашай краіны.

Завяршылася алімпіяда ўрачыстым паказам у Палацы культуры. На сцэну падняліся прыгожыя, шчаслівыя, усхваляваныя навучэнцы, адзначаныя пахвальнымі водзывамі і дыпломамі. Усяго ўдзельнікі алімпіяды атрымалі 14 падзячных водзываў, 26 дыпломаў ІІІ ступені, 15 — ІІ ступені і 10 дыпломаў І ступені.

Дыпломам І ступені ўзнагароджаны навучэнцы 9-х класаў — Арцём Віленскі (гімназія № 2 Віцебска), Марыя Сідоранка (гімназія № 10 Гомеля), Настасся Джэджора (сярэдняя школа № 125 Мінска). Навучэнцы 10-х класаў — Паліна Салміна (гімназія № 51 Гомеля), Вікторыя Заруцкая (сярэдняя школа № 1 Лёзна), Кацярына Фіцнер (гімназія № 8 Віцебска). Навучэнцы 11-х класаў — Яна Кікінёва (гімназія № 51 Гомеля), Паліна Мянзяк (гімназія № 2 Наваполацка), Вера Васілеўская (сярэдняя школа № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага), Настасся Навіцкая (сярэдняя школа № 138 Мінска).

Спецыяльны прыз Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 62 Гомеля Вікторыя Мустафіна. Журы адзначыла яе вуснае выступленне як самае лепшае.

— Я гаварыла пра паэтаў і пісьменнікаў — юбіляраў 2019 года, — расказвае Вікторыя. — Вельмі задаволена, што маё выступленне было такім удалым.

Акрамя таго, удзельнікі алімпіяды атрымалі і добрыя падарункі ад прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі — сертыфікаты на адукацыйныя паездкі ў Маскву і Санкт-Пецярбург.

Разам з Вікторыяй Мустафінай радуюцца і яе калегі па камандзе: тры дыпломы І ступені вязуць у Гомель навучэнка гімназіі № 10 Марыя Сідоранка і навучэнкі 51-й гімназіі Паліна Салміна і Яна Кікінёва. І калі для Яны гэта апошняя алімпіяда, то для Марыі і Паліны і яшчэ дзясяткаў таленавітых алімпіяднікаў працяг будзе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.