Свята з водарам хрызантэм

- 10:35Навіны рэгіёнаў

Кожны год у першыя дні кастрычніка пах хрызантэм, ласкавыя сонечныя прамяні і шапаткое жоўтае лісце пад нагамі прымушаюць нас задумацца аб школе і настаўніку, іх ролі ў жыцці кожнага. Менавіта ў гэтыя дні адзначаецца свята мудрасці, ведаў, працы, творчасці і майстэрства — Дзень настаўніка.

У кожнай навучальнай установе Мінскай вобласці прайшлі святочныя мерапрыемствы, а эпіцэнтрам і галоўным абласным святам стала ўрачыстая сустрэча ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. У гэты дзень былі ўсе неабходныя атрыбуты свята: шыкоўная зала, шчырыя віншаванні і пажаданні, добрая кампанія і шчодрыя падарункі.
Кіраўніцтва вобласці, чыю падтрымку адчуваюць педагогі ў рабоце, з задавальненнем раздзяляе радасныя хвіліны з настаўнікамі. Так, павіншаваць іх з прафесійным святам прыйшоў Іван Эдуардавіч Ліпніцкі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. “Перад тым як прыйсці да вас, я зайшоў да губернатара і запытаўся, што перадаць настаўнікам. І Сямён Барысавіч Шапіра сказаў падзякаваць вам за работу, за тое, што вы заўсёды і паўсюль наперадзе, за вашу актыўную пазіцыю, — расказаў Іван Эдуардавіч і ад сябе дадаў: — Дзякуй вам за тое, што вы робіце для дзяцей і для нашай дзяржавы”.
Цёплымі словамі вітала калег і Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. “Па закліку сэрца мы абралі высакародную, адказную і такую нялёгкую прафесію, якая патрабуе максімальнай аддачы — інтэлектуальнай, эмацыянальнай, фізічнай. Тым больш прыемна ўсведамляць, што наша праца неабходна краіне, грамадству, кожнаму чалавеку, — звярнулася да педагогаў Галіна Мікалаеўна. — Нам даручаны вялікія справы, і настаўніцтва вобласці працуе адказна і годна”. Красамоўным пацвярджэннем слоў начальніка ўпраўлення адукацыі служаць факты: на працягу мінулага навучальнага года за асаблівыя заслугі ў выхаванні падрастаючага пакалення 11 педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі Міншчыны былі ўдастоены дзяржаўных узнагарод, 886 адзначаны Міністэрствам адукацыі, 146 — Мінскім абласным выканаўчым камітэтам, больш за 5 тысяч атрымалі граматы і падзякі ўпраўлення адукацыі. Найвышэйшая ж узнагарода настаўнікаў — гэта перамогі вучняў. І такіх узнагарод таксама вялікае мноства: у 2014/2015 навучальным годзе навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Міншчыны былі ўдастоены 5 медалёў, 39 дыпломаў, 3 спецыяльных прызоў на рэспубліканскіх, міжнародных алімпіядах, конкурсах і турнірах. Гэта бясспрэчная заслуга іх педагогаў. Радуюць працоўнымі дасягненнямі і спецыялісты дашкольнай адукацыі, сістэмы ПТА і спецыяльнай адукацыі, педагогі дадатковай адукацыі, псіхолагі, педагогі сацыяльныя. Галіна Мікалаеўна пажадала педагогам, каб у жыцці ім спадарожнічалі згода і камфорт, у працы — прызнанне і павага, у сям’і — клопат і цяпло, а ў душы — лёгкасць і спакой.
За сваю плённую працу педагогі атрымалі ўзнагароды — ганаровыя граматы, падзякі Міністэрства адукацыі, Мінаблвыканкама, упраўлення адукацыі, галіновага прафсаюза. Горача радаваліся калегі за тых, хто на сцэне атрымаў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”.
Прыемным падарункам для гасцей вечара стала прадстаўленне на галоўнай драматычнай пляцоўцы краіны. Артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра парадавалі педагогаў мюзіклам-кабарэ “Местачковае кабарэ”.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.