Свята высакароднасці і гонару

- 12:42Адукацыйная прастора

Навагодні баль для навучэнскай і студэнцкай моладзі з удзелам кіраўніцтва вобласці прайшоў 17 снежня на Віцебшчыне.

Запрашэнне на свята ў рамках на­вагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” атрымалі 40 пар лепшых студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна, а таксама навучэнцаў Віцебскага і Полацкага кадэцкіх вучылішчаў. Сярод іх — пераможцы Міжнароднага фестывалю мастацтваў студэнтаў-медыкаў і медыцынскіх работнікаў, конкурсу “Студэнт года”, рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый, лаўрэаты танцавальных конкурсаў, лідары валанцёрскага і студатрадаўскага руху і г.д.

— Навагодні баль ужо стаў нашай добрай і прыгожай традыцыяй, — вітаючы моладзь, адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Ён вяртае нас у гістарычную эпоху, калі высакароднасць і гонар былі на першым месцы. Прыемна бачыць тут сёння столькі годных юнакоў і дзяўчат. Упэўнены, што сярод вас многа не проста таленавітых людзей, а нават геніяў. І разам з тым усіх прысутных тут аб’ядноўвае адна агульная ўласцівасць — працавітасць. Не заўсёды бывае ў жыцці так, каб пастаянна шанцавала, поспех прыходзіць і сыходзіць, але поспеху заўсёды дасягае той, хто працуе і ўпарта імкнецца да вызначанай мэты. Вы ўзялі добры старт. Шчыра жадаю захаваць гэта і заставацца лепшымі, прымнажаць уласнымі дасягненнямі славу сваіх бацькоў і роднай зямлі. Набліжаецца ваш час: за вамі, сапраўды, наша будучыня! З надыходзячым Новым годам!

Затым, як і належыць на балі, юнакі і дзяўчаты ў суправаджэнні Сімфанічнага аркестра абласной філармоніі акунуліся ў свет паланэза, вальса, венгеркі, падэпацінера. Класічную частку балю дапоўнілі выступленні салістаў абласной філармоніі і заслужанага ансамбля класічнага танца “Піруэт”. Прыемнае дапаўненне да ўрачыстасці — гульнявыя забавы разам з Дзедам Марозам і Снягуркай. Завяршальныя акорды балю — абмен навагоднімі падарункамі, святочны феерверк і агульнае фота на памяць.

Таццяна БОНДАРАВА.