Свята, якое застаецца з намі назаўсёды

“Першага верасня — гэта свята, якое пачынаецца з першага званка і застаецца з намі назаўсёды. І для мяне вельмі важна раздзяліць гэты дзень разам з вамі”, — адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падчас святочнай лінейкі ў Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна.

Гэтая навучальная ўстанова займае ў жыцці прэзідэнта асаблівае месца — менавіта ў гэтай школе ён вучыўся і ў Дзень ведаў стаяў на лінейцы ў чаканні чарговага навучальнага года. “З тымі падзеямі звязана вялікая колькасць уражанняў, асабістых перажыванняў — самых розных. Але з часам усе яны сталі дарагімі сэрцу ўспамінамі. Гэтак будзе і ў вас”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дарослым заўсёды важна, каб дзеці ўсведамлялі каштоўнасць школьнай пары. Разумелі, што ўрокі, кантрольныя, экзамены — гэта свайго роду рэпетыцыя дарослага жыцця. “Каб прайсці гэты шлях дастойна і ўспамінаць яго з радасцю, трэба ўжо сёння цаніць кожнае імгненне, прымаць з удзячнасцю ўсё, што дае школа. І цяжкасці — у тым ліку”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Таму што менавіта яны вучаць пераадольваць сумненні і няўпэўненасць, выбудоўваць адносіны з аднакласнікамі і педагогамі, растлумачыў прэзідэнт і звярнуў увагу на тое, што гэты першы жыццёвы вопыт стане для кожнага сур’ёзнай апорай у будучыні.

“А тут і цяпер побач настаўнікі, якія заўсёды дадуць шанс выправіць памылкі, дапамогуць знайсці выйсце з любой сітуацыі, падтрымаюць і накіруюць. І, як паказвае практыка, самыя патрабавальныя, але ўважлівыя і мудрыя педагогі назаўсёды застаюцца ў памяці сваіх вучняў, часта з’яўляюцца для іх арыенцірам у выбары будучай прафесіі”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуўся да педагогаў і бацькоў, заклікаўшы вучыць дзяцей арыентавацца ў жыцці. Навучыць іх дзейнічаць, прымаць правільныя рашэнні нават у складаных, няпростых жыццёвых сітуацыях. “Жыццё цяпер набыло каласальныя маштабы ў сваёй хуткасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І трэба навучыць нашых маленькіх беларусаў, арыентуючыся ў гэтым жыцці, прымаць правільныя і хуткія рашэнні”. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што многія выпускнікі Александрыйскай сярэдняй школы сталі яе настаўнікамі. Тут ужо ёсць педагагічныя дынастыі. Прэзідэнт таксама ў свой час, атрымаўшы дыплом выкладчыка, вярнуўся сюды, каб зрабіць першыя прафесійныя крокі на малой радзіме.

“І я памятаю гэтыя ўрокі, асабліва ў 10 класе. Праз гады, куды б ні паклікаў абавязак, ніколі не страчваў сувязь з роднай зямлёй, — падкрэсліў прэзідэнт. — Яна падсілкоўвае, дае сілы і застаецца самай галоўнай апорай у жыцці. І я дакладна магу сказаць, што, толькі ведаючы гэты шлях дадому, можна ўпэўнена рухацца наперад. Хацеў бы, каб так было і ў вас. А наперад чалавека заўсёды вядзе натуральнае жаданне быць паспяховым і шчаслівым”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ўсё, аб чым мараць сённяшнія школьнікі, магчыма. “І ключ да вашай упэўненай будучыні — гэта веды. Без іх нікуды. Веды не дзеля адзнакі, а дзеля дасягнення высокіх мэт. Не павярхоўная інфармацыя, якая даступна ў любым гаджэце, у інтэрнэце, а глыбокае вывучэнне прадметаў”, — адзначыў ён.

“Так, мы жывём у эпоху інфармацыйных тэхналогій. Зазірнуўшы ў той самы гаджэт, можам імгненна атрымаць адказ на любое пытанне. Але не гэта робіць чалавека больш разумным і больш адукаваным, а лагічнае мысленне, уменне разважаць і рабіць правільныя высновы, абапіраючыся на ўласны інтэлект і эрудыцыю. Развіваць іх трэба ў школьным узросце, і лепшыя памочнікі на гэтым шляху — вашы настаўнікі і бацькі”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт упэўнены, што новы навучальны год абавязкова будзе паспяховым для хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны адразу будуць настроены на сур’ёзную працу. “Але, сыходзячы з галавой у свет ведаў, не забывайце, што гэта важна, але гэта не адзінае, што будзе важна ў вашым жыцці. Фізічная актыўнасць — лепшы адпачынак пасля разумовай нагрузкі. Больш кантактуйце, праводзьце вольны час на свежым паветры і абавязкова займайцеся спортам — для гэтага ў вас створаны выключныя, унікальныя ўмовы”, — параіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт пажадаў навучэнцам поспехаў і лёгкасці ў вучобе, педагогам і бацькам — разумення і мудрасці. І ў цэлым — захаваць святочны настрой першага дня на ўвесь наступны навучальны год.

Прэзідэнт падарыў роднай школе комплекс спартыўных трэнажораў, які складаецца са снарадаў для варкаўта і некалькіх трэнажораў. Навучэнцы, у сваю чаргу, падрыхтавалі для кіраўніка дзяржавы фотаальбом “Сцяжынкамi малой радзiмы”, выкананы ў тэхніцы скрапбукінг. Старонкі альбома расказваюць пра дзяцінства, студэнцкія гады, працоўную дзейнасць Аляк-сандра Лукашэнкі і дэкарыраваны ў адпаведнасці з тэматыкай фатаграфій.

Пасля святочнага канцэрта прэзідэнт наведаў размешчаны ў былым будынку Александрыйскай сярэдняй школы гісторыка-краязнаўчы музей і свой клас. Там Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з першакласнікамі і былымі настаўнікамі. Кіраўнік дзяржавы расказаў дзецям пра свае школьныя гады і правёў імправізаваны ўрок, а ў педагогаў пацікавіўся цяперашнім жыццём і ўручыў ім падарункі. Пад канец сустрэчы кіраўнік дзяржавы пажадаў усім настаўнікам доўгіх гадоў жыцця і сфатаграфаваўся з імі на памяць.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *