Святая гара каля Крутагор’я

- 13:19Родная земля

Міжнародны дзень гор, які адзначаецца 11 снежня, можна лічыць і беларускім святам. У нас таксама ёсць горы. Канечне, яны хутчэй падобныя да ўзгоркаў ці курганоў, аднак па сваёй маляўнічасці, колькасці звязаных з імі легенд і паданняў не саступаюць знакамітым Альпам і Андам, Каўказу і Карпатам. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова некалькі гадзін прысвяціць падарожжу па самым горным раёне краіны — Дзяржынскім. Менавіта тут знаходзіцца частка Мінскага ўзвышша з найвышэйшай кропкай Беларусі — гарой Дзяржынскай, або Святой, а ў некаторых тапонімах і да сённяшняга часу захоўваецца корань “гор”.

Загадкавы туман

Туман не самы лепшы спадарожнік журналіста, асабліва калі адпраўляешся ў камандзіроўку з фотаапаратам і збіраешся рабіць здымкі не толькі ў школьным будынку. Пра панарамныя краявіды можна адразу забыцца, пра насычаныя колеры і выдатную кантраснасць таксама, адно выйсце — фатаграфаваць людзей або аб’екты з блізкай адлегласці. Але праўду кажуць: “Усё, што ні робіцца, — да лепшага”. Туман, які не так даўно ахутваў краіну, хоць і перашкаджаў фатаграфаваць, аднак зрабіў падарожжа па дзяржынскай зямлі крыху таямнічым, нават містычным.
Некалькі крокаў — і сярод суцэльнай шэрай сцяны раптоўна з’яўляліся дрэвы. Яны павольна праплывалі, а потым гэтак жа неспадзявана хаваліся ў тумане. Усё нагадвала знакамітае “Дзікае паляванне караля Стаха”. Здавалася, вось-вось — і ў тумане бясшумна з’явяцца сілуэты вершнікаў. А можа, гэтыя сосны і бярозы, што растуць на ўскрайку вёскі Скірмантава, і ёсць тыя вершнікі? Хто ведае, у тумане ж усё здаецца таямнічым, загадкавым… Гэтак жа раптоўна з’явілася і Святая гара, пакараць якую мы адправіліся разам з дырэктарам Скірмантаўскай сярэдняй школы Жаннай Барысаўнай Залатар, настаўнікам гісторыі Яўгенам Пятровічам Грыбам і настаўнікам інфарматыкі Васілём Сцяпанавічам Ярмоленкам. Хаця слова “пакараць” надта гучнае, правільней сказаць “падняцца па прыступках”.
— Ну і няхай сабе невысокая, усяго 345 метраў над узроўнем мора, затое яна можа быць не менш прывабнай для турыстаў, чым, скажам, любімыя беларусамі ўкраінскія Карпаты, — адзначыў Васіль Сцяпанавіч, калі мы падняліся на дах Беларусі.
Каб выраз “можа быць” як мага хутчэй ператварыўся ў “стала прывабнай” Васіль Сцяпанавіч разам з вучнямі ўжо многія гады даследуе мінулае роднай зямлі. Падчас гутарак з мясцовымі жыхарамі, працы ў архівах яны высвятляюць і аналізуюць падзеі, што адбываліся на працягу стагоддзяў у ваколіцах Святой гары, запісваюць легенды і паданні. У выніку пошукавай работы з’яўляюцца і новыя версіі, гісторыя цікава інтэрпрэтуецца. Канечне, некаторыя думкі скірмантаўскіх даследчыкаў могуць выклікаць у навукоўцаў усмешкі, аднак тое, што гэтыя версіі маюць права на існаванне, несумненна. Мы ж хочам, каб на беларускіх гарах адпачывала не менш турыстаў, чым у Карпатах і Альпах. Першы крок ужо зроблены: створаны гарналыжныя комплексы (адзін з якіх — Якуцкія горы — знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне). А вось наступным крокам павінна стаць шырокая папулярызацыя, у першую чаргу праз інтэрнэт, мясцовых легенд і паданняў. Напэўна, той, хто ацаніў усё хараство зімовых Альп ці Карпат, абавязкова захоча пракаціцца па схілах, скажам, легендарных Рыфейскіх гор, якія ўзгадваюцца яшчэ старажытнагрэчаскімі вучонымі. А для гэтага дастаткова будзе прыехаць у ваколіцы Святой гары, што знаходзіцца непадалёк ад былога Крутагор’я.

Беларуская рэальнасць старажытных міфаў

Некаторыя сучасныя навукоўцы лічаць (такой думкі прытрымліваюцца і скірмантаўскія настаўнікі), што легендарныя Рыфейскія горы, якія ўпершыню ўзгадваюцца грэчаскімі географамі ў VI стагоддзі да нашай эры і праз пяць стагоддзяў знакамітым александрыйскім географам Пталемеем, і ёсць Беларуская града. Яе частка, Мінскае ўзвышша, працягнулася з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і з’яўляецца водападзелам паміж басейнамі рэк Чорнага і Балтыйскага мораў. Тут выцякаюць рэкі Уса і Іслач, што нясуць свае воды ў Нёман, а потым у халодную Балтыку, і Пціч, воды якой праз Дняпро дасягаюць цёплага Чорнага мора. Калі ўважліва паглядзець на сярэдневяковыя карты, складзеныя на аснове працы Пталемея “Геаграфія”, то бачна, што размяшчэнне Рыфейскіх гор якраз адпавядае тэрыторыі сучаснай Дзяржыншчыны. Выпадкова гэта ці не?
— Мы лічым, невыпадкова. Канечне, грэчаская міфалогія цікавая і займальная, аднак цалкам праўдзівай можа быць версія, што перашкодай для старажытных грэкаў на шляху з Крыма на поўнач стала менавіта Беларуская града. Пазней у вікінгаў атрымалася пераадолець гэтую перашкоду, яны праклалі праз нашы землі валокі і стварылі тым самым знакаміты шлях “з варагаў у грэкі”. Сваю назву Рыфейскія горы, магчыма, атрымалі ад “ripa”, што значыць “круты бераг ракі”. Гэтая думка таксама сведчыць пра беларускасць легендарных гор. Многія ж нашы рэкі ледавіковага паходжання і маюць крутыя берагі. У сваіх даследаваннях мы звярнуліся і да прац сярэдневяковага вучонага арабскага паходжання Аль Ідрысі. У яго даследаваннях спалучаліся старадаўнія арабскія традыцыі і практычныя веды скандынаваў. Калі ўважліва паглядзець на яго карту, складзеную на аснове аповедаў скандынаўскіх купцоў, то можна заўважыць, што асноўны гандлёвы шлях з Чорнага мора ў Балтыйскае пралягаў не па Дняпры і Заходняй Дзвіне, а па Дняпры, Бярэзіне, Нёмане. Прычым возера Тэрм — гэта сучасныя прыпяцкія балоты, горы Марката — Беларуская града, а рэкі, якія цякуць з гор, — Уса і Іслач, — расказвае Васіль Сцяпанавіч.
Напэўна, вось гэтых аргументаў (у многім, канечне, спрэчных) дастаткова для таго, каб стварыць новыя турыстычныя маршруты па дзяржынскай зямлі. Назваць іх можна прыкладна так: “Услед за старажытнымі грэкамі”, “Беларуская рэальнасць старажытнагрэчаскіх міфаў”. Для гэтага неабходна ўсяго толькі жаданне ў надзеленых адпаведнымі паўнамоцтвамі людзей. І, канечне, экскурсіі па Мінскім узвышшы варта абавязкова дапоўніць легендамі і паданнямі пра Святую гару.

Не па-людску

Калі сучасная гара Дзяржынская атрымала сваю першапачатковую назву Святая і адкуль пайшла назва вёскі Скірманты, дакладна невядома. Пошукі Васіля Сцяпанавіча Ярмоленкі ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў бібліятэцы НАН Беларусі не далі дакладнага адказу. Застаецца толькі спасылацца на вусную народную творчасць. Мясцовыя старажылы гавораць, што ў даўнія часы каля падножжа Святой гары адбылася бітва паміж войскамі тутэйшага і татарскага князёў. У пачатку бітвы перад войскамі выйшлі два волаты і пачалі змагацца. Доўга яны змагаліся. У выніку перамог Скірмонт, у гонар якога і пачалі называць паселішча. Потым і ўсё войска татар было разбіта. Шмат тады загінула народу. Яшчэ доўгі час у ваколіцах вёскі падчас палявых работ мясцовыя жыхары знаходзілі крывыя татарскія шаблі.
Што тычыцца Святой гары, то, як мяркуе кандыдат гістарычных навук Эдвард Міхайлавіч Зайкоўскі, старажытныя славяне прасоўваліся на тэрыторыю балцкіх плямён у першую чаргу далінамі буйных рэк. Паколькі водападзел паміж басейнамі Чорнага і Балтыйскага мораў — гэта паласа ўзвышшаў, то ён быў сакралізаваны, тут знаходзілася шмат язычніцкіх свяцілішчаў. Адсюль і пайшла назва аднаго з іх — Святая гара. Па словах Васіля Сцяпанавіча, яшчэ варта засяродзіць увагу на такіх лацінскіх словах, як Sacra (ад лат. — святая) і monte (ад лат. — гара). Атрымліваецца, што з латыні Sacramonte перакладаецца як Святая гара, што сугучна назве былога маёнтка Радзівілаў Skirmunty. Аднак з-за недастатковасці доказаў гэтую сугучнасць варта лічыць выпадковай.
— Трэба заўважыць, што найвышэйшая кропка Беларусі — гэта наша гара Святая (345 метраў над узроўнем мора), на тры метры ніжэй — гара Лысая, якая з’яўляецца другой па вышыні ў Беларусі і дзе, згодна з легендамі, збіраецца нячыстая сіла. Пасля таго, як для калгаснага мехдвара раўнялася пляцоўка і бульдозерам было зрэзана каля трох метраў, вышыня гэтых гор стала прыкладна роўнай. Здаецца, працай рухалі цёмныя сілы, якія імкнуліся знішчыць Святую гару. Гэта, канечне, жарт. Аднак бульдозер вывернуў на паверхню шмат чалавечых костак. Іх проста закапалі, а зямлю пакрылі бетонам. Усё гэта не па-людску. Згодна з пададзенай намі ў райваенкамат заявай на вывучэнне характару пахавання, на гару прыязджала спецыяльная група з Віцебска, але яны нічога не знайшлі. Перш за ўсё таму, што капалі не ў тым месцы. Думаю, у далейшым, калі Святая гара стане сапраўдным цэнтрам турыстычнага паломніцтва, на ёй будуць праведзены больш дасканалыя даследаванні, — адзначыў Васіль Сцяпанавіч.

Наш Чэ

Мінулае — гэта не проста падзеі, а перш за ўсё асобы, а ў адносінах да Дзяржыншчыны ў першую чаргу варта назваць волата Скірмонта, хана Койдана і, канечне, Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага. Адносна яго асобы існуюць розныя меркаванні. Некаторыя навукоўцы малююць Дзяржынскага як рамантыка, рыцара рэвалюцыі. Адным словам, польскі Чэ Гевара беларускага паходжання. Іншыя лічаць яго жорсткім чалавекам.
На думку Васіля Сцяпанавіча, такія параўнанні з’яўляюцца крайнасцямі і не адпавядаюць рэчаіснасці. Дзяржынскі — чалавек свайго часу. Напэўна, больш справядлівым з’яўляецца яго параўнанне з тыповым апалячаным беларускім шляхцічам. Гэта быў чалавек, здольны на неардынарныя ўчынкі. Напрыклад, у самы рашучы для рэвалюцыі момант ён на пэўны час знікае. Як потым высветлілася, каб вызваліць з бяды сваіх родных. Вядома і тое, што ён дапамагаў беспрытульным дзецям. Пісьмы Дзяржынскага да родных, асабліва да сына Яся, напоўнены бацькоўскім клопатам і любоўю. Фелікс Эдмундавіч, нягледзячы на тое, што ўзначальваў УНК, двойчы звяртаўся з прапановай адмяніць смяротнае пакаранне, матывуючы гэта тым, што тэрор быў неабходны як часовая мера, з перамогай жа рэвалюцыі неабходнасць у ім знікла. Не выключана, што па той жа прычыне ён быў і ініцыятарам стварэння працоўных лагераў.
— Мы неаднойчы ў сваіх работах, напрыклад, “Гара Дзяржынская — найвышэйшая кропка Беларусі” і школьнай газеце “Люстэрка” пісалі пра тое, што гары трэба вярнуць першапачатковую назву. Гэтая назва ёй бліжэй. Яна сімвал пакут беларускага народа. Тым больш гара знаходзіцца побач з вёскай Скірмантава, якую ў часы Вялікай Айчыннай вайны разам з жыхарамі спалілі карнікі за тое, што яны ратавалі яўрэяў, — паведаміў Васіль Сцяпанавіч.

Сагналі і спалілі

Знаёміцца з лёсам вёскі Скірмантава ў часы Вялікай Айчыннай вайны лепш за ўсё ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі, экспазіцыя якога размешчана ў будынку сельскага Дома культуры. Умоўна экспазіцыю можна падзяліць на тры часткі. У першай захоўваюцца прылады працы нашых продкаў, прычым як шырока распаўсюджаныя (церніца, ткацкі станок, калаўрот), так і даволі рэдкі (напрыклад, самаробны дрыль). Другая частка — гэта аповед пра партызанскі рух у ваколіцах Скірмантава і карную аперацыю “Герман”, падчас якой 29 ліпеня 1943 года вёска Скірмантава была знішчана разам з жыхарамі (у жывых засталіся толькі хлопчык і дзяўчынка, якія ў гэты час пасвілі кароў, а таксама Раіса Паўлаўна Куніцкая). Трэці раздзел — гэта аповед пра сучасную гісторыю вёскі і школы. Не будзем падрабязна спыняцца на музеі, паколькі асноўная мэта нашага падарожжа — гэта беларускія горы. Адзначым толькі ўнікальны макет вёскі часоў вайны, што захоўваецца ў другім раздзеле. Чырвоная стужка на гэтым макеце праходзіць праз дамы, у якія перад знішчэннем былі сагнаны 182 чалавекі. Як паведаміў кіраўнік музея Яўген Пятровіч Грыб, ствараўся макет, як і ўвесь музей, пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы ветэрана вайны Сяргея Дзмітрыевіча Сіпача.

Адкрытае пытанне

Калі з мінулым Скірмантава можна пазнаёміцца ў музеі мясцовай школы, то пра лёс былога Крутагор’я паведаміць музей “Малая радзіма”, абноўлены пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы Алены Аляксандраўны Вецярэц і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Валянціны Мікалаеўны Казей, экспазіцыя якога дзейнічае з мая 2009 года ў сярэдняй школе № 2 Дзяржынска. Усе 152 экспанаты расказваюць у асноўным пра гісторыю райцэнтра ў ХХ стагоддзі і лёс педагогаў-ветэранаў. Тут захоўваюцца іх фотаздымкі, пісьмы з фронту, звесткі аб раненнях, пасведчанні аб узнагароджанні. Сярод іншых экспанатаў варта адзначыць камсамольскія білеты 30-х гадоў, узнагароды ВДНГ, копію даваеннай карты Дзяржыншчыны. Падчас экскурсіі кіраўнік музея настаўнік гісторыі Віктар Іванавіч Полцеў у першую чаргу сярод мноства імёнаў вылучае імя былога настаўніка фізічнай культуры ветэрана вайны Уладзіміра Аляксандравіча Валахановіча. Унікальны не толькі лёс гэтага чалавека, але і тыя звесткі пра мінулае Дзяржынска, якія ён збіраў па крупінках і ўсё акуратна занатоўваў у звычайныя вучнёўскія сшыткі — своеасаблівыя дзённікі. Дзясяткі спісаных акуратным почыркам лістоў — таксама экспанаты музея. Частка іх захоўваецца пад шклом, а частка ў электронным выглядзе.
У электронную частку экспазіцыі, сабраную Віктарам Іванавічам, уваходзяць і старыя фотаздымкі дзяржынскага гарадзішча. Як паведаміў кіраўнік музея, першапачаткова на гэтым месцы знаходзілася старажытнае паселішча, потым быў пабудаваны драўляны замак. Магчыма, менавіта яго намагаліся ў ХІІI стагоддзі захапіць татары, у выніку чаго адбылася легендарная бітва (легендарная, бо летапісных звестак пра яе, на жаль, не захавалася). У XVII стагоддзі на гарадзішчы быў узведзены мураваны кальвінісцкі збор і абнесены, нібыта замак, сценамі і вежамі. Менавіта гэты храм і адлюстраваны на старых фотаздымках электроннай экспазіцыі музея. Да сённяшняга часу захаваліся рэшткі тых веж. Адным словам, гарадзішча, якое з’яўляецца помнікам археалогіі, можа быць прывабным аб’ектам для турыстаў. Па-першае, гэта сведка багатага мінулага Дзяржынскай зямлі, а па-другое, калі падняцца на Кальвіншчыну (так называюць гарадзішча мясцовыя жыхары), то ўвесь горад будзе як на далоні. Вышэй толькі разгалістыя таполі, што, нібыта волаты, ахоўваюць створаную прыродай, чалавекам і гісторыяй дзяржынскую гару. Але ці стане гарадзішча прывабным для турыстаў? Гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым. Папера, пустыя бутэлькі — сучасная праблема многіх нашых помнікаў гісторыі, культуры, прыроды…
На жаль, таямнічы і загадкавы туман, які зусім нядаўна ахутваў нашу краіну, не дазволіў зрабіць панарамных здымкаў Дзяржыншчыны. Але, можа, гэта і да лепшага, усё роўна пачарнелыя дрэвы і самотная ў апошнія дні восені зямля выглядалі не надта ветліва. Цяпер жа, калі пасля доўгачаканага снегу беларускія горы апранулі белае зімовае адзенне, гэтая зямля ператварылася, заўсміхалася. Яна чакае гасцей!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.